Выбрать главу

Ён быў далікатным і вельмі сціплым чалавекам. Адораным і таленавітым. Дзіця вайны. Прадстаўнік філалагічнага пакалення.

На маю просьбу расказаць, як прыходзіла моладзь у літаратуру ў пасляваенны час, Іван Данілавіч адказаў наступнае: «Дзякуй, Зоя Іванаўна, за гэтае цудоўнае пытанне. Мне самому даўно карціць сказаць добрае слова пра дарагіх маіх паплечнікаў, сяброў, выдатных пісьменнікаў ХХ стагоддзя.

На мой погляд, дзеці вайны — магутнае літаратурнае пакаленне, якое працавала ў беларускай літаратуры шчыра, захоплена, апантана і стварыла сваю, сумленную і высакародную, літаратуру. Літаратуру ў літаратуры. Нібыта сам Бог пасля такой навалы, якую перажылі мы, злітаваўся над намі і падараваў нашаму прыгожаму пісьменству такую моцную і слаўную кагорту сапраўдных талентаў!

Мы, сіроты і партызанскія дзеці, галодныя і босыя, але багатыя душою, чыстыя і сумленныя, са шчырымі памкненнямі і асалодаю настойліва ўзяліся за працу.

Да літаратуры ў нас былі вельмі цнатлівыя і чыстыя адносіны — мы любілі яе і пакланяліся ёй. Яна была для нас сапраўдным храмам, і мы, перад тым, як увайсці ў гэтую святыню, доўга і цярпліва выціралі ногі. І ўсе мы яшчэ апантана любілі сваю Радзіму.

Мы ішлі ў літаратуру не кожны паасобку, а менавіта пакаленнем — плячо ў плячо. Таму і радаваліся не толькі сваім поспехам, але і поспехам сяброў і паплечнікаў.»

Так атрымалася, што мая гутарка з Янкам Сіпаковым, змешчаная ў № 1 часопіса «Роднае слова» за 2011 год, стала яго апошнім інтэрв’ю. 7 сакавіка, напярэдадні свята, ён тэлефанаваў мне, віншаваў, пытаўся пра нашы рэдакцыйныя справы і — раптам.

Стоячы з супрацоўнікамі рэдакцыі каля труны, я шаптала словы ўдзячнасці і малітвы. Як шкада, што так мала часу мы былі знаёмыя з Іванам Данілавічам. Дзякуй богу, што гэтае знаёмства і сяброўства было.

Ведаеце, мама, столькі святла сыходзіла ад гэтага таленавітага чалавека, столькі дабрыні і ні з чым не параўнальнай сапраўднай беларускай інтэлігентнасці!..

Некалькі месяцаў мы яшчэ па звычцы чакалі яго званка ў рэдакцыю.

На маім рабочым стале ў кабінеце галоўнага рэдактара заўсёды знаходзіцца некалі кніг. Яны — мой абярэг на сёння, заўтра і на будучыню. Сярод іх той незабыўны «Зялёны лісток.», з якога пачыналася наша сяброўства, з памят­ным дарчым надпісам: «Вельмі шаноўнай Зоі Іванаўне Падліпскай, якая так шчыра абараняла гэты вельмі дарагі мне «Зялёны лісток»,з неверагоднаю ўдзячнасцю і павагаю. З дабратою да ВасЯнка Сіпакоў».

Дай сілы, Бог

О Беларусь! Рамонкам белакрылым

Ты прарасла у сэрцы назаўжды.

І дай нам, Бог, знайсці, нарэшце, сілы,

Каб вызваліць свой край з нямой бяды.

Дай годнасці,

каб уваскрэсіць слова,

Не апускаць ад сораму вачэй.

Каб не стагнала беларусаў мова

Гаротнай падчаркай сярод дзяцей.

Дай памяці,

каб не забыць навекі

Крывінак след у росах дзірвану,

Каб звацца чалавеку чалавекам

Пад шчодрым небам колеру ільну.

Дай святасці,

каб пакланіцца Храму,

Які мы зневажалі столькі год.

Малюся ў Курапатах кожнай яме,

Дзе прычашчалі смерцю мой народ.

Дай мужнасці, сапраўднай дай адвагі

Прачнуцца ад сляпога забыцця.

Расплюшчыць вочы горкім бедалагам,

Дай сілы, Бог, а значыць — дай жыцця.

Феномен даследчыка і летапісца

Завяршаўся 2012 год, які быў абвешчаны Годам кнігі. Ён запомніўся шматлікімі прафесійнымі і культурна-асветніцкімі мерапрыемствамі, ушанаваннем юбілеяў класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма

Танка, арганізацыяй і правядзеннем рэспубліканскіх і міжнародных кніжных выстаў, сустрэч з пісьменнікамі.

Менавіта ў гэты час, пазначаны паважлівым стаўленнем да Кнігі, павышэннем яе ролі ў грамадстве, адбылася знакавая, на маю думку, падзея не толькі ў беларускай культуры, але і ў навуцы: выйшлі ў свет і высока ацэнены грамадскасцю кнігі-летапісы, кнігі-даследаванні пра старажытныя беларускія роды пісьменніка Анатоля Статкевіча-Чабаганава.