Выбрать главу

Прыдумаў гэта хлопчык. Усё дзівіўся, што ў яго, ласяняці, такая гарбатая морда, абвіслая верхняя губа, а пасля i выдумаў: «Губаты!» Падклікалі яго адным з цялём клічам: «Цяля-цяля!» — а мянушку вось далі такую.

Спачатку называлі так дзеці, а пасля пачалі гэтак падклікаць i сталыя.

У адзін з апошпіх летніх дзён, у яшчэ раннюю, сівую ад туману раніцу, да якой яго рана стала цвёрдай, зарубцавалася, ужо не трэскалася i не балела, толькі крышачку саднела, хоць так i не зарасла шэрсцю, чамусьці зрання прынёс яму вядро з пойлам не босы, яшчэ заспаны хлопчык, а сам гаспадар. Ён быў ужо ў аброшаных кірзавых ботах, старым пінжаку, на плечы якога начаплялася шмат лясной павуціны, i ўвесь ён пахнуў вільготнымі грыбамі.

Прынёс па паўвядра пойла яму i цяляці, якое сёння чамусьці ўсё яшчэ не выводзілі ў поле i з якім яны дасюль елі з цабэрка свежую траву.

Хлопчык заўсёды стаўляў перад ім вядро, апускаў у яго руку, i Губаты, ловячы пальцы, хлябтаў смачнае цёплае пойла, а пасля ўжо языком вылізваў наліплае да дна салодкае цеста. Цяпер Губаты тыцнуўся ў вядро, шукаючы мяккіх пальчыкаў, абліў да вачэй морду і, нічога не абмацаўшы, не мог піць, толькі выплёхваў усё долу.

Ляснік моўчкі пазіраў, але пальцаў сваіх не даваў i за такую марнату не крычаў. Стаяў i курыў зацяжкамі, моршчыўся. Быў ён сёння нейкі задумлівы, надта сур'ёзны.

Як цяля выпіла i вылізала сваю долю, ласяня абы-як гэтаксама апаражніла вядро, ляснік узяў з плота зматаны ланцуг, адзеў ашыйнік на цялячую шыю, адчыніў брамку i павёў яго з двара. У тыя разы, калі выводзіў цяля на пашу, зачыняў брамку перад самым носам Губатага, якому гэтаксама хацелася пайсці разам, не заставацца аднаму, а сёння чамусьці не паспяшаўся гэтага зрабіць, i Губаты — спачатку нясмела, як не верачы, што яму гэта можна, а пасля смялей — памкнуўся следам.

Яны падаліся па выцэментаванай сцежцы ля хаты; ідучы, Губаты ўбачыў, што ў запацелае ад цяпла акно пазірае гаспадыня, глядзіць самотна i нават, здаецца, нечага плача — выцірае рагом белай хусцінкі вочы.

За яшчэ адною — лаўчэйшаю намнога — брамкаю амаль адразу пачаўся бела-шэры брук, на якім Губаты ледзь не спатыкнуўся, не могучы ісці па каменнях. За брукам ляжаў неабгароджаны вялізны — ад вуліцы да лесу — выган, амаль увесь ужо выгаралы ад сонца, рыжы, але мясцінамі, у лагчынках, яшчэ зеленаваты. Гаспадар прывёў ix да зелянейшай лапіны, па дарозе вырваўшы з зямлі калок, да якога, відаць, раней прывязвалі цяля.

Як гаспадар прыпыніўся, нагнуўся, пачаў забіваць каменем у дол сплясканы зверху калок, пятлёю надзеўшы яго на ланцуг, стала i ласяня, здзіўленае такім вялікім прасторам, над якім, здаецца, намнога пабольшала i блакітнае, з лёгкай парнасцю неба.

— Ну што, Губаты? — кінуўшы вобзем камень, ляснік падняўся, атрэпаў аб штаніны рукі, а пасля пагладзіў яго па спіне.— Стаў ты ўжо дужы, здаровенькі, то ідзі ў свой дом, так сказаць, i жыві, дзе ўсе твае сваяке жывуць... Бо цяперака, покуль ты яшчэ малое, табе добра ў нас, а скора будзе нядобра... Ідзі, покуль дзеці спяць...— сказаў так i падштурхнуў у зад.— Ідзі, звярок мілы, да свайго, а пра нас забудзь... Так будзе табе ж лепей...

Губаты адышоўся, пхнуў мызаю цяля — i яны, як штодня ў двары, іматнулі адсюль. Але хутка цяля, ірвануўшыся, стала: яго, напяўшыся, затрымаў ланцуг. Ляснік, які шлэпаў у ботах за імі, замахаў вялікімі рукамі — i Губаты, зусім не спалохаўшыся, a дурасліва i як дражнячыся, падскочыў, брыкнуў заднімі нагамі i гайцануў далей, імгненна п'янеючы ад вялікай прасторы, бегу, душой адчуваючы, як яму ўсяго гэтага дасюль не хапала.

За выганам пачаўся адразу малады лес, які знаёма запахнуў зеленню, смалой, расою, — i ў душы Губатага нешта як варухнулася, захацелася бегчы, i ён, ужо нічога не помнячы, не азіраючыся, мінуў маладняк i памчаў у глыб лесу. Стары сасоннік яшчэ болей завабіў нечым невядомым, родным, мілым, што ён адчуў такое вялікае шчасце, якое, здаецца, не толькі поўніла грудзі, але i ахмяліла зусім. Ён прабег яшчэ, тыцнуўся ў высокую траву i нечакана, зморшчыўшыся, спыніўся: гэта былі калючыя ажыны.

Губаты хутка выблытаўся назад, адчуваючы, як гараць агнём падрапаныя ногі, прайшоў крыху, асцярожна дакрануўся мордай да высакаватага густога ядлоўцавага куста — i зноў хуценька адскочыўся, адчуваючы, што запякла наколатая далікатная мыза. Ап'яненне воляй прайшло, i ён адчуў, што шмат чаго тут не ведае, а вось леснікоў двор знае ўжо да драбніц, адчуў, што i лес сустрэў яго непрыхільна. Падаўся далей паволі, баючыся, каб зноў не наткнуцца на што калючае.