—Ды ты не ўмееш яшчэ піць з місы... Ты яшчэ, брат, зусім нягеглы, — усё так жа лагодна сказаў ляснік, устаў i зноў падаўся да шафкі.
Узяў там бутэльку i, нагінаючы, ільючы на стол, пачаў пераліваць у яе з міскі малако.
Ласяня, шкадуючы, што так хутка прапаў ласунак, аблізала языком вусны, бараду, адчуўшы, што i гэтае малако смачнае, з радасщо праглынула ўсё, што трапіла ў рот, яшчэ больш распаляючы голад.
Ляснік хутка вярнуўся, несучы ў руках бутэльку з чырвонаю соскаю, даў яе, халодную, мяккую, i ласяня, скрывіўшыся ад непрыемнага гумовага паху, пацягнула i адчула, што малако палілося ў рот тонкім струменьчыкам. Ад радасці яно ледзь не захлынулася, памкнулася ўсхапіцца, але яго працяў боль у назе, i прыйшлося аціхнуць, перачакаць, калі стане лягчэй, тады ўжо смактаць далей, выцягваючы шыю i стараючыся не выпусціць слізкай соскі.
I ўжо смокчучы, яно бачыла, як з другой, адгароджанай, палавіны хаты, адчыніўшы дзверы, зайшло двое заспаных босых дзяцей — худаваты, але высокі хлопчык гадоў сямі i поўненькая, у доўгай белай кашульцы дзяўчынка гадоў пяці. Спачатку, тручы ручкамі вочы, яны з дзівам пазіралі на бацьку i на яго, а пасля ажывіліся, пайшлі сюды хутка-хутка — i ў ix адразу прапаў сон, шырока адплюшчыліся вочы i паадкрываліся роцікі.
—Гэта другое цялятка?— запытала мякенькім, далікатным голасам дзяўчынка.— Дзе ты яго ўзяў?
Бацька нічога не адказваў, пасміхаўся.
—Гэта не цялятка, — сказаў хлопчык, пакручваючы на голым вострым плечуку шлейку ад майкі.— Гэта маленькі лось. Так, татусь?
—Так, дзеці, — сказаў ляснік.— I цяпер ён будзе жыць у нас, пакуль не вылечым яго.
—Лёсь, лёсь! — прысеўшы ля ласяняці i гладзячы яго маленькаю ручкаю па спіне, гаварыла дзяўчынка, а пасля зайшла з другога боку i пацягнулася да бутэлькі...— Дай я, татусь...— I як той згадзіўся, узяла бутэльку i трымала яе абедзвюма ручкамі.
Ласяня, з цікавасцю пазіраючы на маленькіх дзяцей, высмактала ўсё малако, нават доўга патрымала пустую соску, ад чаго тая засвістала, а пасля зліплася. Як забралі яе з рота, яно пацмокала языком, адчула, што зусім змарылася, што самі пачалі ліпнуцца вочы.
...Ноччу — пасля таго як яго рану прыклалі падбелам, зноў напаілі малаком i яно спала — прытрызнілася, што паблізу блукае маці, ціхенька падклікае яго — самотна мычыць.
Яно прахапілася, прыслухалася — мыканне прапала. Толькі, здаецца, дзьмухнуў, адбіўся ад сцяны вецер. Як яно суцішылася, пачынала засынаць — зноў пачулася жалобнае мыканне.
Ласяня напялася, абапёрлася на пярэднія калені, каб стаць на заднія ногі, а пасля падняць ужо адну i другую пярэднія, але задняя нага не ўпёрлася, як у лесе аб зямлю, а паехала, зарыпела капытом па падлозе. На нагу аб'ехала з плячэй старая фуфайка, i яно заблыталася ў ёй i ў падасланай, але ўжо збітай набок дзяружцы.
—Ужо хвост падняло, га? — пачуўшы яго грукат, азваўся гаспадар, які ў майцы i трусах прыйшоў сюды са спальпі i ўключыў святло, асляпіўшы зусім ласяня.— Ужо i сіла ест? Га? Гэта добра, але каб не нарабіла ты нам бяды, я адгараджу цябе, — i ён, прыпаднімаючы, прывалок перад сабою i паставіў наўскасяк высакаваты столік.— A заўтра, маё даражэнькае, я цябе ў дрывотню затарабаню. Там табе будзе воля...— пастаяў крыху, успёршыся грудзінай на столік, пагладзіў па спіне i, выключыўшы святло, пашлэпаў назад у спальню.
3
Прайшло пекалькі тыдняў.
Ласяня падрасло, падужала, пачула, што ў яго залячылася рана — спачатку зацягнулася цвёрдаю, тоўстаю, бураю ад крыві нарасцю, а пасля гэтая нарасць пачала сушэць, свярбець i адлушчвацца ды абвісаць.
У падпаветцы — на ахапку сена — яно спала ноччу, а днём гуляла па двары, пазнаёмілася з усімі яго насельнікамі. Палюбіла шчыра гаспадара, добрага i спагадлівага чалавека, мірна ўжылася з крышку страгаватаю i буркліваю гаспадыняю, падружылася з таварысцкім сабакам, са свавольнікам цялём, амаль равеснікам, з якім гойсала па двары; з катом, з курамі — драбнатой — яму было нецікава, i яно без ніякай злосці, толькі дзеля жарту не адганяла тых, a наўмысна бегала за імі, нясмелымі, пудкімі, бачачы, як яны баязліва ўцякаюць, i гаспадар, заўважыўшы гэта, у першы раз накрычаў, кажучы, што ката чорт не возьме, а вось курэй не трэба гэтак палохаць: яны i пер'е губляюць, i «адбіваюцца», не нясуцца. З вялікай — амаль з ласіху — каровай адразу ж, у першую хвіліну сустрэчы, ніякага сяброўства не выйшла: яно памкнулася да яе, да вымя, пачуўшы пах малака, але тая балюча трэснула задняю нагою, i яно, плачучы ад болю, больш не падышло да яе, як i тая ганарліва не звяртала ніякай увагі.
Найбольш ласяня пасябравала з гаспадаровымі дзецьмі — з хлопчыкам i дзяўчынкаю. Яно не ведала, каго больш з ix любіла. Відаць, абаіх пароўну. З імі яно i дурэла, бегала па двары, брала з іхніх рук смачны хлеб, салодкія цукеркі i пернікі, ад ix яно атрымала смешную, нават дураслівую мянушку — Губаты.