16. Журба
Сэрца болей не сьмяецца,
Сэрца плача жаласьліва.
Ці дасьць Бог, ці давядзецца
Быці там, дзе наша Ніва?
Думкі, праца — ўсё далёка!
Песьні, казкі ў пазабыцьцю…
Прад сабой я толькі вока
Бачу страшнага нябыцьця.
Волі, думак, шчасьця, сьмеху
Дайце мне! Хоць пакажыце!..
Але не… Мне на пацеху —
Вока страшнага нябыцьця.
Я б узяў матыку ў рукі,
Карчаваў бы, чысьціў поле,
Але — там… Я тут бязрукі,
Я бясьсільны… Я бяз волі.
Сэрца плача, і я плачу;
Плачу з сэрцам галасьліва.
Дзе ты, дзе ты, краю родны?
Край далёкі, маці-Ніва?
17. Восень
Восень халодная, чорная, хмурая
Сунецца ціха, нячутна штодзень,
Хварбы наўкола паклала панурыя,
Сонца хавае за чорную цень.
Збожжа пажатае зь ніваў пазвожана, —
Голыя гоні самотна ляжаць,
Неба дажджліваю хмарай абложана,
Траўкай ня грае сваёй сенажаць.
Кветкі ня сьвецяць галоўкамі яснымі;
Кусьцьце бязь лісту, бяз красак стаяць;
З гэтымі восені днямі бяскраснымі
Цяжкія думкі у сэрца ляцяць.
Вольхі, рабіны, асіны зь бярозамі
Лістам пажоўклым тужліва шумяць:
«Хутка надыдуць завеі з марозамі,
Ветры зь сьнягамі ізноў наляцяць».
Толькі высокія хвоі іглістыя
Вечназялёны свой кажуць убор.
Днямі зімовымі, цёмна-імглістыя,
Будуць чарнець навакол, наузгор.
Зіму пачуўшы, мядзьведзь неспакоіцца,
Ходзіць па лесе, шукае бярлог,
Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,
Горш на скаціну, на людзі налёг.
Гусі і качкі гуртамі зьбіраюцца;
Хутка на поўдзень саўсім паляцяць.
Хеўра за хеўрай на рэчцы зьмяняецца;
Ўранку крычаць на вадзе, лапацяць.
Так непрыкметна часамі, дзянёчкамі
Восень зьмяняе. аблічча зямлі…
З гэтымі днямі асеньнімі, ночкамі
Думкі мне ў сэрца жудосны прыйшлі.
Старое нешта усё спамінаецца,
Толькі няясна, маўляў, праз туман,
Нейкі няведамы жаль уздымаецца,
Вабіць і цягне ўспамінак-дурман.
Сэрца баліць пад жаданьняў прымусамі,
Што за жаданьні — ніяк не пазнаць;
Можа, ляцеці адгэтуль за гусямі…
Можа, заснуць, каб нічога ня знаць?..
18. Мае думкі
Па-на горах сьнягі паляглі,
I даліны убраліся ў белі.
Мае ж думкі, як толькі маглі,
Хутка зь ветрам удаль паляцелі.
Паляцелі удаль, дзе няма
Гэтых гор — вартаўнічых няволі,
Дзе ня гэтак сурова зіма,
Дзе прыняў я і жыцьце і долю.
Паляцелі спытаць, паглядзець —
Як жывецца на роднай старонцы?
Як той брат-беларус мой жывець?
Ці высока узьнялася сонца?
Там жа ўсё, як раней, як было:
Беднасьць, ціша кругом і цямнота.
Дзе там шчасьце! Жыцьцё зацьвіло,
Як наверсе якое балота.
Сонца нізка — ня грэе саўсім
I саўсім жа ня сьвеце бяз мала;
Раз блісьне дзе-нідзе — і паўсім,
I зноў сваю твар захавала.
Колькі ж будзеш ты спаць? Не пара
Табе часам, мой браце, праспацца,
Каля бацькаўскіх ніў і двара
Працаваці зноў шчыра узяцца?
I усё, што утраціў сплючы,
Пазьбіраці да роднае хаты?
Годзе спаць! I ня будзе начы,
Будзеш вольны, разумны, багаты!
I высокае слонца тагды
Будзе працу тваю аглядаці,
I пазбудзесься крыўд і нуды, —
Будуць людзі цябе шанаваці.