Выбрать главу
Толькі ўчуў ён: нехта едзе; Лес трашчыць, як ад мядзьведзя, Конь капытам так грукоча… Уцячы Мацейка хоча, Хоча ўстаць — ніяк ня можа… — Вось бяда дзе, моцны Божа! Зьліўся потам ўвесь, трасецца… Бачыць — сьвет к яму нясецца: Бяжыць ясны, пекны конь, Ўвесь гарыць, маўляў агонь, Збруя белая раменна, Ўбрана ў золаце адменна; На кані, узяўшысь ў бокі, Чалавек сядзіць высокі, Пекна надта прыадзеты, Але быццам з таго сьвету. Вось узьехаў на паляну, Дзе сядзеў Мацей зьляканы, Конь спыніўся, стаў, чакае, З воч яго агонь шугае. «Што сядзіш тут, маладзец? — Так спытаўся той язьдзец. — Куды брыў, на што сабраўся?» Мацей духу тут набраўся, Зірнуў проста на яздца: «Ў імя Сына і Айца!!! Сьвяты Юр’я, пэўне, гэта: Такі з твару, так адзеты, Як я бачыў на абразу!» Пасьмялеў Мацей адразу Дый прамовіў да сьвятога: «Я — Мацей з Бару Крутога, Шмат дзяцей, паночку, маю, А карміць іх чым — ня знаю. Працаваў бы — не здалеці, Бо гультай я ў гэтым сьвеце! Красьці? — краў бы, дык баюся, Бо, крый Божа, пападуся Да пачцівых як людзей, Так паходзяць ля грудзей, Што жыць стане неахвота! Вось такія мне клапоты. Я і думаў, як мне быць, Дзе спакой сабе здабыць? Не дайшоў сам да нічога, А надумаўся — да Бога Я пайду і запытаю, Што рабіць на сьвеце маю? Ды у лесе во зблукаўся, Начаваць у ім сабраўся… Вы ж, паночак, быць павінна, Ў неба едзеце ў гасьціны? Дык мне ласку там зрабіце, Аба мне ўсё раскажыце I аб дзетках маіх разам; Што там скажуць? З пераказам Сюды едзьце проста ў лес». «Добра, добра, я увесь Для цябе гатоў служыць! Як мне толькі не забыць Тое ўсё, што ты казаў? Я б паяс расьперазаў На ўспамін, — дык меч спадзе, Што параіш у бядзе?» «Эт, панок! Я спосаб знаю, — Простым розумам параю: Каб вам мець перасьцярогу, Не забыцца б ў Пана Бога, — Адно стрэмя залатое Вы пакіньце мне на тое, Помніць будзеце ўвесь час, Што я тут чакаю вас». «Добра, розуму бярэмя Маеш, чалавеча! Стрэмя На, вазьмі  маё; сядзі Ды чакай мяне, глядзі!» I, Мацею стрэмя даўшы, Сам паехаў, паскакаўшы Зноў па лесе на каню… Бляск ідзе, маўляў з агню, Зьзяе стрэмя залатое. «Вот бы мне яшчэ другое! — Гэтак думае Мацей. — Было б хлеба для дзяцей». (Ўзрос Мацей і жыў бяз цноты, Не было бацьком турботы, — Дык ня дзіва, што лазаты, Бэльзэбула сын рагаты, З гэткай думкай падступіў, А Мацей яе ўхапіў.) Потым стрэмя закапаў, Палажыўся і праспаў Аж да заўтра, да паўдня… Пралупіўшы толькі вочы, Чуе: конь ізноў грукоча. Сьвяты Юр’я то нясецца, Мацей ў вус сабе сьмяецца. Многа часу не чакаў, Хутка Юры прыскакаў; Конь пад ім гуляе, скача. «Ну, ты слухай, небарача: Аб табе з тваёю справай Я ў абедзе за расправай Богу ўсё як ёсьць сказаў; Пастараўся, як зьвязаў, I як ты жывеш, гаруеш I зь дзяцьмі сваймі бядуеш; Як галаву сваю ламаеш I які ты розум маеш! Так казаў, што ледзь-ня ледзь Сам ня плакаў. Адпаведзь Бог такую табе даць Меў мне міласьць прыказаць: Красьці — гэта грэх! Глядзі, Ты ніколі не крадзі! Калі ж будзеш ты што браць У людзей, то, каб аддаць, Надта рупіцца ня трэба, От і будзеш меці хлеба. А то часам і саўсім Не аддай нічога ім: Я ня ведаю, ня браў… Калі ж будуць набівацца, Ты ня бойся адпірацца, Шчасьце знойдзеш так сваё. А цяперака маё Стрэмя зноў ты мне зьвярні». «Стрэмя?! Я яго ня браў! Хіба ж пан мне аддаваў?!» — «Ану, як жа, — можа, не?» — «Не давалі, панок, мне! Мо’ ў дарозе дзе згубілі, Мо’ саўсім бяз стрэмя былі?..» «Не кажы, Мацей, пустога, Свайго стрэмя залатога Я ніколі не губіў; Я пакінуў, як тут быў, Ды ад’язджаць ўжо зьбіраўся». А Мацейка не спужаўся: «Ясны пане, мяне маці Не вучыла, каб ілгаці, I калі я вам сказаў, Стрэмя вашага ня браў, — Значыць, так яно і ёсьць, Дайце веры, ваша мосьць». Так Мацей выпрысягаўся. Сьвяты Юры паспрачаўся, Потым бачыць, што дарма Тут стаяці, што няма Ўжо ніякае надзеі Вярнуць стрэмя ад Мацея, Уздыхнуў дый кажа ціха: «Ну, ня жычу табе ліха, Бог з табою… Спажывай! Дробных дзетак паднімай, Хоць… Папраўдзе… Каб я знаў, Стрэмя б мо’ табе ня даў». I, сказаўшы так, сьвяты Паскакаў у лес густы. Мацей стрэмя адкапаў Дый за пазуху схаваў I пайшоў сабе дахаты I вясёлы, і багаты. Як ён сьцежачку знайшоў, Як дадому ён прыйшоў, Як далей ён сабе жыў, З кім сварыўся, з кім дружыў, Які ў жыцьцю меў ён цэль — Я ня ведаю. «Круцель!» — На яго казалі людзі. Хай і гэтак сабе будзе! Мне ж, калі так ваша ласка, За маю за гэту казку Чару мёду паднясіце Ды закускаю дарыце.