30. *** Дзяўчыначка-сэрцо…
Дзяўчыначка-сэрца, сябе не трывож,
Ня песьці надзеі і жалю ня множ.
З табою пабрацца мне волі няма, —
Даўно заручыўся я ўжо са трыма:
Айчызна, — я ёй у няволі жыву,
Штоноч яе бачу, маўляў, наяву,
За ёю сумую, журуся адно,
Бо шчырым каханьнем зьвязаўся даўно.
Другая: матуля. Радзіўся калі
I голас мой першы падаў на зямлі,
Замучаны твар усьміхнуўся яе:
«Сыночак мой любы», — вітала мяне.
Аб трэцьцяй, дзяўчынка, скажу, што яна,
Другое ня знойдзеш — на сьвеце адна:
За краты няволі паслала «люблю»,
Дык хіба ж з табою яе падзялю?
Пакінь жа, галубка, з каханьнем сваім!
Шукай сабе шчасьця за кім за другім;
Пяшчоты, залёты ня траць ззадарма,
Даўно заручыўся я ўжо са трыма.
31. Мая люба
У любы маеі дый косы ільняныя й вочкі нябескія,
Губкі вішнёвыя;
I шчочкі ружовыя, шыйка і ручкі, як бель лебядзіная, —
Грудкі пуховыя;
I голас у любай, як ў лесе зьвінючай, бліскучай крынічанькі
Сьпевы адвечныя;
А ўсьмешка каханай — ў зялёным аксаміце лугу мурожнага
Перлы сланечныя;
Ідзець каралеўнаю, добрай, ласкаваю, роўнай паходкаю,
Ціха ступаючы;
Заўсёды ўсьміхаецца думцы захованай, ў сэрцы мілосную
Песьню сьпяваючы;
Вяночкі штовечара ў рэчку спушчаючы, кажа: «Плывіце вы
Разам з вадзіцаю!
Скажэце каханаму: станем прад Богам мы параю шлюбнаю,
Хоць бы з грамніцамі».
А гэтак далёкая! Так яно, зорачка захаду раньняя,
Будзе і станецца.
Над нашым каханьнейкам людзі ня сільныя, леты ня ўластныя —
Хай жа мінаюцца.
32. *** Хто сказаў…
Хто сказаў: «I я з народам»,
Хто зь ім поплеч стаў, як з братам,
Хто пайшоў зь ім роўным ходам
К роўным зыскам, к роўным стратам, —
З тым і я. Няхай жа ліча,
Будзе трэба — хай пакліча.
Хто ж сказаў, а потым здрадзіў,
Хто пайшоў, а потым кінуў,
Хто ў душы сумленьне згладзіў,
Ў кім апошні сорам згінуў, —
Хай дрыжыць. У дзень прысуду,
Ў страшны дзень, я сьведчыць буду!
33. Ідуць гады
Ідуць сабе гады, ідуць,
Бы карагод, бясконца,
Што ў небе зорачкі вядуць
Ля месяца, ля сонца.
Ідуць сабе гады, ідуць —
І чалавек за імі.
Куды цябе яны вядуць
І сьцежкамі якімі?
«Няведама мне, скуль усё і што я;
Няведама мне сама сьцежка мая,
Няведама мне, і куды я іду.
Пытаньня ня маю, ці што там знайду,
Ня ведаю жыцьцё, ці шчасьце, ці не, —
Пачалося гэта, браток, не на мне».
Ідуць гады, ідуць гады,
І зь імі ўсё на сьвеце.
Сягоньня ты, а йшлі дзяды,
А заўтра пойдуць дзеці.
Ідуць гады, і ты ідзеш
Ўздагонь за імі, зь імі.
Нашто, скажы мне, ты жывеш
І з думкамі якімі?
«З аднэю я думкай у сьвеце жыву,
Настаўнікам ўзяўшы і лес і траву,
Крыніцы, і кветкі, і цемру, і сьвет,
І месяц, і зоры, і сонца прывет.
Прысуджаны шлях свой рабі дарагім,
Красуйся на радасьць сябе і другім».