Выбрать главу

Я паціснуў плячыма.

—А ты Янака любіш? — зірнула на мяне неяк з не цярплівасцю.

—Люблю, — адразу адказаў я.

—A Казіка? Любіш ты Казіка?

—Не ведаю, — паціснуў я плячыма.

—I я не ведаю, ці люблю Казіка, — Оля сказала i змоўкла, пасля прытуліла мяне да сябе, пачала гладзіць па мокрай галаве.— I я Янака больш люблю, мне за яго трэба было замуж ісці, але, — яна ўздыхнула, — ты гэтага яшчэ не зразумееш! А цябе я, дурненькі, вельмі люблю. Больш, як Казіка, як Янака, як тату. Сіротка мая... Ты добры, Пецька, толькі нешта хаваеш ад мяне, недагаворваеш. Чаго ты ўчора за мною ішоў, калі я да Ані вечарам выходзіла?

Я апусціў галаву i маўчаў, мне стала сорамна, што Оля здагадалася, што я за ёй трохі падпільноўваю.

—Сама цяжка, калі бачыш, што нехта табе не верыць. Значыць, не любіць цябе, зневажае... Цяжка, аж плакаць хочацца...

—Я, я... люблю цябе...

—Я не пра цябе, Пецька. Я пра яго, пра свайго...— Яна стала бокам да мяне, пачала адзявацца.— Ужо i ў школу хутка табе. Заўтра мы, можа, паедзем у раён. Касцюмчык, туфелькі новыя табе пастараемся...

Ідучы дамоў, мы згледзелі Казіка. Оля кінула мяне i пабегла да яго, высокага, з пышнымі бакенбардамі. Кінулася на грудзіну, абхапіла шыю рукамі.

—Пачакай, — адштурхнуў яе Казік, — дай штаны ачысціць, а то — як вахлак хаджу.

Оля адскочыла ад яго, адвярнулася i закрыла твар рукамі.

—Ладна, кінь крыўды. Будзь прасцей, — абняў яе Казік, зірнуў на мяне.— А ты тут чаго? Кыш адсюль...

Я адбегся i азірнуўся. Казік i Оля цалаваліся.

«I Казіку цяпер добра. Бач, як доўга цалуюцца, хочуць, каб паболей хораша было».

...Вечарам, сустрэўшы на вуліцы хмурага Янака, я пацягнуў яго за руку ў наш двор. Ён здзіўлена пазіраў на мяие. Я паказаў яму на высокую яблыню: пад ёю на разасланай дзяружцы ляжала Оля, а збоку сядзеў ля яе Казік.

—Мазалі на тваіх руках...— гаварыў Казік.— Вёдры цягаеш? Не цягай.

—Шкода твайго бацькі, — прашаптала Оля, — мужчына, а...

—Шкода, шкода... Падумаеш, мне вялікі гонар, што мая жонка свіныя вёдры носіць... Паедзем са мной. А то здзічэеш тут, сярод свіней. Сорам будзе людзям паказаць.

—Глядзі, глядзі! — тузануў я Янака за рукаў.

—От! Другі раз вушы абарву, калі будзеш лезці не ў сваё, — адпіхнуў мяне злосна Янак i пайшоў.

—Ну, як? — злавіў мяне пасля вячэры аднаго на дварэ Казік.— Яны, гэтага... не цмокаліся?

—Не, — утаіў я.

—Ты, пацан, праўду гавары!

—Далібог, не бачыў, — сказаў я.

—Ціх! — сыкнуў на мяне Казік.— Яна, можа, стаіць дзе i падслухоўвае. Ты мо i не думаў глядзець за імі?

—Дальбог, глядзеў...

—Ну, ладна. Малайчына! — пагладзіў Казік па маёй галаве.— А касцюмчык табе Оля купіць. Ведай маю дабрату! Ты, брат, пільнуй. Ты мала каму вер на гэтым свеце. Пацан, салага ты яшчэ, некалі ўбачыш...

Я так i не зразумеў тады, што ён мне хацеў сказаць, але толькі не паслухаўся яго, па-колішняму верыў тату, Янаку, Олі, а яму... Сапраўды, чамусьці Казіку мне не хацелася верыць.

Нядзелі я ніяк не мог прычакаць. У гэты дзень медпункт не працаваў, i Оля мелася быць дома. Яна падакляравала мне касцюм, а яшчэ сказала, што пачастуе марожаным, якога я дагэтуль i ў вочы ніколі не бачыў.

Устаў я раненька, раней за ўсіх. Дапамог Олі падмесці двор, знёс кошыкамі ў поле смецце, а пасля прынёс сырога, жоўтага пяску i густа высыпаў сцежку.

Пазней мужчыны, што прыходзілі падстрыгацца да майго бацькі, страшылі мяне, што я адаб'юся ў горадзе ад Олі, буду бегаць i плакаць адзін. Але я не баяўся: ведаў, што яны жартуюць.

Калі мы з Оляй выскачылі з хаты, то ледзь не збілі на ганку з ног нашага брыгадзіра.

—Куды вы, Янукевічы? — запытаў ён.

Я паспяшыў пахваліцца.

—Канечне, яно трэба, — брыгадзір пачухаў патыліцу.— А можа, вы, Вольга Васільеўна, выратавалі б мяне сёння. Ведаеце, жыта за рэчкаю асыпаецца. А як дождж? З'есць тады мяне старшыня! Нядзельнік во зрабіць надумалі, падабраць за жняяркаю валкі.

—Як, Пецька? — тузанула мяне за нос Оля.

—Ай, — пацягнуў я яе за руку.— Паехалі... Тата сходзіць.

—Не, мусіць, трэба памагчы, — затрымала мяне Оля.— Дзядзьку Мікіту могуць з брыгадзірства скінуць.

—Ну, не скінуць, — усміхнуўся брыгадзір, — але будзе грызні...

У Стоўбцы мы не паехалі. Выбралі лягчэйшыя граблі, падышоў Янак з драўлянымі вілкамі, i мы пайшлі вуліцаю за рэчку. Янак i Оля ішлі побач, а я трумсаў другім бокам вуліцы, перабіраў грабільнам штыкеціны платоў.

Недалёка ля моста, ужо за вёскаю, Оля войкнула i прысела. Я быў злосны i не падбег да яе — злаваўся. Дакляравала-дакляравала i — на табе! А Янак нагнуўся i пачаў шукаць у назе стрэмку, але нагі Олінай у рукі не браў. Яна засмяялася, пабегла. Дагнаўшы мяне, падхапіла на рукі.