Выбрать главу

Маладыя хлопцы i дзяўчаты, не слухаючыся ўгавораў старэйшых, пачалі вылазіць. Хлопцы далікатна прапускалі дзяўчат, падтрымліваючы ix за локці. Палез да дзвярэй i Казік, махнуў рукою Олі: «Пайшлі, чаго расселася!»

Старэйшыя мужчыны засталіся за сталамі, уволю цяпер курылі, наперабой гаварылі пра вайну, палітыку, дымілі на ўсю хату.

Танцавалі на вымеценым дварэ — нешта знаёмае, павольна, як кожную нядзелю ў клубе пасля кіно. Але калі да музыкантаў падышоў Казік, дык яны разанулі штосьці хуткае i такое вясёлае.

—Глядзі, чарлістон!

—Гэта ліпсі, ліпсі, цётка.

—А, каб вы пагарэлі са сваімі танцамі!

—I маладая дае! Вось папалася Янукевічу танцорка! — кабеты паказвалі пальцамі, смяяліся.

—Mo i ты, Манька, пусцілася б! — таўханула ў бок сваю суседку Пётрыкава Зося.— Далібог, сумееш так круціць. Ці баішся рассыпацца? Не ведаю, як яны зжывуцца! Ты чула, Манька?..— Зося нагнулася да яе i зашаптала, што сусед наш, Янак, да Олі хадзіў.

—A Казік сілаю яе... Дык i бярэ цяпер. Мо судом прыстрашыла: цяпер сама знаеш, з гэтым дзелам надта... А Янак... Любіць яе. Моцна любіць: мая Яня мне гаварыла. Ой, i будзе ў Янукевічаў вайна! Хіба стары як супакоіць... Але хіба ўпільнуе ён? Казік то ў горад паедзе, а яна з Янакам... Цяпер не разбярэш, што на свеце робіцца...

—Э, не тое! — выбег раптам на круг і махнуў рукою сват Міхал, палажыў баяністу руку на баян.— Не тыя танцы! Калі вы, маладыя, хочаце такіх, то, проша прабачыць, пачакайце. Паспееце — нагуляецеся. Эй, Валюсь! Браток, сыпні полечку! Ды нашу, беларускую! Нашу, браток...

Дзядзька Міхал падхапіў Олю (Казік нават не паспеў нічога сказаць), выскачыў на сярэдзіну:

Эх, дзевачка,

Чаму ты тоненькая?

Пагуляй са мной,

Будзеш ры-рай-рай-рай...

Эх, ха-ха-ха!

—Ну і таўсцюк! Што падмецены скача! — засмяялася Зося.— Так, здаецца, ледзь жывот свой валачэ, а на танцы — спец, каб ты праваліўся.

Зося не паспела дагаварыць: яе падхапіў i закруціў другі сват, дзядзька Антон.

—Танцы знайшлі! Цьфу! — плюнуў Казік.— Цэлы вечар цяпер сваімі полькамі ды падыспанамі зоймуць. I гэты скача, рад вельмі! — гэта сказаў ён, мусіць, пра Янака.

Я ўвесь вечар не зводзіў з Олі вачэй. Тое, што яна будзе жыць з сённяшняй ночы з намі, радавала мяне i крыху палохала.

...Казіка ў горад праводзіў з Оляю i я. Калі паказаўся чырвоны з белымі фіранкамі на вокнах аўтобус, Казік сунуў мне ў кішэню тры рублі.

—Цукеркі купляй, — прашаптаў.— А то ты на мяне гэтакі злосны... Калі Янак сыдзецца з Оляй, то ты не адыходзь, будзь з імі. Добра?

Я радасна кіўнуў галавою.

Казік ускочыў у перапоўнены аўтобус, махнуў мне рукою, потым прыклаў руку да вуснаў — для Олі.

Мы павярнуліся i пайшлі. Оля была нейкая сумная, не смяялася i не хацела жартаваць са мной.

Вяселле адшумела, адзвінела, аб ім ужо i не ўспаміналі. Спярша мне здавалася, што ў нашай хаце нічога не перамянілася: бацька па-ранейшаму паднімаўся на світанку — даіў сам карову, працэджваў малако, карміў свіней. Рана раскатурхваў i мяне выганяць на пашу карову.

Калі я вяртаўся дахаты, хадзіў па сваім дварэ i Янак. Ён з'язджаў на цэлы дзень — карчаваў недзе за Налібакамі алешнік i зарабляў няблага. Я пасля Янакавай палучкі набіваў кішэні цукеркамі i пернікамі.

З Оляю Янак бачыўся рэдка. Павітаецца i стараецца адысці. Оля вечарамі штосьці чытала ці пісала Казіку лісты — з хаты не выходзіла.

На другі тыдзень пасля вяселля я прачнуўся раней, чым звычайна. Брынчалі вёдры, лілася вада: упаў з лавы кубак. Канечне, там гаспадарыла Оля. Я чуў, як яна ўчора расказвала бацьку, што сама таксама з вёскі, скончыла медвучылішча, хацела падавацца вучыцца далей, але не ўдалося.

—Тата, тата?.. Гэта ты пабудзіў Олю? — шэптам спытаў я ў бацькі — ён ляжаў побач.

—Уга! Сама, — таксама ціха прашаптаў ён.— Кажа: «Спіце, тата. Хіба ваша гэта работа з каровамі i свіннямі пэцкацца? I карову сама падганю, хай падрэмле яшчэ Пецька». Далібог, так i сказала. Кажа, што падніме нас, калі снеданне згатуецца.

Бацька мігам схаваў галаву, стаіўся i я: сюды ішла Оля. Я чуў — сцягнула з маёй галавы коўдру, дыхнула цяплом, мусіць, ад печы, i сціснула мой нос. Я не ўтрымаўся, каб не ўсміхнуцца.

—Спіш, швагрусёк? — прашаптала яна i прыгарнула мяне да сябе, прыткнуўшы сваю шчаку да маёй.— Ну, паспі яшчэ трошачкі, — накрыла мяне i адышла.

Мне стала лёгка-лёгка i радасна, здаецца, намнога вальней забілася сэрца.

Калі мы паснедалі, Оля паехала на бацькавым веласіпедзе ў медпункт. Панеслася што віхор.

—От галаву яшчэ дзе скруціць! — усміхнуўся сабе пад нос бацька.— Хоць бы цішэй крыху...