Выбрать главу

— Ён спіць цэлы месяц, пасля таго як наесца. Можа, спіць і цяпер, а калі не спіць, дык, можа, і не захоча ўзяць ад нас коз у падарунак.

Багіра кепска ведала Каа і таму ставілася да яго недаверліва.

— Тады мы з табой разам маглі б угаварыць яго, старая паляўнічая.

Тут Балу пачухаўся аб Багіру выцвілым бурым плячом, і яны ўдваіх рушылі на пошукі горнага ўдава Каа.

Удаў ляжаў, расцягнуўшыся на ўсю даўжыню на выступе скалы, нагрэтым сонцам, і любаваўся сваёй прыгожай новай скурай: апошнія дзесяць дзён ён правёў на адзіноце — мяняў скуру, і цяпер быў ва ўсёй сваёй прыгажосці. Яго вялікая тупаносая галава совалася па зямлі, трыццаціфутавае цела звівалася ў дзівосныя вузлы і фігуры, язык аблізваў губы, смакуючы абед, што чакаў яго наперадзе.

— Ён яшчэ нічога не еў, — з палёгкай уздыхнуў Балу, як толькі ўбачыў прыгожы стракаты ўзор на яго спіне, карычневы з жоўтым. — Асцярожна, Багіра! Ён кепска бачыць, пасля таго як зменіць скуру, і кідаецца адразу.

Каа не меў ядавітых зубоў — ён нават пагарджаў ядавітымі змеямі за іх баязлівасць, — уся яго сіла была ў хватцы, і калі ён абвіваў каго-небудзь сваімі колцамі, дык гэта ўжо быў канец.

— Добрага палявання! — крыкнуў Балу і прысеў на заднія лапы.

Як усе змеі яго пароды, Каа быў глухаваты і не адразу пачуў, што яму крыкнулі. Ён згарнуўся ў кальцо і прыгнуў галаву, на ўсякі выпадак падрыхтаваўся накінуцца.

— Добрага палявання ўсім нам! — адказаў ён. — Ого, Балу! Што ты тут робіш? Добрага палявання, Багіра. Аднаму з нас не пашкодзіла б паабедаць. Ці няма паблізу спуджанай дзічыны? Лані або хоць казляняці? У мяне ўнутры пуста, ях у перасохлай студні.

— Мы зараз на паляванні, — абыякава зазначыў Балу, бо ведаў, што Каа не варта прыспешваць: ён занадта грузны.

— А можна мне пайсці з вамі? — спытаў Каа. — Для вас, Багіра і Балу, зрабіць на адзін удар больш ці менш нічога не значыць, а я… мне даводзіцца цэлымі днямі падпільноўваць на лясных сцежках або паўночы лазіць па дрэвах, чакаць, ці не трапіцца маладая малпа. Пс-с-шоў! Лес цяпер ужо не той, што ў часы маёй маладосці. Адно гніллё ды сухія сукі!

— Можа, гэта таму, што ты стаў вельмі цяжкі? — сказаў Балу.

— Так, я і праўда даволі-такі вялікі… даволі вялікі, — не без гонару адказаў Каа. — Але ўсё ж, маладыя дрэвы нікуды не варты. Мінулы раз на паляванні я ледзь-ледзь не зваліўся! — нашумеў, саслізнуўшы з дрэва, бо кепска зачапіўся хвастом. Гэты шум пабудзіў Бандар-Логаў, і яны абзывалі мяне сама брыдкімі словамі.

— Бязногі жоўты земляны чарвяк! — нібыта прыпамінаючы, шапнула Багіра сабе ў вусы.

— Ссссс! Хіба яны так мяне называюць? — спытаў Каа.

— Штосьці накшталт гэтага яны крычалі нам мінулы раз. Але ж мы ніколі не звяртаем на іх увагі. Чаго толькі яны не гавораць! Нібыта ў цябе выпалі ўсе зубы і нібыта ты ніколі не нападаеш на дзічыну, большую за казляня, бо нібыта (такія бессаромныя хлусы гэтыя малпы!) баішся казліных рагоў, — лісліва закончыла Багіра.

Змяя, асабліва хітры стары ўдаў, такі, як Каа, ніколі не пакажа, што злуецца, але Балу і Багіра прыкмецілі, як надзімаюцца і перакочваюцца вялізныя мускулы пад сківіцай Каа.

— Бандар-Логі змянілі месца палявання, — сказаў ён спакойна. — Я грэўся сёння на сонцы і чуў, як яны гарланілі ў верхавінах дрэў.

— Мы… мы гонімся зараз за Бандар-Логамі, — сказаў Балу і папярхнуўся, бо ўпершыню, як ён сябе помніў, жыхару джунгляў даводзілася прызнавацца, што ён мае нейкі інтэрас да малпаў.

— І, вядома, не якая-небудзь дробязь прымусіла дваіх такіх паляўнічых — важакоў у сябе ў джунглях — ісці па слядах Бандар-Логаў, — пачціва адказаў Каа, хоць яго распірала ад цікаўнасці.

— Дапраўды, — пачаў Балу, — я ўсяго толькі стары і падчас неразумны настаўнік Закону ў Сіянійскіх Ваўчанят, а Багіра…

— …ёсць Багіра, — сказала чорная пантэра і закрыла пашчу, ляснуўшы зубамі: яна не прызнавала пакоры. — Вось у чым бяда, Каа: гэтыя зладзеі, што крадуць арэхі і знішчаюць лісце на пальмах, выкралі ў нас чалавечае дзіцяня, пра якое ты, магчыма, чуў.

— Я чуў штосьці ад Сахі (іголкі надаюць яму нахабства) пра дзіцяня, якое прынялі ў Воўчую Чараду, але не паверыў. Сахі слухае адным вухам, а потым перакручвае ўсё, што чуў.

— Не, гэта праўда. Такога дзіцяняці яшчэ не было на свеце, — сказаў Балу. — Сама лепшае, сама разумнае і сама смелае чалавечае дзіцяня, мой вучань, які праславіць імя Балу на ўсе джунглі, з канца ў канец. Ды, апрача таго, я… мы… любім яго, Каа!

— Тс! Тс! — адказаў Каа, варочаючы галавой направа і налева. — Я таксама зведаў, што такое любоў. Я мог бы расказаць вам не адну гісторыю.