Выбрать главу

Калі Фултан вярнуўся з бінтамі, Лагерсан загадаў усім сабрацца ў навігацыйным салоне. Размова была вельмі кароткая. Людзі слухалі ў абсалютным маўчанні, страціўшы дар слова ад здзіўлення. І раптам Кліфт Івенс заплакаў. Дарослы мужчына плакаў, хлюпаючы носам, як хлапчук, якога пакаралі без дай прычыны.

— Але чаму, — крыкнуў ён, — чаму нельга выкінуць ксемедрын? Выкінем яго к чорту ці пачакаем дзён з дваццаць!

— У цябе ёсць жонка, Кліфт?

Кліфт кіўнуў галавой.

— А дзеці?

— Двое, камандзір.

— Тады паспрабуй зразумець мяне, Кліфт. Мы пакінулі Зямлю больш за месяц назад. А раптам за гэты час твая жонка і дзеткі таксама захварэлі?

Кліфт выцер рукавом нос і ўзняў галаву. Але сёй-той глядзеў на камандзіра панура і злосна, грозна сціснуўшы кулакі, нібы чакаючы толькі сігналу, каб кінуцца на яго. Гэта не ўнікла ўвагі Лагерсана. Ён ускінуў прамянёвы пісталет і навёў яго на сцяну. Паступова твары людзей праясніліся, гнеўныя агеньчыкі ў вачах патухлі.

— Першы буду я, — сказаў Лагерсан, — апошні — Фултан. Гэта не таму, што я не давяраю вам. Хоць, урэшце… Словам, я хачу пазбегнуць магчымых беспарадкаў. Напэўна, адразу пасля аперацыі… мне будзе даволі кепска. На гэты час камандаванне прыме Фултан. Перш чым падыдзе яго чарга, я ўжо буду на нагах. Астатнія васемнаццаць чалавек кінуць жэрабя, каму за кім ісці на аперацыю. І апошняе. Магчыма, караблю ўдасца ўзляцець да таго, як будзе закончана апошняя, дваццатая аперацыя. Дык вось, я хачу, каб вы ясна зразумелі — на гэта разлічваць няма чаго. І калі нам суджана страціць руку, то праз гэта пройдуць усе, за выключэннем, зразумела, доктара. І толькі калі дваццаць рук будуць выкінуты за борт, я націсну кнопку. Пасля гэтага я выкіну і пісталет. Вось і ўсё.

Аляксей і Ірына стаялі паводдаль, моцна трымаючыся за рукі. Лагерсан падышоў да іх.

— Паверце, мне вельмі шкада, Ірына. Вы і Аляксей… — Ён замоўк.

Аляксей нічога не адказаў. Ірына таксама маўчала. Яны глядзелі на камандзіра сумна, але спакойна.

Лагерсан пайшоў далей, узіраючыся ў твары касманаўтаў.

— Доктар, — сказаў ён дрыготкім голасам. — Я гатовы. Можаце пачынаць.

— Дэвід, — паклікаў настаўнік. — Ты скончыў?

Дэвід устаў, узяў кнігу і пайшоў да дошкі, залажыўшы пальцам разгорнутую старонку. Вочы ў яго блішчалі, а шчокі зрабіліся пунсовыя.

— Цяпер ты зразумеў, чаму Тытан называюць яшчэ і «Месяцам дваццаці рук»?

— Ага, спадар настаўнік.

— Дык вось, Дэвід… Пасля рэйса «Ібіса» прайшло чатыры стагоддзі. З таго часу кожны касманаўт лічыць для сябе за найвышэйшы гонар, калі пасля многіх гадоў спадзвіжніцкай працы і самаахвяравання яго ўзнагароджваюць ордэнам «Пурпуровай рукі». Табе гэта зразумела?

— Вядома, спадар настаўнік… А што… што сталася з доктарам Паўльсэнам?

— А, з доктарам «Ібіса», — уздыхнуў настаўнік. — Ён таксама быў удастоены мноства ўзнагарод і высокіх ушанаванняў. Ну, а потым… Паводле адных крыніц, неўзабаве пасля гэтага ён загінуў у аўтамабільнай катастрофе, другія сцвярджаюць, быццам ён скончыў самагубствам.

— Самагубствам?! Але чаму?

— Не ведаю, дружа. Можа, таму, што толькі яму ніхто не мог тады ампутаваць руку…

Дэвід панурыўся. Настаўнік пачаў расказваць пра бязмежнасць і прыгажосць космасу, пра незнаёмыя светы, дзе не ведаюць зямных нягод, светы, якія бясконца далёкія і неабсяжныя…

Дэвід сеў на месца, а настаўнік працягваў урок. Яго злёгку гугнявы голас разносіўся па класе. Вучні сядзелі моўчкі і як зачараваныя лавілі кожнае настаўнікава слова.

І толькі Дэвід быў у сваіх думках. Заўтра ён як след вывучыць заданне. І больш не будзе балбатаць і не слухаць настаўніка на ўроках астраноміі. Але сёння ён не можа слухаць. Ён думае пра тое, што бацька, відаць, моцна засмуціцца. Але ён не хоча больш быць хірургам: зямны шар для яго цяпер вельмі малы. Ён уздымае вочы, і погляд яго прыцягваюць зорныя карты, якія вісяць на сцяне. Паступова абрысы навакольных прадметаў знікаюць, і Дэвід застаецца адзін, зачараваны мігаценнем далёкіх свяцілаў.