Выбрать главу
Адна за аднэю праносяцца зьявы, Мігцяцца безупынна абразы, Нявольнічы побыт, і сьлёзы крывавы, I зьдзек глузаваньня, уразы…         Туды, да няшчасных, у думцы сягае         Пясьняр гэніяльны прыгону         І Богу на небе любіць прысягае         Народ свой — любіці да скону.

25. *** Эх, сягоньня…

Эх, сягоньня, ў гэту ночку Я ўцяку адгэтуль проч! Шэрым воўкам па лясочку, Хай дагоніць, хто ахвоч!          Хай тагды сярод дарогі          Станець хто — ня будзе рад:          Чорны вуж абкруцідь ногі,          Буду вужам, буду гад! Хай тагды шукаюць ў лесе Цёмных, вузкіх, воўчых троп! Як арол у паднябесьсе, Я ўзьлячу над земскі строп.          Ў небе роўным, чыстым шляхам          Яснай зоркай палячу          І скачуся па-над дахам          Роднай вёскі і ўскрычу: — Гэй, хто ёсьць тут! Люд галодны, Люд пакутны! Да мяне! Станьма, брацьця, ў шых паходны — Наша гора праміне.          Досыць нам зь нядолі віці          Ценкі жыцьця  свайго пас,          Слухай, люд: прынёс я віці,          Хто за мною, брацьця? Час! Ўстануць, рушаць:  «Проч з дарогі! Хто нам хоча заступіць? Мы пайшлі, мы, люд убогі, Ўсё узяць ці ўсё згубіць…»          Думкі, думкі-звадыяшкі,          Ах, ня мучайце мяне!          Вам ўсё гульні, а мне цяжка,          Мне няволя не міне…

26. На сьмерць

Памёр ты, татачка, ўспакоіўся навекі! На вочы сумныя насунуліся векі, Прыціснула іх сьмерць мацьней за чужанца. I вот айца Ня стала, родны мой, ад сьмерці тваяе.
О, сьмерць бязь літасьці, ратунак ты і кара! Нашто ж яму, як тая чорна хмара, Заслонай вечнаю ты стала прад вачмі? Скажы, сьлязьмі Нашто пасквапілась радзіны ты мае?
Ах, родны, блізкі мой! Гаротны і бяздольны, Жыцьцё сваё, той шлях, няўдатны і нявольны, Ты з больлю цяжкаю у сэрцы перабыў I свой згубіў Апошні стон, адзін, ў чужжсьцьве, ў цішы.
Бясшчасны тата мой! Усім адна дарога… I торганьня разлукі ня так катуюць строга, Як тое, любы мой, што ў ноч, ў апошню ноч, Ў цябе із воч Сьляза скацілася аб скрыўджанай душы.
Дратуе сэрца мне, цьвікі ў мазгі ўбівае, З грудзей і боль, і стоны здабывае Здагадка страшная: ў гадзіну ўсіх гадзін Ты там адзін, Маўляў, бясплеменьнік усім чужы, сканаў…
Адно бліжэйшае, адно б хаця стварэньне, Хаця б ня роднае, хаця бы на здарэньне, Прасіў Вялікага к табе хутчэй паслаць, Каб зь ім аддаць Сваім апошні свой, гарачы свой прывет.
Ня меў Ён літасьці, ня даў табе спакою, Ў самоце, ў больніцы жалезнаю рукою Ён сэрца кволага спыніў нятрвалы рух I бедны дух Прымусіў твой пакінуць гэты сьвет.
Казаў: «Маліся ты». За што ж, каму маліцца? Ці ж можна праўду нам знайсьці, калі маніцца, У неба чорнае ўляпіўшыся вачмі? З журбой, зь сьлязьмі Нясьці туды сваю найбольшую з надзей?
Пабач, гаротны мой: ці ж ты ня моцна верыў? Сьвятою праўдаю ці ж кожан шаг ня мерыў? Сьлязьмі крывавымі ня плакаў? не прасіў? Ня ўсё знасіў, Запомнены празь неба, нязнаны празь людзей?
Ці ж меў ты, родны мой, хоць дзень на адпачынак? З гароты, зь беднасьці ці знаў перапачынак За веру гэтую? Ці ж не балеў ты заўсягды, Ня сох зь бяды З душою прэснаю, адкрытаю да ўсіх?
Салодкіх мала хвіль, а горкіх натт багата Памеў за жыцьце ты, мой родны, бедны тата, А можа, горкую табе і я хвілінку даў, Не спагадаў Табе калі… Цяпер за гэта выбачай.
Няхай пуховаю табе зямелька будзе, Няхай спакой табе твой Пан прысудзе. Я некалі прыйду пад той убогі крыж, Дзе ты ляжыш. I там наплачуся. А пакуль што — прашчай!