Выбрать главу

—Паслухай, тата, не гарачыся...— сказала Тоня, склала тонкія рукі на грудзях i зрабілася нейкай доўгай ды тонкай у чорных штанах i чорным світэры.— Пагаворым сур'ёзна. Сёння мама разгневалася не толькі з-за нас, дзяцей, а яшчэ i... Разумееш, адна адной мы па-жаночаму даказвалі, i мама папракала, што я мала думаю пра цябе, расхвалюю. А табе трэба займацца навукай.

—Я ж не раз гаварыў вам, што i ваша маці была здольная студэнтка, займалася ў навуковых гуртках, магла б гэтаксама быць вучоным i някепскім вучоным, але i я, i яна не маглі самааддана прысвяціць сябе навуцы, бо некаму трэба было гадаваць вас... Вось яна i ўзяла на сябе гэты клопат, памагла мне... I вам гэтаксама... Ну, а я стараўся з усіх сіл i, можа, тое-сёе i зрабіў. Так што віна мая — яшчэ трэба падумаць, ці віна...

—Я не пра гэта...— ціха прамовіла дачка.— Але я скажу праўду. Мне а ж забалела сэрца, што мама лічыць цябе за самага справядлівага, толькі i думае пра цябе, слепа табе верыць, а мае пачуцці ды пачуцці майго жаніха не ставіць i ў грош. Дык я ў злосці не стрымалася i сказала ўсё...

—Што такое? — не зразумеў ён.— Кажы ясна.

—Я сказала, які ты на справе, як дзякуеш, — голас яе задрыжаў.— Сказала, што ты абманваеш, маеш жанчыну...

Навіцкі i зазлаваўся, i разгубіўся:

—Што ты пляцеш, зялёнае дзяўчо?

—Ладна, тата, перада мною не трэба...— Тоня прыплюшчыла вочы, ківала перад сабою праваю рукою, — Я ўсё ведаю. I Элачку тваю прыгожанькую знаю...

Навіцкі не дапытваўся, адкуль яна гэта ўведала. А дазнацца яна магла «па сакрэце» ад некаторых знаёмых супрацоўніц, якія, можа, пра ўсё ўжо i здагадваліся; ён прамаўчаў, адвярнуўся, апусціў галаву і абхапіў твар рукамі: вось гэтая звестка i падкасіла ўражлівую жонку.

Адчуў, як хіснулася, нібы ў землятрус, пад ім зямля і, здаецца, паплыла-паплыла.

—Ідзі адгэтуль...— без злосці i без крыўды шапнуў ён, адчуў, што яму стала горача-горача ў твар, нешта цёплае цяжкае хлынула ў скроні i ў патыліцу, ад чаго раптоўна пацямнела ў вачах.

—Гэта, ведаеш... Сам ведаеш, што гэта...— дачка не пайшла, а засталася i не змаўкала, гаварыла: — Але я вельмі каюся, што не стрымалася. Як толькі мама ачуняе, я папрашу ў яе прабачэння, пастараюся даказаць, што я згарача зманіла. А ты... Сам думай, што рабіць...

Навіцкі чамусьці неяк раптоўна аглух, хіснуўся i ўпаў тварам на халодны падлакотнік канапы, ударыўся пераноссем — але болю не было, зрабілася неяк мляўка, легка, i гэтая слабасць нібы зацягвала ў глыбокую ваду.

—Та-та! — як з-пад зямлі ці з-за тоўстай сцяны пачуў ціхі даччын голас, пасля зусім перастаў яе чуць, як заснуў.

Пасля нешта халоднае закапала на твар — i ён, здаецца, прачнуўся, адчуў, што яму не легка, a вельмі цяжка: вельмі моцна тахкае сэрца, коле, i водгаласкі гэтага болю аддаюцца аж у скронях. Але ён з радасцю адчуў, што сэрца яшчэ вытрымала моцнае ўзрушэнне.

Тоня, якая палівала з кубка на далонь ваду i пырскала ёю ў твар, падала кубак, i ён узяў яго дрыготкай рукой, звонка стукаючы ім аб зубы, адпіў крыху, адчуў, як адразу яму лягчэе.

—Дзякую, — прашаптаў ён, выцер рукавом мокрую бараду, убачыў, што прыбег сюды i сын, стаіць i ca сполахам лыпае на яго велікаватымі вачыма.— Ідзіце. Я хачу пабыць адзін. Скажы толькі, калі ласка, — ён зірнуў на дачку, — у якую бальніцу забралі маці...

Тоня сказала, кіўнула брату ды яшчэ раз зірнула на яго i выйшла з пакоя.

Навіцкі, як застаўся адзін, адчуў, як мацней закалацілася рука, якая трымала кубак. Ён яшчэ крыху выпіў вады, абліў ёю бараду i грудзіну, падняўся, паставіў кубак на стол. Хіснуўся, абапёрся рукамі аб сцяну. Асцярожна падаўся ў дзверы, а пасля па калідоры ў прыхожую — да плашча.

Ішоў, пераадольваў дрыготку ў каленях i адчуваў, што за сёння не толькі сіламі, здароўем, але i душою пастарэў самае малое на пятнаццаць гадоў, хоць — добра разумеў — гэтыя бясчасныя гады прыйшлі не толькі за сённяшні дзень...

1976

СЯМЁН

Новы дзень пачаўся так, як i ўчора ці пазаўчора.

Сямён прачнуўся з першым сонечным прасветкам i вераб'іным чырыканнем. Паволі споўз з цёплай ляжанкі, вобмацкам знайшоў пад лаўкай старыя валёнкі. Абуўся i яшчэ крыху пасядзеў — адыходзіў ад сну i болю ў галаве. З гэтым, цяжкім, са звонам у вуху ды з рэззю ў вачах болем, ён кожную раніцу падымаўся i кожны вечар клаўся спаць. Знікаў альбо забываўся боль удзень — у рабоце, у клопатах. Яго, гэты боль, як сказалі ўрачы, ужо не вылечыш: ён застарэлы, яшчэ ад некалішняй, франтавой, кантузіі.

Боль не паслабеў — наадварот, узмацняўся. Але Сямён болей не прыслухоўваўся да яго, падняўся i патупаў з хаты. На ганку запыніўся, акінуў позіркам наваколле. Здаецца, усё на дварэ такое, якое было i ўсе гэтыя дні: стары плот, грады, тоўстая разлапістая яблыня i гонкая маладая груша за ім, пахілены, накрыты яшчэ саломаю хлеў. Аж не, ёсць i такія-сякія змены: відавочна парудзелі ўжо грады, пабольшала на дрэвах жоўтага лісця, а неба ўжо не лёгкае, не вясёлае, як улетку, а цяжкаватае ад павільгатнелых ды пацямнелых воблакаў, няяркага сонца, патужэлага паветра — увысі i тут, на зямлі, пачала ўбірацца ў сілу ранняя воеень.