Выбрать главу

Кожны з герояў пісьменніка ўнікальны, са сваім адметным лёсам. Сэрца сціскаецца, калі чытаеш пра Аляксандру Іванаўну Карафа-Корбут (да замужжа Сацкевіч-Статкевіч), адну з васьмі сясцёр дзеда Анатоля Статкевіча-Чабаганава.

На пачатку Вялікай Айчыннай вайны Аляксандры Іванаўне было ўжо 72 гады. Два сыны і дачка пайшлі на фронт, трое сыноў — у партызаны. Праз некаторы час Аляксандру Іванаўну арыштавалі. Удзельнічаў у гэтым злачынстве і начальнік мясцовай паліцыі, былы старшыня сельсавета, які да вайны пужаў іх сям’ю раскулачваннем. Жанчыну доўга катавалі, але яна не выдала сваіх дзяцей-партызан. Праз некалькі дзён яе жывой закапалі ў зямлю.

Захапляе стойкасць духу Ганны Забэлы з роду Татураў, якая не скарылася і не змяніла веру, што прыняла ад нараджэння. Г анна Самуілаўна памерла ў 1855 г., застаючыся каталічкай.

Сярод шматлікіх герояў кніг Анатоля Статкевіча-Чабаганава — архіепіскап Полацкі Яўфімій і ігумення Полацкая Настасія, войт горада Магілёва, сакратар каралеўскі Пётр Казановіч, князі Юхневічы-Бербашы і ГлінскіяЛіхадзіеўскія, пачынальнік магутнага магнацкага роду Тышкевічаў Тышка Каленікавіч.

У год святкавання 200-годдзя Айчыннай вайны 1812 г. выйшла з друку чарговая кніга Анатоля Статкевіча-Чабаганава пра старажытны магілёўскі дваранскі род Казановічаў герба «Гржымала». Яна стала значным унёскам у беларускую і расійскую культуру, своеасаблівым падарункам як да Года кнігі, абвешчанага ў Беларусі, так і да расійскага Года гісторыі.

Многія з роду Казановічаў пакінулі яскравыя старонкі ў летапісе краіны. Узгадаем шасцярых сыноў Гаўрыіла Пятровіча Казановіча, якія сталі героямі Айчыннай вайны 1812 г.

Цікава, што вобраз аднаго з прадстаўнікоў роду, Барыса Ільіча Казановіча, рускага генерала Белай гвардыі, Аляксей Талстой паказаў у рамане «Хаджэнне па пакутах», нават не змяніўшы прозвішча.

Кнігі Анатоля Статкевіча-Чабаганава адразу прыцягнулі ўвагу крытыкаў і вядомых вучоных. Надрукаваны шэраг станоўчых рэцэнзій, водгукаў у часопісах «Роднае слова», «Полымя», «Архіварыус», «Минские епархиаль­ные ведомости», «Беларусь», у газетах «СБ — Беларусь сегодня», «ЛіМ», «Звязда», «Белорусская Нива», «Настаўніцкая газета», «Комсомольская правда» і інш.

У 2012 г. Анатоль Статкевіч-Чабаганаў стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва «За ўклад у вывучэнне і прапаганду духоўнай і культурнай спадчыны, стварэнне серыі гісторыка-дакументальных кніг «Я — сын Ваш», прысвечаным дваранскім родам Беларусі».

Часам за аналізам творчасці таго ці іншага пісьменніка неяк не звяртаецца ўвага на асобу аўтара. А між тым, пэўныя, здавалася б, нязначныя дэталі ці факты з біяграфіі пісьменніка могуць стаць ключавымі для разгадкі яго творчага дару.

Анатоль Статкевіч-Чабаганаў з дзяцінства ведаў пра прыналежнасць сям’і да старажытнага дваранскага роду, пра трагедыі, якія абрынуліся на сям’ю ў ХХ ст., і адна з іх — арышт і гібель дзеда, Міхаіла Іванавіча Сацкевіча-Статкевіча. Хлопчык адчуваў усім сэрцам той бясконцы боль, што давялося перажыць бабулі, Марыі Аляксандраўне, якую з малымі дзецьмі адправілі ў высылку ў Комі-Пярмяцкую акругу. З гадамі ўсё больш умацоўвалася жаданне даведацца праўду. А даведаўшыся, Анатоль Васільевіч зрабіў усё магчымае, каб данесці гэтую праўду да людзей. І шчырае сыноўняе слова ператварылася ў магутны гімн свайму роду, а таксама яшчэ дзясяткам старажытных беларускіх родаў, стала знакавай падзеяй не толькі ў Беларусі, але і за мяжою...

Беларуская навука, думаецца, яшчэ дасць грунтоўную ацэнку даследчай дзейнасці Анатоля Статкевіча-Чабаганава. Але і цяпер ужо відавочна, што гэта — фенаменальная падзея ў культуры і гісторыі нашай краіны. Адзін чалавек, быццам парастак магутнага радаводнага дрэва, змог аднавіць, дакладна вывучыць, даследаваць і зберагчы для нашчадкаў гісторыі тысяч лёсаў далёкіх продкаў. І якім абярэгам адразу паўстае іх духоўная энергія для сучаснікаў і тых, хто яшчэ народзіцца на свет! Як мацуецца жыватворнымі сокамі магутнае радаводнае дрэва!

Вітаючы шматлікія дасягненні пісьменніка, жадаем яму цікавых адкрыццяў і плёну ў нястомных даследчых пошуках. Чакаем яго новых твораў, якія стануць яшчэ адным значным унёскам у развіццё і захаванне беларускай культуры.

Калектыў «Роднага слова» і я як галоўны рэдактар усцешаны тым, што самым непасрэдным чынам далучыліся да рэалізацыі праектаў гэтага вядомага пісьменніка, даследчыка і летапісца.

Карані і крылы. Татаршчына — 2014

Мамачка, сёння, 3 мая 2014 г., у нашай сям’і незвычайна знакавая падзея. Мы садзім у Татаршчыне сямейны сад — яблыні, грушы, вішні, слівы, чарэшні, персікі, нектарын, абрыкосы. Пасадзілі два абляпіхавыя дрэўцы і нават некалькі кусцікаў бэзу з манькоўскага падвор’я бабулі Арыны.