Выбрать главу

34. Навука

Казаў настаўнік мне (ён блізкі быў Прароку, Які жывым узьняўся ўвыш, ў блакіт нябескіх сфер): «Мой сын, з пачатку мы падуладны пану-Року —                               У гэта вер. Які бы крыж табе ні выпаў ў жыцьці гэтым: Галеці век чы быць царом і царскі мець пасад, Ў балоце бросьнеці чы йсьці к нязнаным мэтам, —                               Яго загад. I вось калі табе трываць ня хопіць змогі, I цяжкім здасца крыж табе і доля вельмі злой, Ня трэба, сын, шукаць лягчэйшае дарогі, —                               Ідзі старой. I мусіць час настаць: убачыш сьвет праменны, — Ідзець ўладар адвечны твой, яго спаткай здалёк, Узьдзеўшы бітвы меч на свой паяс раменны.                               I скажа Рок: «Ідзі хутчэй, слуга! Спавіты сьвет маркотай, Ў ім крыўды легіён забраў зямлі апошню чвэрць, Нясі ж свой праўдзе меч. — Мой сын! ідзі з ахвотай                               На чэсьць і сьмерць».

35. Адбітак

Дзіўлюся я на зьзяньне ясных зораў, — I сумна-сумна так, што я ня разам зь імі, Што жыць ня лёс мне ў вышыне нагорнай I сьцежкамі хадзіць па небе залатымі.
Сярод нязнаных мне, ня бачаных прастораў Раўнінай той, што зьвецца Бесканечнасьць, Я лётаў думкаю б і воляй непакорнай I, можа б, там пазнаў цябе, Адвечнасьць.
Дзіўлюся я на зораў ясных зьзяньне, На сьцежкі іх, ўсё тыя ж, як прад векам, I сумна гэтак мне, і родзіць сум пытаньне: Нашто пачаўся я ад Бога — чалавекам?

36. *** Як ліст вярбінкі…

Як ліст вярбінкі маладой, Што вецер злосны адарваў I кінуў ў рэчку і з вадой У даль няведаму пагнаў, — Плыву сабе. Рака мая — жыцьцё, Па ёй плывуць і кветкі і сьмяцьцё. Я раз спытаўся у вады: — Скажы, адкуль ты прыцякла? Яна сказала: — З-пад грады Каменных гораў уцякла. — Куды ж бяжыш? — Цяпер бягу над спад У мора сіняе. — А вернесься назад?
— Над мной закон — колазварот. Плыву я з мора ў акіян I стуль зьбіраюсь ў паварот, Калі узьнімецца туман I ўзьляжа ноч. Лячу хутчэй тагды, Цячы ракой з-пад горнае грады.
Як ліст вярбінкі маладой, Што вецер злосны адарваў, I я плыву сваёй ракой, Жыцьцём якую хтось назваў. Нясець яна і кветкі і сьмяцьцё… А ты ж скажы, ці вернесься, жыцьцё?

37. Нізнаны госьць

Дзіцятка малое у жыцьце прыйшло. Спытаўся яго я: — А дзе ж ты было? Скажы мне, пісклятка, ў якіх гарадох? Скажы мне, дзіцятка, ў далёкіх краёх? Скажы, анялятка, ці доўга блукаў? Скажы мне, ягнятка, каго ты спаткаў? Скажы мне, малое, ці быў ты ў раю? Скажы, залатое, ці долю сваю У Эдэме ўбачыў, спаткаў, палюбіў Ці што, неабачны, благога зрабіў? Напрыкрыўся ў небе? Ці сум сустрачаў Па іншаму жыцьці, што гэтта пачаў? Скажы мне, малое! Хачу я пазнаць, А дай, залатое, цікавасьць спагнаць.
I ціхай задумы заслона зыйшла З спакойнага твару, і хмарка найшла, З блакітненькіх вочак, што зь неба прынёс, Скаціліся сьлёзкі — дзьве пэрлінкі сьлёз. Аб чым яно плача? аб райскіх садох? Аб кветках праменных? анельскіх сьпявох? Аб чыстасьці, яснасьці, сьвятасьці душ? Тварца маястатнасьці? Дзеткі, чаму ж? Аб чым ты заплакала? Мне у адказ Скаціліся новых дзьве пэрлінкі ўраз.

38. Матчын дар

Як радзіла маці мяне ў цёмну ночку, Дык дала скрыпіцу: «На, іграй, сыночку! Грай сабе на шчасьце, грай на добру долю, Грай на век даўгуткі, грай на вольну волю». Помню, дзіцянёткам з тугой я ня знаўся, Жыў, як тая птушка, граў і забаўляўся; Дзень мне быў спакойны, ўночы сон бязгрэшны, А цяпер застаўся я навек няўцешны. Ой, чаму ж, матуля, жыцьце-скрыпку дала, Як іх шанаваці дый не навучала? Гэта ж падзівіся — я адкрыцца мушу, Што сапсуў скрыпіцу, што згубіў я душу. Здаўна, сівакрыла, шчасьця я ня маю, Долі я ня бачу, радасьці ня знаю. Граю, праўда! граю… А на сэрцы важка, А у сэрцы больна, аж трываці цяжка. Тыя не прыходзяць песьні-весялушкі, Як пяе зямліца, як шчабечуць птушкі. Жаль з нудой заплачуць, глуха як зайграю… Маю я скрыпіцу, а душы — ня маю!