Выбрать главу

Я ж цябе падманула,

Я ж цябе падвяла,

Я ж цябе, маладога,

З розуму звяла...

Я нехаця зграбаў жыта, не зважаў на Оліны жарты, адварочваўся, калі яна хацела зазірнуць мне ў твар.

—Злуе! — ківала яна на мяне галавою Янаку.— Ну, Пецік, у гэтую нядзелю. Далібог, ужо ў гэтую...

Мы не пайшлі да ўсіх за рэчку, бо Олі захацелася грэбці ля лесу, нашаю групкаю.

—Мы — ударнікі, — смяялася яна.— Перадавікі. Змагаемся за... Янак, не адставай, бяры прыклад з Пеці. Ён лепш за нас усіх працуе.

Я не хацеў з ёю размаўляць ці жартаваць. Калі я сабраўся кінуць граблі i марсянуць дамоў, пацямнела, прапала сонца, адразу пасвяжэла, застыў на спіне i на твары пот. Над вёскаю чарнела вялікая, на палавіну неба, хмара. Хутка аднекуль наляцеў вецер, закруціў, панёс хапкі жыта, чапляў за кусты. Гэтак жа хутка пырснулі халодныя кроплі. Потым зашумела, завесіла вёску: лінуў спорны-спорны, цёплы дождж.

Янак i Оля схаваліся ад дажджу ў раскіданай ветрам нечай капе сена, а я залез у другую, што была збоку іхняй.

Стрэліла, аж трасянуліся ля вушэй жылкі.

—Ідзі сюды, хопіць дзьмуць губы, гэй! — гукнула Оля.— Адзін баяцца будзеш.

—Не будзе, — заспакоіў яе Янак.

—Злосны i помслівы ты, мусіць, Пецька, як i твой брат...

Я маўчаў. Маўчалі i яны. Усё, мусіць, паглядалі на поле, на тое, як да дзяўчат перабягалі хлопцы, як вісеў над іржышчам дождж. Пасля я бачыў, што Оля высоўвала з капы руку, збірала на яе ваду i пырскала ёю на Янака — кідала яму на грудзіну, відаць, на гарачы, яшчэ не астылы твар.

—Чаго ты такі, Янак? — пачуў я, хоць Оля i ціха гаварыла.— Ты ж не такі ўжо быў ціхоня. Не раз бараніцца трэба было...

—Не быў, — Янак высунуў босую нагу на дождж.

—Ты яшчэ любіш мяне?

—Чаму ты так думае ш?

—Ты ж... Не мог ты ўжо ўсё забыць...— ціха гаварыла Оля.

—Я хацеў таго, чаго хлопцы хочуць...

—Няпраўда. Не мані. Ты не такі. Гэта Казік тады з першага вечара не паважаў мяне, нахабнічаў... Ты дарэмна тады ўцёк, пакінуўшы Казіка ca мною... Haшто ты яго прыводзіў? Чаму злаваўся, раўнаваў? Дзяўчатам падабаюцца вясёлыя хлопцы, вось я i... Далібог, у той вечар была я з Казікам строгая... Можа, ён, вярнуўшыся, табе абы-чаго нагаварыў... Яначак, скажы, ты любіш мяне?

Янак маўчаў.

—Маўчыш. Ну, i не кажы. I не трэба... Сваркі баішся. А я ўбачыла, што Казік мяне не любіць, што яму трэба было даказаць, што за ім любая...

—А чаго ж ты ішла тады за яго? — ледзь не закрычаў Янак.

—Табе назло. Як пакінуў тады мяне, падумаў брыдкое, не паверыў мне, то я i вырашыла адпомсціць...

—Адпомсціць, адпомсціць! — Янак гаварыў злосна.— Помста! Скажы: баялася, што буду бензінам пахці i ты за мною горада не ўбачыш, прападзеш ля свіней... Здзічэеш!

—Змоўкні!

—Праўда вочы коле... Янак цябе толькі можа на трактары пакатаць... На трактары? Сорам! Вось сусед — гараджанін...

Янак гаварыў, крычаў, а Оля маўчала i, мусіць, плакала, а пасля змоўк i ён.

—Янак, я вазьму развод? Усё роўна прыйдзецца...

—Як хочаш, — Янак апусціў вочы i пачаў капаць пяткаю зямлю, — раз ужо людзей насмяшылі...

—Ты ж любіш мяне, счарнеў вунь...

—Ну i што?

—Як — што! — Оля нахілілаея, упала яму на грудзіну.— Навошта мы губім сябе?

Янак падняў яе галаву, зірнуў у вочы, а пасля пачаў цалаваць. Оля не баранілася.

«Думаюць, што я не бачу. Скажу тату...»

—Янак, — яна адхінулася ад яго, — як сёння прыедзе Казік, то адразу сама i скажу... Не будзе ў нас з ім жыцця... Мы з'едзем куды — хоць у Сібір, хоць у Казахстан, — а пасля, калі ўсе забудуць, можам i вярнуцца. Чаго маўчыш? Скажы што...

—Думае ш, мне легка? — ціха сказаў Янак.— Як падумаю, што ты ўжо...

—Ну, якая? — не дачакаўшыся, нецярпліва запытала Оля.

—Якая! Чужая...

—Чужая...— перакрывіла Оля.— Вось як... Ды ты ні кропелькі мяне не кахаў. Кахаў бы — усё зразумеў...

Оля яшчэ шмат папікала, а пасля нечакана падхапілася i пабегла ў густы дождж.

—Янак, — перабегшы да свайго суседа, усклікнуў я, — пакатаеш мяне сёння? Вунь як будуць ляцець з-пад колаў пырскі!

—Адчапіся ты! — буркнуў той.— Не да цябе...

Казік прыехаў дамоў пад вечар, прывёз мне ўсялякіх ласункаў. Сам не разумею, як усё здарылася, але ён змусіў мяне расказаць пра сённяшні дзень. Слухаў, кусаў вусны.

—А ты хоць, асёл, з імі ў адной капе сядзеў ці воддаль дзе? — закрычаў на мяне.

—Воддаль.

—Эх ты, дубіна!

—Чаго ты так на Пецьку крычыш? — аднекуль нахапілася Оля.