Выбрать главу

Р. S. 30 жніўня 2014 г. завяршылі работы па ўсталяванні апоры і электралічыльніка. Ура! У нашым гасцявым доміку з’явілася святло!

Пахне бэз

Давала ўжо не раз сабе зарок:

Самотных вершаў думаць

                                    больш не трэба.

А памяць, як маланка,

                                назнарок

Цаляе ў рыфму, рассякае

                                      неба,

Куды гляджу з надзеяй

                                  і тугой,

Дзе ўвечары гаюча свецяць

                                         зоры.

Мне б развітацца з ціхаю

                                    журбой

І адпусціць бязладнае «учора».

Няхай грымоты, і сцяною

                                       дождж.

Сугучна думкам водная стыхія.

...Зноў пахне бэз. І ветрык

                                       басанож

Бяжыць у верш, прасветлы

                                         і шчаслівы.

Сталае пачуццё

Вось і прыйшло яно, нарэшце, сталае прыгожае пачуццё. Калі дыхаеш з любым адным паветрам, калі прыхінаешся шчакою да роднага моцнага надзейнага мужчынскага пляча і адчуваеш найвялікшую, наймагутнейшую абароненасць у свеце. Калі сэрцы нашы б’юцца ў такт. І калі ты яшчэ толькі падумала, а ён ужо дакладна ведае, што ты хочаш сказаць.

Так, мама, Бог падарыў мне сустрэчу з чалавекам, да якога я ішла праз усё сваё свядомае жыццё. Ведаеце, каханне ў сталым узросце крыху іншае, як у безагляднай маладосці. Цяпер па-іншаму адчуваецца і жывецца. Цяпер цэніш кожнае імгненне, і цяпер цэняць цябе. Жывуць тваімі клопатамі, радасцямі і праблемамі. Не рамантычна абяцаюць, а робяць сапраўдныя ўчынкі. Калі і гаварыць пра каханне не трэба — кожны крок і ўздых, кожная секунда жыцця пранізана гэтым усеабдымным пачуццём. Зямным, шчырым, чалавечым.

А можа, так адбываецца таму, што ён пасланы мне Богам і лёсам. А ўсё тое, што было да гэтага, — вялікая каштоўнасць у жыцці, ды не мая.

* * *

Аберажы мяне ад звадак і нягод.

Засцеражы, накрый крылом пяшчоты.

Мелодыяй світальнаю употай

Ўдыхні жыццё у сцішаны радок.

Стань лірнікам, шчаслівым вестуном

Маіх нязбытых смелых летуценняў.

.Загадкавасцю казачных імгненняў

Вясна ваўсю шчыруе за акном.

Наш добры знак, жыццёвы абярэг —

Забыты хмель чаромхавага рання

І вечная мелодыя кахання

У абуджэнні паўнаводных рэк.

Жаночы лёс

Столькі святла, цеплыні і блакіту!

Сэрца спявае, радасць — наросхрыст!

Сіняя сінь — то валошкі у жыце.

Белая бель — то жыцця майго вёсны.

Куфар гадоў напалову запоўнен,

Ды не стаміліся ткаць яшчэ кросны.

Хвалі пачуццяў. Надзейны мой човен.

Зоры начамі мілуюцца ў плёсах.

Доўга да шчасця душу рыхтавала,

Кужаль свой шэры адбельвала ў росах.

Вось і кладуцца так гожа і стала

Лёсу палотны, як травы ў пракосы.

Столькі святла, цеплыні і блакіту!

Рунь збажыной стане спелай аднойчы.

Любы мой, светлым каханнем спавіты

Сноп нашай долі, як лёс мой жаночы.

Жыццё прадаўжаецца...

Боль ад страты самага дарагога ў свеце чалавека, Вас, мама, назаўсёды пасяліўся ў сэрцах Вашых дзяцей.

Кожны раз, калі надыходзіць жнівень, думкі мае міжволі апынаюцца ў тым трывожным месяцы 1972 года. Ізноў вяртаюцца ў дзяцінства, і яскрава бачыцца кожная хвіліна таго трагічнага 24-га дня.

Але жыццё прадаўжаецца. Кожным ранкам узыходзіць сонца, дае цяпло і святло людзям. Радуюць поспехамі дзеці. Кожнага дня кліча да сябе любімая работа, маё «Роднае слова». Свежым ветрам і чыстаю расою лечыць мае душэўныя раны і трымае на свеце моцнае і светлае маё апошняе каханне. Пішуцца новыя вершы. Наталяецца душа добрай музыкай. Шануюць родныя, наша вялікая і дружная сям’я, захоўваючы ў душах нерастрачаную любоў і бязмерную ўдзячнасць да Вас. Шанцуе на добрых людзей, калег і сяброў. Радуе і дае новыя сілы для жыцця і творчасці сямейны сад. Імкнуцца галінкамі ўвысь, да святла і сонца, два мала дзенькія клёнікі, пасаджаныя восенню Ларысай да майго дня нараджэння на нашым уласным падвор’і ў Татаршчыне.

Сёмага кастрычніка, мама, у мяне юбілей. Ваша маленькая Зоя стала не проста дарослаю. За плячыма цэлае паўстагоддзе складанага, але і шчаслівага жыцця!

Я распавяла Вам пра многае, а колькі яшчэ па-за радкамі маёй шчырай споведзі! Але пра гэта іншым разам.