Выбрать главу

44. З. Б-ку

Хрыстос нарадзіўся! Хрыстос нарадзіўся! Сьпяваюць у небе анелі: Збавіцель для сьвету на сьвеце зьявіўся, Збавіцель, якога ня мелі!
         «Хрыстос нарадзіўся!» Каб гэтая праўда          З’ісьцілася, браце, сягоньня…          Каб ўстала на сьвеце вялікая Праўда,          Што крыўду у цемры прагоне.
«Хрыстос нарадзіўся!» Ці ж мала мы чулі Такую зь нябёс абяцанку? А вочы свае ледзь ад сну разамкнулі, — Няма і ня відна паранку!
         «Хрыстос нарадзіўся!» А дзе ж яго знакі?          Цяпер я Тамаш і ня веру.          Здаецца мне сьвет, як і быў, адзінакі,          А ў ім лютаваньне над меру.
«Хрыстос нарадзіўся!» Не, хіба што будзе Яго нараджэньне. Мы знаем, Яго дачакаюцца іншыя людзі, — Ня мы дачакаем.

45. Малітва

Я бачыў: Сын Яго стаяў На пушчы і маліўся I словы ў гневе прамаўляў, А твар слязьмі абліўся. — Ах, дай мне, Ойча, моцных слоў! Маланак слоў палючых, Бо кроў мая сачыцца зноў Із ранаў тых балючых… Дзівіся, Пане, слабы я, Саўсім ня маю сілы; Гарыць, баліць душа мая, — О, дай жа моцы, Мілы! Паглянь: паўсюдах з краю ў край Рабунак, глуз пануюць, I льецца сьмех тых чорных зграй, I ўсё зь зямлёй раўнуюць. Зірні: дзе пекнасьць тая, што Надаў нам, Міласьцівы? Тваіх правоў трымае хто, Братэрства, згоды хцівы? Схініся к нам Ты і абач: З гадзінай горш жывецца, Цяжэе боль, мацьнее плач, Галоў ўсё болі гнецца. Паслухай ноччу, ўдзень, Сьвяты, Скажы маўчаці звонам, — I колькі жальб пачуеш Ты! Зямля азьвецца стогнам… Узглянь: навокал чорны сьвет, Прыцьмена праўды слонца, Надзеі ў людзях болей нет, — Пашлі ж ім Абаронца! Ах, дай мне, Божа, гэткіх слоў, Зямля б ад іх траслася!.. Баляць бо раны мае зноў, I кроў зь іх палілася… Пашлю тады маланкі ў люд, Ў бясшчасны той брадзіці, Блішчэць, яскравець там і тут, Праўдзівы гнеў будзіці. Мільёны кіну перуноў У тых, каго я знаю, У тых, маю што сочуць кроў, У тую чорну зграю. Тагды ізноў, як колькі раз На сьвеце ўжо бывала, Настане Твой вялікі час, Твая засьвеціць хвала. Малюся ж, — дай мне гэтых слоў! Сцаліш мяне, паможаш; Гарыць душа, баліць ізноў… Вялікі! дай, як можаш!

46. Паэту

Што кажаш мне, паэт, a праўдзе тэй, што будзе? Мне сэрца кроіцца ад крыўды нашых дзён! A бачу добра й сам: ідуць да праўды людзі, Расьцець яе жаўнер, і шырыцца загон Марудна, братачка! I покуль сонца ўзыдзе, Дык вочы выесьць нам салёная раса, I покуль першы дзень людскога шчасьця прыйдзе, Мільёны сэрц праткне гароты злой каса.
Пакінь, пакінь сьпяваць а праўдзе тэй, што ў небе! Яна чужая нам, таемных праўда сіл; Яна ня сходзіць к нам ў канечнае патрэбе, Калі пакуты дзень так довег і ня міл!
Прашу цябе, мой брат, сьпявай аб нашым горы, Аб тым, што ёсьць цяпер і што даўней было, I што на ўсякі твар кладзець, як плуг, разоры, I што ў мільёнах душ разоры правяло. Прашу цябе, сьпявай аб горы песьнь адну ты I наш гаротны лёс рабі яшчэ цяжэй, Тагды, убачыш сам, парвуцца духа путы I будзе ясны дзень да нас тагды бліжэй.