Тады зрання пачалі збірацца госці. Добрая палавіна прыехала з горада. Павыходзіўшы з аўтобуса, сябры Казіка цмокалі: «Славное местечко. Еще бы жинку с хорошей тещей, домик, деньжат!..» I смяяліся. Ціснулі да болю маю руку: «Здароў, здароў, стары!», траслі бацькаву: «Привет, хозяин!» Шмат гасцей прыкаціла на матацыклах i на вазах, напакаваных сенам, з блізкіх мястэчак.
Гарадскія госці, у дарагіх чорных касцюмах, у модных туфлях i пры гальштуках, не саромеліся прызнацца, што прыехалі нашча, i адразу паселі за стол, пілі, елі, без супынку хвалілі катлеты, галубцы, піва.
Іншыя — нашы, янкавіцкія i з Налібак, у зашпіленых на ўсе гузікі кашулях, без гальштукаў, падстрыжаныя пад польку, таксама на вяселлі шмат пілі, чарка за чаркаю, мала закусвалі, толькі выціралі губы рукою. Яны быццам адчувалі сябе лішнімі на гэтым вяселлі, найболей паглядалі на сваіх жонак з пазатыканымі ў рукавы хустачкамі. Негаваркія яшчэ жанчыны каштавалі катлеты, булкі, сухарыкі, ківалі сваім мужчынам на яду, шапталі на вуха: «Закусвай, закусвай, каб не давялося валачы цябе дадому!»
Я стаяў са сваімі аднагодкамі за стаяком i цікаваў за вясельнікамі. Мяне таксама пасадзілі б за стол, можа, ля маладых, але было мала месца. Бацька сказаў, што я не такі вялікі госць, a Казік загадаў мне пільнаваць, каб «падшыванцы», гэта значыць мае сябры, не палазілі па кішэнях скінутага гасцямі адзення. Мне было брыдка перад сваімі хлопцамі, i я сказаў, што не буду пільнаваць. Казік зазлаваў, а потым махнуў рукою, толькі прыстрашыў, што адлупцуе.
Я не зводзіў вачэй з будучай братавай — Олі. Яна моўчкі, апусціўшы вочы, сядзела на покуці ля Казіка, які раз-пораз чокаўся чаркай з усімі праз стол, піў, лічы, не закусваючы. Ён, здаецца, не зважаў на Олю — тая не піла i не ела, а нечага плакала, выціраючы вочы i нос белай хустачкаю.
Олю я ўжо крыху ведаў, яна рабіла на прудскім медпункце, i мяне туды вазілі летась, калі я парэзаў палец. Бачыў яшчэ, як раз у нядзелю катаў яе на «Яве» Казік. Ён амаль кожную нядзелю катаў новых дзяўчат, маладых i ў гадах, а пасля на вечар кудысьці прападаў. Варочаўся толькі раніцай, сонны, з прыпухлымі вачыма. Хапаў сваю сумку i, папрасіўшы ў бацькі грошай, бег на аўтобус.
Я прывык да гэтага, думаў, што ўсе дзяўчаты закаханы ў майго старэйшага брата.
Я ўяўляў, што, падцягнуўшыся ў росце, таксама буду вазіць дзяўчат, можа, на «Яве» ці на «Іжы», а то i на легкавой: Казік заробіць на машыну грошай i купіць мне. Аднойчы суседскую ганарлівую Стасю я правёз на веласіпедзе з горкі, але ў шасцярню ўкруцілася калашына, i мы паваліліся. Стася абабіла нагу, заплакала, сыпанула на мяне пяском i ўцякла. Я быў кінуўся наўздагон, але не дагнаў.
Я ўбачыў, што мяне шукае вачыма Янак. Калі я падышоў да яго, ён паказаў мне пальцам на Олю. Яна рабіла знакі: маўляў, ёсць месца. Пасля неяк дзіўна зірнула на Янака, а ён на яе, i абое ў адну хвіліну апусцілі вочы.
Я выйшаў на двор i праз адчыненае акно ўлез у хату, Оля крышачку пасунулася да Казіка, вяла ўсміхаючыся, пасадзіла мяне ля сябе.
—Чаму ты схаваўся i не хочаш паказацца? — шапнула яна мне на вуха.— Мне гэтак сумна... Давай з табой вып'ем крышачку. Добра?
—Ды ён — здаровы малец! — мусіць, першы раз навёў на Олю п'яныя, бліскучыя вочы Казік.— Блатняга! Ён i шклянку кульне. I не зморшчыцца.
—От, не абгаворвай мне хлопца! — не паднімаючы на яго вачэй, мусіць, наўмысна зласнавата сказала яму Оля i пагладзіла мяне па галаве, а пасля палажыла на плячо сваю лёгкую, шорсткую ад шоўку руку. Я, мусіць, зачырванеўся, бо ўсе вясельныя зірнулі на мяне, падміргнулі, a адзін з вусікамі пажартаваў: «Бач ты яго, дзе прымасціўся! Ты, Казік, глядзі...»
—Музыканцікі! — усміхнуўшыся, Казік ляснуў далонямі.— Не паснулі яшчэ?
—Січас, січас, — выціраючы губы хустачкаю, падняў з каленяў скрыпку дзядзька Валюсь.