Выбрать главу

55. Салавейка

Салавейку ўзялі ды з гаю, Пасадзілі у клетку за краты?                  У маю                  Тэй страты Найцяжэйшай дазнаў салаўюшка.
Распусьціўся лісток на дубочку, Апранулась зямелька у краскі;                  А ў ночку,                  А з ласкі Не сьпявае ніхто над рачушкай.
Ой, чаму ж, салавейка, ты болі Чараўнічых сьпявоў не счыняеш?                  Што волі                  Ня маеш I сьпяваці ня будзеш ніколі?

56. Дзеўчаці

Цябе спаткаў і сам ня знаю, Ад сэрца шчырага кажу, Якую, дзеўча, думку маю I сьпеў аб тым які злажу.    Здаецца, нешта ўскаланула    Ў душы маёй ты неўзнарок,    Былога струны закранула, —    Зьвіняць ледзь чутна аддалёк. Ці ж будзе час, што нам спаткацца Яшчэ раз здарыцца калі I струны сэрца разбрымяцца У тыя песьні, што былі?    Ніхто ня скажа! Толькі знаю    I не ўтаюся ад цябе:    Няхай цябе я не спаткаю, —    Пакінеш сьлед ты па сабе. I ў час, калі гадзінай шарай, Сярод бязьлюдзьдзя, пустаты, Нуда абляжэць чорнай хмарай, Праменьнем сонца будзеш ты!

57. Асеньні сьпеў

Пойдзем, каханачка, двое У лес у густы, Ціхі, бо скончыў сваё панаваньне; Жоўкне, галее, мураўка ў ім вяне,                   Чарнеюць кусты.
         Пойдзем, галубка, пад дубам          Прысядзем, мая.          Гэнам убачым лістоў ападаньне,          Шэлест іх сумны пачуем, шаптаньне                   I звоны руч’я.
Будзем адны мы на сьвеце З табою, адны Тыя, што прыйдзем у часе скананьня Беднаму лесу сказаць на жагнаньне:                   — Да новай вясны!

58. Песьня

Прыказала слонца ветру          Перастаці, Прамаўляла: «Годзе, ветрэ,          Бусаваці». Прамаўляла: «Дай жывёлам          Адпачынку, Перастань жа, ветрэ, дзьмуці          Безупынку». I ўзышло ў бліскучай шаце          Залатое I пястуець любым вокам          Ўсё жывое. Не сядзіцца ветру ў хаце —          Быстраходу, Не уцерпеў, ўзьняўся бурай          Ад заходу. Карагоды хмар па небе          Панясьліся, Паліліся зь неба сьлёзы,          Паліліся…
Прамаўляла дзеўча сэрцу —          Ненаглядзе: «Не хадзі ты вішні есьці          Ў чужым садзе. Не хадзі к другой ў залёты,          Не ўдавайся, У другія вочкі, любы,          Не ўглядайся».
Лугавой лілеяй дзеўча          Расквітала, Цалавала сваю ўцеху —          Мілавала. А няверны той удаўся          За другою, — З млынароўнай пахаджае          Над ракою. З млынароўнай жарты строіць          Каля млына, А дзяўчына сохне, вяне,          Як галіна…
Ой, з-за хмарак ясна слонца          Йшчэ узыйдзе, Да дзяўчыны ж любы ўвечар          Больш ня прыйдзе.

59. Хаўтуры

Ня ў звоны хаўтурныя служка прабіў, Як хаваў я дзяўчыну, катору любіў. Не на могілкі людзі кахану нясьлі, А у цэркву баяры яе павязьлі. Не халоднай зямлёй засыпалась труна, А другому любіць прысягалась яна. Не пясчаны над ёй вывадзілі капец, А вясельныя дружкі трымалі вянец. I ня плакала матка, што ўмерла дачка, — Цалавала жанулька свайго мужанька! Не асінавы кол я над ёй забіваў, А старэнькі дзячок даўгалецьце сьпяваў…

60. Мяцеліца

Ой, спаліце, перуны, Майго Янку, бо дурны! Назаляе толькі мне, А каб сватацца, дык не!          Я казала, дый ня раз:          Прысылай сватоў да нас;          Татка добры, ён аддасьць,          У пасаг — цялушку дасьць. А той Янка, той благі, Ўсё сьмяецца — «гі-гі-гі!» Да таго ж часамі кпіць: «Ну, чаго табе карціць?»          Ой, праліцеся, дажджы,          А ты, Яначка, пажджы:          Учыню табе бяду,          За нікога не пайду!