Выбрать главу

Бурчанне ўзмацнілася і закончылася грамавым «а-а-а!» тыгра, гатовага да скачка.

Потым пачулася выццё, не падобнае на тыгравае, — выццё Шэр-Хана.

— Ён прамахнуўся, — сказала Маці Ваўчыха. — Чаму?

Бацька Воўк адбегся на некалькі крокаў ад пячоры і пачуў раззлаваны рык Шэр-Хана, які варочаўся ў кустах.

— Гэты дурань апёк сабе лапы. І хапіла ж розуму скакаць у вогнішча дрывасека! — чмыхнуў Бацька Воўк. — І Табакі з ім.

— Нехта падымаецца на гару, — сказала Маці Ваўчыха, варухнуўшы адным вухам. — Падрыхтуйся.

Кусты ў гушчары злёгку зашамацелі, Бацька Воўк прысеў на заднія лапы, гатовы скокнуць. І тут калі б вы назіралі за ім, дык убачылі б сама незвычайнае на свеце — як воўк спыніўся на сярэдзіне скачка. Ён кінуўся ўперад, калі яшчэ не бачыў, на што кідаецца, а потым крута спыніўся. Выйшла так, што ён падскочыў угору на чатыры ці пяць футаў і сеў на тое ж месца, дзе адарваўся ад зямлі.

— Чалавек! — агрызнуўся ён. — Чалавечае дзіцяня! Глядзі!

Проста перад ім, трымаючыся за адну з ніжэйшых галінак, стаяла голенькае смуглае дзіця, якое, відаць, толькі што навучылася хадзіць, — мяккае, усё ў ямачках, маленечкі жывы камячок. Такое маленечкае дзіця яшчэ ні разу не заглядвала ў ваўчынае логава начною парой. Яно зірнула ў вочы Бацьку Ваўку і засмяялася.

— Гэта і ёсць чалавечае дзіцяня? — спытала Маці Ваўчыха. — Я іх ніколі не бачыла. Прынясі яго сюды.

Воўк, які прывык насіць сваіх ваўчанят, можа, калі трэба, узяць у зубы яйка і не раздушыць яго; і хоць зубы Бацькі Ваўка сціснулі спінку дзіцяці, на скуры малога не засталося нават драпіны, пасля таго як ён палажыў яго паміж ваўчанятамі.

— Якое маленькае! Зусім голае, а якое смелае! — ласкава сказала Маці Ваўчыха. (Дзіця праціскалася сярод ваўчанят бліжэй да цёплага бока.) — Вой! Яно смокча разам з астатнімі! Дык вось яно якое, чалавечае дзіцяня! Ну калі ж гэта ваўчыца магла пахваліцца, што сярод яе ваўчанят ёсць чалавечае дзіцяня!

— Я чуў, што гэта бывала і раней, але толькі не ў нашай Чарадзе і не за маю памяць, — сказаў Бацька Воўк. — Яно зусім безвалосае, і я мог бы забіць яго адным плескачом. Зірні, яно глядзіць і не баіцца.

У пячоры пацямнела, святло месяца больш не прабівалася ў яе: вялізная квадратная галава і плечы Шэр-Хана загарадзілі ўваход. Табакі павіскваў ззаду яго:

— Пане, пане, яно ўвайшло сюды!

— Шэр-Хан робіць нам вялікі гонар, — сказаў Бацька Воўк, але вочы яго злосна бліснулі. — Што трэба Шэр-Хану?

— Маю здабычу! Чалавечае дзіцяня ўвайшло сюды, — сказаў Шэр-Хан. — Яго бацькі ўцяклі. Аддайце яго мне.

Шэр-Хан, як і гаварыў Бацька Воўк, скокнуў у вогнішча дрывасека, апёк сабе лапы і цяпер ажно шалеў. Але Бацька Воўк добра ведаў, што ўваход у пячору занадта вузкі для тыгра. Нават там, дзе Шэр-Хан стаяў зараз, ён не мог варухнуць ні плячом, ні лапай. Яму было цесна, як чалавеку, які надумаўся б распачаць бойку ў бочцы.

— Ваўкі — вольны народ, — сказаў Бацька Воўк. — Яны слухаюцца толькі Важака Чарады, а не нейкага паласатага людаеда. Чалавечае дзіцяня наша. Захочам, дык заб'ём яго і самі.

— «Захочам, захочам»! Што мне да таго? Клянуся буйвалам, якога я забіў, доўга мне яшчэ стаяць, уткнуўшыся носам у ваша сабачае логава, і чакаць таго, што мне належыць па праву? Гэта гавару я, Шэр-Хан!

Рык тыгра запоўніў пячору грамавымі раскатамі. Маці Ваўчыха скінула з сябе ваўчанят, скокнула ўперад, і яе вочы, падобныя ў цемры на два зялёныя месячыкі, сустрэліся з палаючымі вачамі Шэр-Хана.

— А адказваю я, Ракша (Дэман): чалавечае дзіцяня маё, Лангры, і застанецца ў мяне! Яго ніхто не заб'е. Яно будзе жыць і хадзіць на паляванне разам з Чарадой і бегаць разам з Чарадой! Сцеражыся, паляўнічы на голых дзіцянят, рыбаед, забойца жаб, — прыйдзе час, яно паганяецца за табою! А цяпер выбірайся вон, а то, клянуся аленем, якога я забіла (я не ем падлы), ты пойдзеш на той свет кульгавым на ўсе чатыры лапы, смаленая пачвара джунгляў! Вон адсюль!

Бацька Воўк здзіўлена глядзеў на яе. Ён паспеў забыцца пра той час, калі адваёўваў Маці Ваўчыху ў адкрытым баі з пяццю ваўкамі, пра той час, калі яна бегала разам з Чарадой і нездарма мела мянушку «Дэман». Шэр-Хан не пабаяўся б Бацькі Ваўка, але з Маці Ваўчыхай ён не асмельваўся схапіцца: ён вёдаў, што перавага на яе баку і што яна будзе біцца не на жыццё, а на смерць. Парыкваючы, ён падаўся назад і, адчуўшы сябе на волі, зароў: