Выбрать главу

Алесь Гарун

Матчын дар

Гэту першую кніжку

думак і песьняў сваіх

матцэ сваёй прысьвячаю

1. Людзям

Люблю і я скляпеньне зор, Люблю зямлі абшар, I роўны луг, і ўзгібы гор, I шум лясны, і гвар. Люблю жыцьцё, а ў ім людзей I кшталты іхніх душ, Люблю вянкі плясьці з надзей, — А не паэт. — Чаму ж?          Часамі праца ўдзень кіпіць, —          Цярплю і я прыгон, —          Аж косьць аб косьць ў плячу рыпіць…          Пачуеш ў сэрцы звон…          Ухопіш зык, за ім другі,          За тымі больш ідуць,          Зьліюцца ў шых даўгі-даўгі          І цэлы дзень гудуць.          Загасьне дзень, іду дамоў,          Кладуся спаць, — і ў ноч          Цякуць радкі зьвінючых слоў,          І сон адходзіць проч.          Тагды пішу. Перад вачмі          Нясецца зданьняў рой,          І хтось стаіць па-за плячмі,          Здаецца, блізкі, свой.          Абыйме шыю пара рук          І кос дзявочых шоўк,          Ўзмацніцца ў сэрцы мерны стук,          А звон ў душы ня змоўк…          Зірну: пакой пусты, няма…          А час сьлізнуў, як вуж.          І за вакном радзее цьма…          А не паэт… — Чаму ж? Бо мой прыгон глытае час, Мне воля — рэдкі дар. Такіх паэтаў шмат у нас, Дзе сам народ — пясьняр. Сваіх тут жменьку я сьпісаў Маркотных песьняў-дум; Маёй душы іх сам сьпяваў Па краю родным сум. Скажу яшчэ, чаго б хацеў: Зь дзявочых вуст пачуць Хаця б адзін мой бедны сьпеў, Хаця б калі-нібудзь!

Роднаму краю

2. *** Чаму з маленства…

Чаму з маленства, з ураджэнства            Ў жыцьцёвы май Ня ўмеў, як маці, шанаваці            Цябе, мой край? То ж я з тваёю ключавою            Сьвятой вадой Напіўся болю аб нядолі,            Бядзе людской. То ж ты, мой хмуры, даў мне пануры            І ціхі гнеў, А днём падчасным, так пекным, ясным,            Надзею грэў. Твае ж курганы, лясы, паляны,            Дубкоў тых шум, Палёў абшары, люд бедны, шары            Мне далі дум. А дум тых многа… Не, не убога            Ты даў мне іх. I ты ж, як маці, наўчыў сьпяваці            Аб думах тых. Я браў, ня бачыў і не адзьдзячыў            Табе нічым, Бо счараваны — цябе, ўкаханы,            Ня знаў саўсім. Цяпер хоць знаю, дык што ж параю            Ад позьніх скрух? Ў чужой краіне паволі гіне            За целам — дух. Вазьмі ж хоць сьпевы, дум перапевы            Лясоў тваіх. З тваёі глебы, з тваёга неба            Узяў я іх.

3. Начныя думкі

Часам я ўночы сны дзіўныя бачу: Роіцца нейкі нязьведаны край, Повен то шчасьця, то жаласьці, плачу, То зло-хмурлівы, то сьветлы, як рай.          Бачу вялікія стэпы з-над Нёмна;          Туліць у сьлёзах матуля сынка;          Сьцелецца пушча глухая і цёмна;          Косьці з магілы глядзяць бедака… Бачу я: жоўтае жытняе поле Коласам ціха шуміць-шалясьціць; Межы, курган векавечны і хвоя; Каня з аднэю малітваю «піць».          Траўка ў ляску у цяню вырастае,          Корміцца сокам зямелькі сырой;          Птушка шчабеча — людзей пацяшае;          Льецца крынічка, плюскоча вадой. Ночкай ля рэчкі раздольна, прывольна! Гуртам русалкі сьмяюцца, пяюць, Кветкі купальскай шукае бяздольны; Зь зельлем шаптухі паціху снуюць…          Хочацца быць мне ў тым краю нязнаным,          Хочацца край той абняць з прастаты          Хочацца крыкнуць: гэй, краю каханы,          Будзь мне, як маці, будзь родным мне ты! Дай мне зрабіцца крынічкай лясною, Бераг вадой абмываць, цалаваць; Дай мне век цэлы дружыці з табою, Хвойкі і зоры ў сабе адбіваць.          Дай мне купальскую кветку у рукі,          Путы жалезныя мне разьвяжы,          Дай ты мне зельля на гора і мукі,          К шчасьцю гасьцінец мне дай, пакажы!