39. Змора
М. В.
Сэрца, спаць хачу я, спаць!
Заўтра рана ўстаць мне, ўстаць.
Вочы сьлепіць сон мне, сон,
Ў вуха шэпча ён мне, ён:
— Не журыся, палажыся, адпачні,
Мардаваньне, сумаваньне адгані.
— Заўтра зрана, сьвет ня сьвет,
Выйдзеш з хаты з гэтай, з гэтт,
Стаць на працу мусіш, стаць,
Здаць прыгоны мусіш, здаць.
Не мардуйся, не крапуйся, адпачні,
Думаваньне, сумаваньне адгані!
Рыбка, спаць хачу я, спаць!
40. Літаньне Адзіноце
Зноў я прыходжу у часе зьмярканьня
Складаю Літаньне, нясу Табе даньне
Ад сэрца свайго, Адзінота;
Можа, раней, як яшчэ не радзіўся,
Табе быў адданы, Табе прысудзіўся;
Крулева мая, Адзінота;
Можа быць, маці, калі спавівала
І ночы ня спала, над люлькай сьпявала,
Аддала Табе, Адзінота;
Меў я ад родных пяшчоты — упады,
Мне мамка-галубка і ўсе былі рады,
А Ты — над усіх, Адзінота;
Ты надавала мне брэдняў у садочку
Ля хаткі радзімай, ў вішнёвым куточку,
Дзіцяці яшчэ, Адзінота;
Ласка Твая, што ўсяго навучыўся,
Ў жыцьцё, і ў людзей, і ў Цябе улюбіўся,
І воля Твая, Адзінота;
Сьмерцю сваёю — ці наглаю згіну,
Ніколі Цябе я ужо не пакіну, —
Ня здолеці мне, Адзінота.
Часам Табе пасылаю праклёны,
Зубоў скрыгітаньне, уразаў мільёны
Ўладаньню Твайму, Адзінота;
І дух непакоры, руіны, паўстаньні
Над ўсе пераможны, кідае ў расстаньне,
Абы ад Цябе, Адзінота;
Потым прыходжу пануры, пахілы,
Хачу падзівіцца на вобраз Твой мілы,
Пякнейшы за ўсё, Адзінота!
Ты ж, як матуля, прытуліш і прымеш,
Ашушкаеш ласкай і тугу сунімеш,
І зноў я з Табой, Адзінота!
Гэтак, нявольны ніколі сабою,
Прыходзіў сягоньня па спрэчцы з Табою
Ў пакоры. Прымі, Адзінота!
41. Начлег
Сьпіць душа, і розум сьпіць,
Смачна, без трывогі,
Піць і есьці, есьць і піць —
Клопат ўвесь нямногі.
Лёгка так. Ня маеш дум…
Ў прочках гдзесь маркота…
Боль прайшоў, уняўся сум, —
Спаць адно ахвота.
Сьпіць душа… і розум сьпіць!
Часам нехта ўзбудзіць,
Нібы ўстыдзіць, нібы кпіць,
Нібы крышку судзіць:
«Сорам, брат…» А далей слоў
Я праз сон ня чую.
Зьнікне голас, ціха зноў…
Ў ясны дзень — начую.
42. *** Скажы, братухна…
Скажы, братухна, калі параньне?
Калі сьвітаці пачнець у нас?
Прамчыцца ночка, і сонца ўстане,
I дасьць вясельле, і дасьць пакрас?
Скажы, братухна, калі прачнуся
Ад тэй навалы, ад тэй жуды
І зь ветрам буйным гуляць пушчуся
На сьвет, на людзі ці хоць куды?
А можа, браце, і сонца ўстала?
I льець праменьні на лес, стэпы?
Ды так глыбока душа запала,
Што я нявістны, што я сьляпы?
43. Ноч
У гэту ноч мне няўмоч —
Няма сілы чакаць і маліцца…
Каб я ўмеў, каб я сьмеў
Узьляцець, паляцець ці разьбіцца!
Як сакол, як арол,
Я падняўся б высока страшэньне,
Я б узяў, я б украў
І сабе і усім адпушчэньне.
Калі ж не, калі б мне
Адпушчэньня на небе ня далі,
Я б маліў, я б прасіў,
Каб і крыльлі мае паламалі.
І тады, наўсягды
Папрашчаўшыся б зь небам, зямлёю,
З гарыні, з вышыні
Паляцеў бы за сьмерцю сваёю.
Але ж не, то ня мне
От такая вялікая доля:
Узьляцець-паляцець
Ці упасьці разьбітым на попе.
Не пры нас сьвяты час
Вызваленьня людскога настане,
Мо’ празь век чалавек
Да вялікага жыцьця устане.
Безь бяды, без жуды
Будзе жыць-панаваць, весяліцца;
А для нас — цяжкі час —
I чакаць, і цярпець, і маліцца…