Выбрать главу

— Паслухайце, Паўльсэн, — умольна сказаў Лагерсан, — я знайшоў апошнія шэсцьдзесят чатыры кілаграмы. Ваша задача — зняць іх з карабля. Калі вы адмовіцеся, я павінен буду ўжыць сілу.

— Божа, хто вы — пачвара ці авантурыст, які шукае таннай славы? — усклікнуў Паўльсэн. — Вы што думаеце, вам пасля вяртання помнік паставяць? Ды за такія выбрыкі вас будуць судзіць…

— Ну хопіць! — перабіў яго Лагерсан.

Фултан, Аляксей і Ірына накіраваліся былі да яго.

— Ні з месца! — крыкнуў Лагерсан.

— Вы чуеце? — сказаў Паўльсэн. — Ён з глузду з’ехаў, ён хоча адрэзаць руку кожнаму з вас!

Ірына пабялела і міжвольна прыціснулася да Аляксея. Лагерсан зноў падняў прамянёвы пісталет.

— Паслухайце, людзі, — сказаў ён стомленым голасам. — Паслухайце мяне, сябры… не ведаю ўжо, як вас называць… Можа, я і сапраўды крыху не ў сабе. А можа, доктар мае рацыю, і я сапраўды шукаю славы альбо вялікіх непрыемнасцей. Але ўсё гэта пустыя размовы, і мы толькі дарма трацім час. Зразумейце, «Ібісу» небяспека не пагражае. Вашаму жыццю таксама. Калі б гаворка ішла толькі аб спазненні на дваццаць дзён, праблема вырашалася б вельмі проста: крыху гімнастыкі, крыху менш калорый, і мы вельмі б спакойна ўзляцелі б з гэтага праклятага Тытана. Але ж вы ведаеце, што цяпер любое прамаруджванне падобна да смерці — на карту пастаўлена жыццё мільёнаў людзей. Я ведаю, ад вас патрабуецца нечуваная самаахвярнасць. Вы можаце настойваць, каб я ахвяраваў сабой. Але гэта несправядліва. Чаму менавіта я, а не хто іншы? — Ён памаўчаў. — Даю вам паўгадзіны на роздум; я дастаткова паламаў галаву, цяпер ваша чарга. Калі вы не хочаце ахвяраваць рукой, знайдзіце спосаб зняць лішнія шэсцьдзесят чатыры кілаграмы. Але калі хутка іншага выйсця не будзе, прыйдзецца рабіць ампутацыю.

Ён абцёр з твару халодны пот і знясілены апусціўся на падлогу. Павекі зрабіліся цяжкімі і зліпаліся, перад вачыма расплываўся туман. «У мяне гарачка», — падумаў ён.

Фултан прыхіліўся да стойкі індыкатара і застыў, як статуя. Паўльсэн нервова хадзіў з кутка ў куток, мармычучы нешта сабе пад нос. Ірына і Аляксей стаялі моўчкі, цесна прыціснуўшыся адно да аднаго.

— Я ведаю, пра што вы цяпер думаеце, — сказаў Лагерсан. — Спадзеяцеся, што хто-небудзь з сябраў экіпажа не вытрымае, у шаленстве кінецца на мяне, і я яго прыстрэлю. Тады ўсе цяжкасці вырашацца самі сабой, ці не праўда? Але ж хто захоча цягаць для нас каштаны з агню? Не, дарагія сябры, на гэты раз кожнаму з нас прыйдзецца рабіць гэта самому.

Лагерсан усё гаварыў, гаварыў… Яго ліхаманкавая, бязладная гаворка то збівалася на праклёны, то перамяжоўвалася горкімі нараканнямі.

— Фултан! — слаба паклікаў ён. — Ты здольны добраахвотна памерці адзін-аднюткі на гэтым чортавым Тытане?

Другі пілот нахмурыўся і нічога не адказаў.

— Дык што, Фултан? — не сунімаўся Лагерсан.

— Не ведаю, Арнэ. Можа, і не.

— Тады ж чаму вы глядзіце на мяне з такім дакорам? Мы ж не пчолы і не мурашкі. І нават не насякомыя. Мы, што яшчэ горш, вартыя жалю, баязлівыя людзі.

У яго перад вачыма паўставалі жахлівыя відовішчы: перапоўненыя бальніцы, хворыя ляжаць у калідорах і нават у дварах. А па вуліцах у бяссільнай злосці, праклінаючы сваю бездапаможнасць, бегаюць лекары. Па дарогах імчацца саставы з трупамі. З печаў крэматорыяў чадзіць дым… Усё чалавецтва паступова ператвараецца ў воблака попелу.

Лагерсан паглядзеў на хранометр.

— Дык вось, — сказаў ён, — ваш час скончыўся.

І ўсіх адразу прыгняла панурая цішыня, кожны ў думках упаў на самае дно роспачы і адчуў жах.

— Добра, — разарваў цішыню доктар Паўльсэн. — Мы доўга абражалі адзін аднаго. Час прымацца за справу.

Патрэбны бінты, сказаў ён, шмат бінтоў і медыкаментаў, якія ўжо паспелі выкінуць за борт. І яшчэ яму патрэбен памочнік. Выклікалі Джо, які некалі вучыўся на медыцынскім факультэце.

Джо з’явіўся разам з Бобам Арджытаем.

— Джо, вы ўмееце рабіць укол у вену?

— Даводзілася, доктар.

— Надзень скафандр, Боб, — загадаў Лагерсан. — Каля карабля ў кучы іншых рэчаў валяюцца дзве-тры скрынкі з бінтамі. Знайдзі іх. Спытайся ў доктара, што яшчэ яму трэба.

Боб у страшэннай разгубленасці ўтаропіўся на камандзіра. Яму зрабілася страшна, страшна, што, як толькі ён пакіне карабель, дзверы зачыняцца і яго пакінуць аднаго ў ледзяной пустыні.

Лагерсан, відаць, зразумеў яго стан. Ён ужо хацеў паўтарыць свой загад, але яго перабіў Фултан.

— Я пайду, — сказаў ён.

Твар у Лагерсана прасвятлеў.

— Значыць, ты са мною згодзен, Фултан?

— Як заўсёды, Арнэ.

Камандзір уздыхнуў з палёгкай. Ён адчуў, як думкі ў яго праясніліся, кроў хутчэй пацякла па венах і ў яго зноў з’явілася звыклая бадзёрасць. Працягваючы хадзіць па салоне, ён энергічна аддаваў распараджэнні і сачыў за іх выкананнем.