Выбрать главу

63. Хатка

Там, дзе сумна, з краю бора Ў тры ваконцы сьвеціць хатка, I зь лясной травой гавора Буракоў і бульбы градка;          Дзе жаўцеюць тры загоны,          А на кожным па дубочку,          Ціха шэпча бор зялёны          I глядзіцца ў ручаёчку; Дзе чутно, як сонца грае На праменьнях сьвету горда I ніколі не зьмірае Зык шчасьлівага акорда, —          У тэй хатцы, пры тым боры          Асялілісь аж тры горы: Сын даўно пайшоў ў жаўнерку, Хоць, здаецца, меў ён льготы… Ах, згубілі Казімерку У жаўнерцы тэй сухоты!          Доню мелі… Божа воля!          Выйшла замуж, ён п’яніца…          Што падзееш? мусіць, доля!..          I памерла белаліца. Мелі мейсца. Хлеб трымаўся, Быў рызман, хаця і зрэбны, Пан лясьнічы штосьць ўзлаваўся: «Вы мне, кажа, непатрэбны…»          Аж тры жалі, аж тры горы,          Там у хатцы, там пры боры!

64. Габруська

Габруся ў жаўнерку ўзялі, Ад дамоўства адарвалі.          Ой, Габруська, Габруська! Зажурыўся стары татка, Стогне цяжка, плача матка:          — Ой, Габруська, Габруська! Залілася слязьмі люба: — Не запомні, мой галубе,          Мой Габруська, Габруська! Муштравалі ў войску строга, Не давалі думаць многа.          Ой, Габруська, Габруська! Дзецюкова сэрца б’ецца, Бацьку ўспомніць — скаланецца.          Ой, Габруська, Габруська! Дзецюковы думкі ўюцца, — Матку ўспомніць, сьлёзы льюцца.          Ой, Габруська, Габруська! А дамовы вецер вее, Любу ўспомніць — абамлее.          Ой, Габруська, Габруська! Захварэў Габрусь на службе, — Ліст пісаці кажа дружбе.          Ой, Габруська, Габруська! «Не чакайце мяне ў хаце, Час прыйшоў мне паміраці».          Ой, Габруська, Габруська! Ой, сканаў Габрусь ў чужыне, Жаль ўчыніў сваёй радзіне.          Ой, Габруська, Габруська! Засмуціў ён сваю любу: — З кім  пайду цяпер да шлюбу,          Мой Габруська, Габруська?!

65. Жэбрачка

Дайце кавалачак хлеба ёй цьмянага, Дайце пуховага, — дзе ж ёй узяць? Што яна возьме з жыцьця бесталаннага? Дайце, што можаце даць!
         Гора памела на сьвеце убогая!          Гляньце: згрыбела, згарбела у крук,          Доля занадта надалася строгая, —          Выбіла шчасьце ўсё з рук.
Была дзяўчынаю, была красуняю, Была вагонь, — не глядзі, дзецюкі! Ўглянеш — і сэрца праймецца, як куляю; Мелі пацеху бацькі.
         Час надышоў, і была гаспадыняю,          Быў гаспадар багатыр на сяле;          Была над мужам царыцай, княгіняю,          — Бог калі шчасьце пашле!
Была і маткаю, была шчасьліваю, Двох аднагодкаў Вялікі ёй даў: Сына малойца, дачку урадлівую, — Скуль дзе і сват пад’язджаў.
         Мела Нупрэіха, мела бяздольная!          Дзе ж гэта дзелася, як уплыло?          Што ж, сірацінка, быліца ты польная,          Што учынілась, было?
— Ой, мае дзетачкі, Бог мяне, грэшную, Пэўне, за бацькаўскі грэх пакараў, Крыўду ўчыніў да згон-веку няўцешную, Чым надарыў, адабраў.
         Неяк асеньняй парою апоўначы          Хатку няведама хто падпаліў,          Я прахапілась, ўскрычэла а помачы:          — Людзі, ратуйце, хто жыў!
З крыку майго і сямейка збудзілася, Ледзьве пасьпелі на двор уцячы, Доня за рукі мае учапілася, Просіць: — Матуля, маўчы!