Выбрать главу

«Прыміце, Тамаш Францавіч, меры...»

Цяпер Навіцкі, як спусціўся i выйшаў на двор, падумаў, што зашмат сабралася назаўтра клопатаў. I па рабоце, i дома...

2

Ён паехаў не на сваіх «Жыгулях», а на гарадскім аўтобусе. Дабраўся да патрэбнага прыпынку, сышоў, павярнуў направа i ўздоўж пяціпавярховага дома пайшоў па ціхай вуліцы, хутка трапіў у гэты, добра знаёмы ўжо за астатнія тры гады, вузкі двор, абгароджаны ад завода бетоннай сцяною i ўсаджаны вішнямі, яблынямі, грушамі-дзічкамі, вербалозам, рабінамі — яшчэ раз убачыў: ужо звосенілася. Хоць пасады былі яшчэ зялёныя на першы позірк, але ўжо шмат ад першых вераснёўскіх начных халадоў i дзённых сонечных прыпёкаў парудзела на ix лісця, надта ў верхавінах, а тое лісце, што чамусьці зажаўцелася раней, яшчэ ў жніўні, апала долу — i шмат ужо яго, пачарнелага ад зямлі, ляжала на дарожцы ды пад дрэвамі. І яшчэ болей, змеценага ветрам, — у кустах бэзу, што рос, пры самым доме. Чырвона стракацелі сярод зелені рабіны, ягадак з якіх, відаць натрэсеных дзецьмі, гэтаксама шмат ляжала на зямлі. Нa шнуры, што быў нацягнуты на камлі дрэў, вісела мокрая бялізна, i на ўвесь двор пахла мылам i сырасцю.

Навіцкі парадаваўся, што нікога няма ля пад'езднай лаўкі, хутка шмыгнуў у пяціпавярховы дом, пераступаючы аж па дзве прыступкі, подбегам падаўся на трэці паверх.

На пляцоўцы націснуў на кнопку ля дзвярэй пад нумарам «30», апусціў галаву, пазіраў на круглы шэры, з чырвоным асяроднічкам ходнічак, стараючыся аддыхацца перад тым, як яму адчыняць дзверы. Пачуўшы, што нехта спускаецца зверху, яшчэ раз пазваніў, павярнуўся спіною да пляцоўкі.

—Зараз, зараз...— пачуўся за дзвярыма прыемны знаёмы голас, i амаль тут жa шчоўкнуў замок.

Навіцкі сам лёгенька піхнуў дзверы. Яны зарыпелі (i ён у каторы раз падумаў, што пара ўжо змазаць ix). Зайшоў у невялікі калідор, убачыў паблізу высакаватую ды танкаватую прыгожанькую Элу — яна была сёння ў доўгай жоўтай у клеткі спадніцы, белай цеснаватай блузцы з кароткімі рукавамі. Ён усміхнуўся, з радасцю глядзеў на прыгожы, з маленькім прамым носікам твар, з чорнымі-чорнымі брывамі i валасамі, што яна маладая, свежая, вабная ў свае трыццаць гадоў. Папхнуў плячыма дзверы, прымусіў ix самім зашчапіцца, ступіў крок наперад.

—Ну, добры вечар табе!

—Здарова, Том!— усміхнулася тая, падняла лёгкія даўгаватыя прыгожыя рукі, моцна абшчапіла імі за шыю, гэтак жа моцна прыціснулася шчакою да яго шчакі.

Навіцкі прыгарнуў яе да сябе, адчуў, як хвалюе яго гэта маладзічка — i яму становіцца добра, прыемна на душы, хочацца жаночай пяшчоты. Заплюшчыў вочы, правёў вуснамі па яе далікатненькай мяккай шчацэ, крышку пахкай ад духоў i пудры, знайшоў яе мяккія паўраскрытыя вусны i прыпаў. Ад пацалунка ў яго, як у маладзёнка, закружылася галава.

—Засумаваў без мяне, Томе?— Эла першая адхілілася ад яго, прыклалася да яго шчакі вухам — амаль адразу ж ён пачуў прыемны халадок ад яе залатой завушніцы.

—Засумаваў, малютка...— з пяшчотаю пагладзіў яе па спіне, можа, крышку i з дураслівасцю, але са шчырасцю прашаптаў ён, зноў пашукаў яе вуснаў.

—Не трэба... Пасля...— гэтаксама шэптам, ні то сур'ёзна, ні то з жартам, сказала яна, разняла яго рукі.— Распранайся, праходзь. Будзь, як i ў кожную пятніцу, гаспадаром маёй сціплай двухпакаёвачкі.

Навіцкі зняў брылёўку, плашч, разуўся i падаўся за ёю ў невялікую залю, дзе справа, пры глухой сцяне, пафарбаванай у жоўты колер, стаяла зялёная, з рудаватымі падлакотнічкамі канапа, пасярод — ненакрыты стол, ля акна ў кутку — тэлевізар на журнальным століку i злева, ля кухоннай сцяны, стаяла невялікая шафка па посуд i кнігі. Гэтую зальку, спальню пакінуў гаспадыні былы яе муж. Пра яго, праўда, яна ніколі не расказвала, i ён, Навіцкі, ніколі не распытваўся.

Ён сеў на канапе, Эла — ля яго.

—Што з табою, Том?— спытала яна, узіраючыся ў яго твар, узяла яго правую руку ў свае маленькія белаватыя ручкі. На ix было аж чатыры пярсцёнкі. Глядзела як па-мацярынску, з клопатам, хоць гэта ёй не зусім удалося, бо была вялікая розніца ў ix гадах, i як яна ні старалася быць надта сталай, усё роўна, гэтулькі не пражыўшы, не магла столькі ведаць, адчуваць, так думаць, як адчуваў, думаў ужо ён. Таму яе гэтая наўмысная сталасць была крышку смешнаватай.

—Абы-што...— адказаў Навіцкі, бо не хацеў усяго расказваць.— Непрыемнасці, словам. На рабоце, дома...

—ЧП якое ў нашай лабараторыі? — усё не выпускаючы яго рукі, спытала Эла.— Бо сёння, сам ведаеш, не была там.