Выбрать главу

Лагерсан паспрабаваў уявіць, што здарылася б, калі б эпідэмія ўспыхнула на год раней, калі праект Крузіўса і Благовіча існаваў толькі на паперы. Звычайнаму касмічнаму караблю на атамным паліве спатрэбілася б каля года, каб даляцець да Тытана. За гэты час чалавецтва паспела б вымерці. «Няхай будуць блаславёны „Ібіс“ і цудадзейны ксемедрын», — падумаў ён.

Ён нявесела ўсміхнуўся: сама ж убогі філосаф з поўным правам можа абвінаваціць яго ў голым практыцызме.

Цыгарэта патухла, і Лагерсан паглыбіўся ў трывожны сон. Ён імкліва нёсся кудысьці на лёгкім воблачку. Раптам ногі ў яго наліліся свінцом, ён зваліўся ўніз, і яго паглынула бездань.

Яго разбудзіла слабае стракатанне званка. Ён выверыў свой хранометр з двума цыферблатамі — для зямнога і «дарожнага» часу. «Час абедаць». Памыўшыся, ён спусціўся ўніз.

Абед праходзіў у поўным маўчанні. Доктар Паўльсэн не хаваў сваёй заклапочанасці, Фултан стараўся трымацца як мага спакайней, Ірына і Аляксей час ад часу абменьваліся загадкавымі позіркамі. Знізу, дзе абедалі астатнія сябры экіпажа, чуўся прыглушаны гул галасоў.

— Колькі сёння сабралі ксемедрыну? — спытаў Лагерсан.

— Дванаццаць кілаграмаў, — адказаў Фултан. — Яшчэ два выхады, і мы збяром неабходныя шэсцьдзесят кілаграмаў.

— Трэба абысціся адным выхадам.

— Чаму? Усё роўна паляцець мы зможам не раней чым праз двое сутак.

— Ведаю, — буркнуў Лагерсан. — Але я хачу, каб усе сябры экіпажа былі ў наяўнасці, калі спатрэбіцца памяншаць вагу карабля. Складзіце спіс, без чаго, па-вашаму, можна абысціся на караблі, — звярнуўся ён да Ірыны. — Укажыце вагу кожнага прадмета. Вы, Аляксей, падрыхтуйце спіс прадметаў не сама першай патрэбы. А вы, доктар… Падлічыце мінімальны харчовы рацыён і крайні запас кіслароду. Баюся, што нам прыйдзецца тужэй зацягнуць рамяні і напружыць лёгкія.

Ён устаў і накіраваўся да выхаду.

— Ага, ледзь не забыў, — сказаў ён. — Заўтра, калі закончыце збор ксемедрыну, забяры зброю ва ўсіх сябраў экіпажа.

— Выверні кішэні, Джон.

Джон сярдзіта чмыхнуў.

— Табе кажуць, выверні кішэні! — Камандзір павысіў голас.

На стол упалі цыгарэты, запальнічка, пілка для пазногцяў, ражок-амулет.

— А дзе бумажнік? — зароў Лагерсан.

— Вось, трымайце, — буркнуў Джон, выцягнуўшы бумажнік з задняй кішэні штаноў. — Камандзір, — хрыплым, умольным голасам сказаў ён. — Тут толькі фатаграфіі жонкі. Яны і ста грамаў не важаць.

— Маўчаць! — загадаў Лагерсан. — Кладзі ўсё. І гадзіннік таксама.

Джон згроб усё сваё дабро ў кучку і панура паплёўся на месца. На стале ўжо высілася груда разнастайных рэчаў, глянуўшы на якія сэрца ў старызніка забілася б ад радасці: тут былі вечныя асадкі, шпількі для гальштука, нататнікі, ланцужкі, каляровыя алоўкі.

— Наступны.

Да стала падышоў чалавек гадоў сарака з ускудлачанымі рыжымі валасамі. Гэта быў навічок.

— Кліфт Івенс, камандзір, — далажыў ён.

— Выверні кішэні, Кліфт.

— Ужо зроблена, камандзір, — сказаў Кліфт і паказаў вывернутыя кішэні ў штанах.

— Выдатна.

Кліфт хацеў ужо ісці, але Лагерсан вярнуў яго.

— Здымі пярсцёнак, Кліфт.

— Я ўжо спрабаваў, камандзір. Нічога не атрымліваецца.

— Намыль палец. А калі і тады не дапаможа, прыйдзецца табе расстацца з пальцам.

Экіпаж у поўным складзе сабраўся ў навігацыйным салоне. Усе стаялі тварам да сцяны карабля.

— Выкіньце ўсё гэта, і хутчэй, — загадаў Лагерсан, як толькі закончыўся агляд.

Чацвёра людзей паднялі брызент з сабранымі рэчамі і накіраваліся ў шлюзавую камеру. Пяць хвілін праляцелі ў напружаным, панурым маўчанні. Нарэшце загарэлася зялёнае вочка, потым чырвонае і зноў залёнае.

— Што паказвае індыкатар?

— Дзвесце пяць кілаграмаў лішку, камандзір.

Арнэ Лагерсан разгублена правёў рукой па твары. Выкінуты ўсе сталы, канапы, кухонныя інфрапліты, засцерагальныя рамяні, посуд. Яны засталіся без усяго, што стварае пэўны камфорт, вызваліліся ад таго, што не з’яўляецца прадметам крайняй неабходнасці. Ад чаго ж яшчэ можна адмовіцца?

— Фултан! — сказаў камандзір. — Колькі засталося аварыйных клапанаў скафандраў?