Выбрать главу

Але стомленае, аслабелае ласяня не магло ўжо болей уцякаць, яно толькі торгнулася, крышку праехаўшы ўперад на складзеных пярэдніх нагах i жываце, i зноў заплюшчыла вочы, чакаючы ўдару, за якім ягонае цела зноў ірвануць вострыя клыкі, ды адчуваючы, як зайшлося ад страху сэрца, шурхне, збягаецца i халаднее скура; звер, які чамусьці амаль не пахнуў лесам, дзікім сіверам, ператраўленым пахам дзічыны, a меў нейкія чужыя, як палявыя, пахі, не накідаўся, a таптаўся паблізу, нават не датыкаўся, a залівіста, аж закладала ў вушах, брахаў. Неяк дзіўна сёння абзываўся i той страшны звер — закінуўшы ўверх невялікую галаву, працяжна зацягваючы, выў, — пасля гэтага хутка прыбеглі аднекуль яшчэ такія ж невысокія злосныя звяры i разам абкружвалі, нападалі; нарэшце, правалтузіўшыся так з ночы да раніцы, адсталі ад яго i пагналі некуды маці. Відаць, вось так падклікае сабе памагатараў i гэты чорна-белы звер...

I праз брэх чуваць было, што гучныя крокі ўсё прыбліжаліся, цяжэлі, ад ix аж пачало, здаецца, бухаць у вушах; нарэшце заціхлі, у гэтую хвіліну змоўк i брэх — i спачатку халодны цень, а пасля i нешта вялікае, пахкае i лесам, дымам, смалою, i гэтым чорна-белым зверам, i зусім яшчэ нечым не звярыным, не дзікім, прысела над ім, мякка лэпнула па здаровым сцягне — ад чаго ласяня ўздрыгнула, моцна заплюшчваючы вочы i душою адчуваючы: ну, вось i няма сіл уратавацца, вось i прыйшла смерць!.. I яно абыякава падумала: што будзе, хай тое i будзе. Ад слабасці i адчаю апала галава, тыцнулася зубамi ў зямлю, аж забалелі вусны i набілася ў рот сырога пяску.

Яно плюшчыла вочы, аж уздрыгвалі бровы, сціскалася ў камячок, чакаючы ў любое месца цела балючага ўдару, але ўдару не было. I тады яно з цяжкасцю адплюшчылася i як скрозь вільготны туман, відаць, праз слёзы, убачыла, што сядзіць каля яго на каленях невядомы яму звер, трымаючы пярэднія ногі з доўгімі пальцамі высока над зямлёю. I гэтыя ногі, i твар звера былі белыя, зусім без шэрсці, добра кранутыя загарам. Доўгая шэрсць была толькі па круглай галаве з высокім белым ілбом.

— Дальбуг, плача па-чалавечаму...— як са здзіўленпем пачулася ад таго, i ласяня ўспомніла, што i ў лесе, i за лесам, за рэчкаю, ужо не раз чула такія далёкія галасы, здзіўлялася, які ж звер ix вымаўляе, хацелася пачунь лепш, убачыць таго, але маці зводзіла падалей, балюча таўхалася, каб яно ніколі не імкнулася ісці на гэтыя галасы, i вось яно цяпер пачула, убачыла, хто так гукае (пачула, але нічога не разумела, як не ведала, што гэта ніякі не звер, а чалавек, i не абы-які чалавек, а тутэйшы ляснік).— Ну, што з табою, маё цялятка? Ножку зламала, гойсаючы, ці матка цябе кінула?..— i яшчэ рукою палэпаў яго па спіне, ад чаго яно зноў заплюшчылася, задрыжала, сціснулася.

Той раптам, як толькі даткнуўся да раны, адхапіў — як ад агню — руку, якая стала чамусьці чырвона-яркай, зацёр яе аб зямлю.

—Ды вось яно што!..— усклікнуў ён.— Ваўке цябе парвалі... Беднае ты мае, бязвіннае...

I ён хуценька ўстаў, нарваў паблізу травы i ёю, прыціскаючы, выцер ніжэй раны, кінуў убок, зноў вырваў i працягнуў жмут да калена — услед за яго рухам нага запякла, зайшлася ад болю. Адляцеліся i зазвінелі мухі.

—Трэба ратаваць цябе, цяля маё, — сказаў ляснік, падсунуў пад жывот ласяняці спачатку адну, а пасля i другую руку, падцягнуў, выносячы з-пад куста, пасля падкінуў; высока падняў, што ў ласяняці не толькі абвіслі доўгія белаватыя ногі i не маглі дастаць зямлі, але i закружылася ад непрывычкі галава, i панёс, блытаючыся ў роснай папараці, што па грудзі рабіла вільготнай вопратку носчыка.

Паперадзе ix пабег сабака — падаўся не скачкамі, аж выцягваючыся, як беглі сёння ваўкі, a задрабязіў, часта прыпыняючыся i шохаючы зямлю: там, прыходзячы з поля, жылі мышы, рыўся, выварочваючы чорна-жоўтыя купіны, стары крот.