Выбрать главу

Пасля Сямён падаіў сваю Лысую — лічы, спрэс белую карову; даёнку з малаком паставіў у сенцах, а карову выгнаў з двара, пачаў прыпасваць каля бульбянога поля, на лапінцы зялёнага маладога дзяцельніку. Стаяў i слухаў, што робіцца ў вёсцы.

Вёска ўжо прачнулася: паблізу i воддаль спявалі апошнія пабуджальныя воклічы старыя пеўні, абзываліся асіплыя за ноч сабакі, рыпелі дзверы, вароты, гудзелі матацыклы i машыны, a ў далёкім канцы ў некага звінела цыркулярка. Вось тут, у Засценку, пачуўся ражок. Значыць, Андрэй, стары яго сябрук, пайшоў займаць каровы.

Неўзабаве той быў ужо тут, каля Сямёнавай хаты, ca статкам. Сямён сілком адагнаў Лысую ад дзяцельніку, далучыў да гурту.

—Здароў, — падышоўшы, павітаўся аднавокі Андрэй.— Ну што: восеніцца пакрыху?

—Ды час ужо, — адказаў Сямён.— Хутка будзеш на ўвесь дзень каровы ганяць.

—Прыйдзецца. Як i прыйдзецца пастарэць яшчэ на адну восень...

Андрэй — у кірзавых ботах, у выцвілым, шэрым плашчы — паляскваючы даўжэзнай пугай, пакрочыў услед за каровамі, а Сямён — у свой двор. Працадзіў малако, выпаласкаў марлю i павесіў яе на частаколіну, пасля падпаліў у печы. Паставіў цяжкія цаганы з вадой i бульбаю, закурыў, сеў на лаве i пазіраў, як угараюцца дровы, цягнецца ў комін сівы дым.

«Ці не збыць карову, свінні? — падумаў.— Нашто мне, адзінокаму, гаспадарка? Як ні зірні, дык адны клопаты толькі з ёю. Трэба сена, подсціл карове, трэба чым карміць i свіней. Расстараешся — тады думай, дзе дзець малако, сала...»

Але i сёння не хапіла рашучасці апаражніць хлеў.

«Як жа жыць у вёсцы без гаспадарскіх хлопатаў? Не, пакуль буду магчы хадзіць, датуль буду як i кожны вясковы чалавек. Іначай ссохну без ніякага занятку».

Паснедаўшы, Сямён падаўся ў гарод. Выбіраць цыбулю.

Здзівіўся: лічы, не відадь той цыбулі. Нядаўна яшчэ зялёны, буйны, як малады лес, цыбульнік ссох, а на градзе за некалькі апошніх дзён разлапушылася дзікая трава, амерыканка, як яе тут называюць, схавала цыбулю. Прыйшлося спачатку выпалаць пустазелле, а пасля ўжо, бачачы рудыя хвосцікі, пачаць выбіраць галоўкі. Побач — градкі морквы, укропу, маку, буракоў i гуркоў; некалькі гурочнікаў запаўзлі аж сюды, на цыбулю, i на гэтых адростках выраслі ў сырасці буйныя, зялёныя, спаднізу белаватыя гуркі.

«Трэба зноў аддаць ix каму, — падумаў.— Сабе насаліў ужо бочачку, хопіць. Андрэю ды суседцы даў; цяпер, можа, Адаму сказаць, каб прыходзілі i бралі сабе на пасол: чуў, што ў ix сёлета гуркі не ўрадзілі».

—Дзень добры, дзядзька, — перапыніў яго думкі малады жаночы голас.

Разагнуўся, азірнуўся.

—А-а, гэта ты, Волька! Дзень добры, — усміхнуўся.— Я нават i не пачуў, як ты падышла. Відаць, глушэю на старасці.

Волька — старэйшая Андрэева дачка. Малодшыя дзеці, сын i дочкі, у горадзе, а Волька жыве з бацькамі. Яна — даярка, а яе муж, Пятро, — трактарыст.

—Добрая ў вас цыбуля, — пазайздросціла, пазіраючы на поўны ўжо кошык.— Лепшая, чым у якіх гаспадынь.

—Вырасла такая, — усміхнуўся.— У вас, пэўне, яшчэ i лепшая.

—Горшая, дзядзька, — прамовіла i абаперлася грудзьмі на плот.— Можа, i таму, што мы, кабеты, столькі не глядзелі грады, як вы, мужчына. Праўда, сорам мне, кабеце, пра гэта гаварыць, але праўда ёсць праўда. Вы — адмысловы гаспадар i адмысловая гаспадыня.

—Які там адмысловы...— прамовіў. I замаўчаў.

Ды што ён мог сказаць болей? Жыла б гаспадыня ці сястра, былі б дочкі ці пляменніцы — займаліся б жаночаю работаю, а яму хапіла б сваіх, мужчынскіх, клопатаў. Але ні жонкі, ні сястры, дачок ці пляменніц няма, дык прыходзіцца ўсюды гаспадарыць самому. Нашто ж, каб пуставала, дзічэла зямля, зводзілася гаспадарка?! Ды як сядзець седзьма склаўшы рукі?!

—Будзе мала сваёй цыбулі, дык возьмеце ў мяне, — пасля дадаў.

—Мама i тата зайздросцяць вам, — сказала Вольга.— Хоць адны, але жывяце ў спакоі, без калатні...— Пасля, адчуўшы, што гаворыць не тое, варушыць у яго сэрцы даўні, усё яшчэ незарубцаваны боль, уздыхнула, паскардзілася: — А мой... Самі ведаеце, які ён... Вось i ўчора напіўся, прыпоўз дадому, сказалі мы з мамаю няласкавае слова — разбушаваўся, усё ў хаце перавярнуў, да нас біцца лез. Сёння мама i тата сказалі: будзеш, прымак, далей гэтакая свіння — выганім з хаты. Ідзі куды хочаш, хоць у лес, хоць у чыстае поле.