Выбрать главу

«Во! — падумалася мне.— Каб я так насіўся на тваім веласіпедзе, то скора забраў бы i накруціў бы вушы. I на Казіка насварыўся б. А на Олю — не...»

Заўважыў я, што раней звычайнага пачаў прыязджаць з работы Янак. Ён несся на «Яве» што чорт, аж крычалі i ляцелі ў свае двары куры, a бабулькі спалохана падбіралі ca сцежак малых дзяцей.

—Слухай, Оля ўжо вярнулася? — спытаў ён аднаго дня, нечага чырванеючы.

—- Не, — шчыра прызнаўся я.— A які ў цябе да Олі інтарэс?

—Дваякі! — ён даў мне ў лоб пстрычку i засмяяўся.— Менш старайся ў свае гады ведаць! Слухай, — Янак пацішэў, — хадзі сюды. Ну, не бойся. Гэта во — табе. А гэты кулёк аддасі Олі. Скажаш, што ты купіў за свае грошы, — ён прыплюшчыў вока.— Я чуў, што бразгаюць капейкі ў цябе. Ці не Казік раздабрухаўся?

—Не, — зманіў я i адчуў, што запалалі шчокі.— Тата даў. А чаму ты сам ёй не хочаш даць? Чаго ты яе баішся? Вось я...

—Ну, аддасі?

Не паспеў я пакаштаваць i першай цукеркі, як на веласіпедзе ўляцела ў двор Оля. Саскочыла з яго, падбегла да мяне. Бегла босая i таму на пятках — калоўся пясок. Яна падхапіла мяне пад пахі i памчала ў хату. Я не бараніўся i адчуваў сябе неяк няёмка, саромеўся. Відаць, ад таго, што я гэтак мала пазнаў цяпла i ласкі матчыных рук: яна памерла, калі мне не было i года.

— Ведаеш што, Пецька? — Оля прыціснула мяне да грудзей.— Зараз пабяжым купацца. Спацела я! Запылела! Ой! — яна апусціла мяне на падлогу.— I ногі ж у цябе! Хоць рэпу сей. Каб бачыла раней, то не захацела б сябраваць з табой.

—Я памыюся сёння, — мне стала сорамна перад Оляю.— На, — не паднімаючы вачэй, падаў ёй кулёк з цукеркамі.

—Цукеркі? — яна засмяялася, разарваўшы кулёк, усыпала мне за пазуху цэлую жменю.— А табе хто даў?

—Янак.

—Янак?

—Ну, — я раптам адчуў, што прагаварыўся.— Гэта я пасмяяўся. Я сам купіў.

—Ты? А дзе ж ты гэтулькі грошай узяў?

—Казік даў.

—Ой, Пецька, любанькі, не мані, — яна паківала галавою.— Няможна. Ну, скажы праўду. Янак купіў, га?

—Ага, — матнуў я галавою, ведаючы, што давядзецца ўжо з тыдзень не падысці да Янакавай «Явы».

Оля шпарка падбегла да акна, расчыніла яго, перагнулася:

—Янак?

—У-У, — пачуўся яго голас.

—Дзякуй за падарунак! Не забыўся: сёння ў мяне дзень нараджэння!

—За які падарунак? — Янакаў голас пачуўся бліжэй.— Нічога не разумею.

—Ой, не ведаеш! — Оля паківала галавою.— От хлусы сабраліся! I малы, i вялікі.

Не дачакаўшыся Янакавага адказу, Оля падбегла да мяне, падняла мой падбародак i цмокнула ў шчаку.

Калі мы з ёю выходзілі з хаты, я ўбачыў, што Янак сядзеў у сваім дварэ i корпаўся ў матацыкле.

«I што ён там робіць? Нядаўна хваліўся, што «Ява» спраўная».

—Пайшлі на рэчку, хлус! — пазвала яго Оля.

—Я памыўся ўжо, — сказаў Янак, не паварочваючыся.

—Памыўся! Калі ты паспеў! — засмяялася Оля.

Яна зайшла ў суседскі двор, да Янака, паваліла яго на спіну.

—Пайшлі!

—Я ж быў...— расплыўся нарэшце ва ўсмешцы i Янак.

—Ах ты манюка! — Оля нагнулася, валасы апалі на Янакаву галаву. Я ўбачыў, што яна пацалавала суседа.

«I Янаку цяпер добра».

Оля ўскочыла, схапіла маю руку, i мы пабеглі. Я азірнуўся. Янак стаяў i глядзеў нам услед.

Рэчка ў нас неглыбокая. Некалі не было відаць i дна, гаварыў мой бацька, але як пракапалі, каб асушыць балота, вада спала, звялася i рыба.

—Пецік, ты купайся за тым кустом, а я тут буду. Усё ж ты хлопец, — пажартавала Оля.

Праз лісце алешніку я зірнуў i ўбачыў, як яна сцягвала цераз галаву світэр. Апускаючы на ногі спадніцу, яна цікнула на мяне.

—Швагра! Не глядзі!

«Што маленькая... Саромеецца».

Я хуценька распрануўся, скокнуў у ваду, на хвіліну ад задавальнення заплюшчыў вочы, пасля пачаў плюскацца. Гонячы перад сабою вялікія, адзін за адным кругі, падплыла i Оля, моцна б'ючы па вадзе.

«I плаваць добра не ўмее. Я лепей...»

Оля апырскала мой твар вадой, пачала біць па вадзе далонню. I пакуль я засланяў рукамі твар ад пырскаў, яна прыцягнула мяне да сябе. Я пачаў адхінацца, але Оля трымала моцна. Тады я ўшчыпнуў яе за жывот, яна войкнула i села ў ваду. А я выскачыў на бераг.

—Няможна так, — паскардзілася яна.— Пецік, не ўцякай... Я жартам...

Пасля яна вылезла з вады, прыкрыла грудзі рукамi. Прысела. Папрасіла, каб я расчэсваў ёй валасы. Доўгія, на ўсю спіну, мяккія-мяккія, прыгожыя. Калі я працягваў зверху грэбенем, Оля зажмурвалася. На яе спіну зляталі з грэбня кроплі вады, ад ix Оля аж выгінала спіну.

—Пецька, ты любіш мяне?

—Не ведаю, — засаромеўся я.

—Як гэта ты не ведаеш? Не любіш, значыць, — яна, мусіць, пакрыўдзілася.— А скажы, Янак любіць мяне?