Выбрать главу

68. Спрэчка

Дзядзька Тодар, два Праньцішкі, Сват Гілерык, кум Тамаш Раз ў мястэчку Зацьвілішкі Насьмяшылі ўвесь кірмаш.          Што было прадаць — прадалі,          Кум Тамаш зьмяняў каня,          Покі ўсё панакуплялі,          Зірк — ай-ей: каля паўдня! — Праўда, справіліся ёмка, Але ж хай ты… во, абед… — Ну дык што! Хадзем ў карчомку! — На суседзяў так сусед.          Ўзялі кварту. На закуску          Пару ўзялі тараноў.          Што ж ім кварта? На затруску!          Ўзялі квартачку ізноў… Больш пілі дзядзькі, чым елі: Квас, гарэлку, піва, мёд. Быццам чмелі, загудзелі, Як і ўвесь ля іх народ.          Хоць там словы ледзьве вяжуць, —          Тэй бяды! А што ж маўчаць?          Той штось скажа, той заўважыць,          Кіне чарку наліваць. Так ад цэнаў, бульбы, меры, Што на рынку хвальш дае, Зачапілі справы веры Дый… счапілісь за яе!          Гэтта слоў ім не хапіла, —          Знана вёска: словаў брак!          Потым, слова — хіба ж сіла?          Хіба ж зробіць, як кулак? От і пляснуў Тодар ў вуха Па-суседску Тамашу, I паўстала завіруха У карчме на кірмашу.          Кум Гілерык, сват, Праньцішкі,          Тодар, — зьвіліся ў клубок…          Ўсё мястэчка Зацьвілішкі          Раптам зьбеглася ў шынок… Праз гадзіну дзед Ігнацы Ўсіх бусайлаў тых мірыў: — Ці ж ня сорам гэтак, братцы? — Дзед паважна гаварыў. —          Ну, наліха вам сварыцца?          З розных вераў вы — адны          Дзеці гэтае зямліцы,          Краю гэтага сыны. Вера з жыцьцем ўсім даецца, Хто іх даў — яму іх знаць! Дурань той, хто спадзяецца Веры сілай паяднаць.          Мы і так, браткі, зьнявагі          Досыць мелі ад чужых,          Каб спрачацца без развагі,          Ці ня цешым толькі іх? Глузу хіба ж вы ня мелі? Біў чужы вас лёгка сьмех? Эх вы, шэршні! Эх вы, чмелі! Ну, ня сорам вам?..  Ня грэх?..

69. Каму што

Жарт
У самы жар, у летні час, Ўжо ў поўдзень, па абедзе, Назаўтра ў горад на кірмаш Народу цьма ідзець і едзе.          Ну, ехаць добра, хоць пячэ,          Але ж ісьці дык во дзе мука!          А як з паклажаю яшчэ,          Дык то найгоршая дакука. Хаця каб крышку адпачыць — Ідзеш, ідзеш, ды трэба сесьці, Бо пуд ці пару валачыць, То не пярынку ў жмені несьці.          Калі ж карчма — ну, тутка стой!          Тут можна выпіць і паесьці,          А за работай мілай той          З знаёмым гутарку завесьці. Зышліся гэтак ў карчме раз Наш беларус, цыган, хахол, I неяк трапіла на час, Што за адзін прыселі стол.          Адзін узяў сабе мядку,          Другі — гарчыну, той — паўпляшкі,          Пакуль сядзелі ў халадку,          Зьвялі знаёмства, то ж ня цяжка. Цыган да гораду сьпяшыў, — Каня ён добра знаў ўсе вады, — Купляў, мяняўся — не грашыў, Купцам на коні даваў рады.          Хахол Маўчба ішоў з работ, —          Заробак добры меў, багаты, —          Шукаў сябра, каб без клапот          Даехаць зь ім да роднай хаты. У горад брыў цялё прадаць Наш Янка Цьвік, празваньнем Дыба; Падатак мусіў ён аддаць, А так — цялё самому трэба.          Адно вось так, другое не, —          Сядзяць і зюкаюць паціху,          Ажно глядзі ты, вохці мне!          Зайшлі у спрэчку, клічуць ліха. Каб іх на царства узьвялі, Аб гэтым здумалі спрачацца! — Дык што рабіць бы пачалі, Якою працаю займацца?          «Вось я, здаецца, добра б жыў,          Гульнуў бы я тады бясьпечна,          З сваім народам бы дружыў,          Кулеш ўсё еў бы ды яешні», — Так кажа Янка першы наш. «Ну, дзе твой розум, белавусы? — Крычыць Маўчба. — Саўсім нямаш Між вас разумных, беларусы.          От я іначай бы зрабіў:          Ў садку пад вішняю ляжаў бы,          Увесь урад пры мне б тут быў,          А я бы правіў ды сьпяваў бы. А есьці — еў бы з салам хлеб, Крышыў галушкі бы зубамі, I сала з салам, і яшчэ б Я сала так бы еў часамі».          «Каб вас пярун! — крычыць цыган. —          Абодва варты вы нямнога,          Вунь той аббіты ўвесь саган          Хоць грошык варт, а вы — нічога! Каб я папаў у каралі, Дык мне ўсё гэта было б мала, З казны б украў я тры рублі, Украў каня — і… махні драла!»