Гаспадар гэтаксама моўчкі сеў на воз, пацягнуў за лейцы — i маленькі рудаваты конік з белаватымі нагамі крануўся. Пастронак нацягнуўся — i павалок за сабою. Губаты, непакоячыся, але не адчуваючы яшчэ ніякага страху, нехаця падаўся, здзіўляючыся, куды яго вядуць: спяшаўся за возам i не мог азірнуцца, убачыць, што гаспадыня з дзецьмі выйшлі на вуліцу i развітальна махаюць рукамі...
У лесе ляснік прыпыніўся, неяк крадучыся, падышоў, прылашчыў, даючы ўзяты з кішэні выкачаны ў махорку акраец хлеба, i нечакана накінуў яму на галаву мех. Ён спачатку спалохаўся неспадзяванай цемнаты, чакаючы раптоўнага ўдару па галаве, затрапятаўся, ірвануўся, але пастронак пераціснуў горла, i ён ледзь не задыхнуўся.
— Не бойся, Губаты, — заспакоіў яго ляснік.— Ніц благога я табе не зраблю...— зноў паехаў, прымусіўшы яго бегчы ўслед.
Ехалі яны так доўга. I па мяккай, i па тупкай, з карэннямі дарозе, у адным месцы перамінулі мост — Губаты там вельмі насцярожыўся, ішоў баязліва — пасля яшчэ многа, можа, гадзіны са тры, падаваліся то ўлева, то ўправа, затым паехалі лесам, па сухім імху i верасе, што Губаты некалькі разоў спатыкаўся аб пні i ў вырытых, мусіць, дзікамі ямінках.
Нарэшце ляснік прыпыніўся, падышоў да яго, зняў мех, ад якога ўвапрэлі галава i карак, адвязаў пастронак. Губаты паварочаў мызай, зафыркаў і адышоўся. Ляснік у гэты час махнуў вяроўчынай: уцякай, маўляў, вось твой дом, у якім ты цяпер павінен жыць!
Губаты не спалохаўся гэтага ўзмаху, ведаючы, што гаспадар ніколі яго не біў, але яшчэ далей адышоўся, аддуваючы нядобрую перамену да сябе, стаў i пачаў глядзець, што ж будзе далей, убачыў, што чалавек зноў садзіцца на воз i ад'язджае. Ён памкнуўся следам, не хочучы заставацца тут, у незнаемым лесе, адзін, але мужчына спыніўся, нагнуўся, падняў тоўстую, з аблезлай карой галіну i запусціў у яго.
— Пайшоў! — закрычаў ён, а пасля — ужо ціха — сказаў сабе: — Пайшоў, родны... Цяпер не прападзеш. Гэта летась, як быў малы i я шкадаваў разам з дзецьмі, баяўся, што не ўцалееш... Каб ты не прыбег, я наўмысля выпусціў не за нашымі Янковічамі, а прывёз сюды, у Налібацкую пушчу... Жыві тут сабе на здароўе... У нас табе не жыце... I нам клапатэ з табою...
Губаты, пакрыўдзіўшыся, больш не памкнуўся наўздагон, адстаў, адвярнуўся i паціху пакрочыў па чужым, ціхім, зусім далёкім ад вёсак лесе, чуючы, як аддаляецца ляскат колаў. Але ён наўмысна, не ўслухоўваючыся, ішоў, куды вялі погі.
...Ужо к вечару ён, не раз пад'еўшы i напіўшыся ў невялікай лужынцы зеленаватай нясмачнай вады, спалохаўшы зайца, сямейку цецерукоў, набіўся на лася.
Той, высокі, буры, рагаты, стаяў уперадзе і, падняўшы галаву, чакаў яго, а пасля злосна зафыркаў, грабянуў стройнаю дужаю нагою зямлю. Губаты i спалохаўся, i радасна памкнуўся да свайго ляснога аднакрэвіча, але той, моцна раздзімаючы ноздры, грозна насупіўся, апусціў рагатую галаву, а пасля, бачачы, што аднаго яго пагрознага выгляду мала, подбегам падаўся насустрач. Губаты ледзь паспеў адскочыцца, ухіліцца ад вострых цвёрдых рогаў, зразумеўшы, што ён тут чужы, лішні, замінае, бо — хоць у лесе ўсяго шмат i ўсім любога хопіць — гэтаксама хоча мець тут нязводны харч, быць гаспадаром удалай мясціны... Таму вось так не хочуць, каб яшчэ быў i ён, ці, можа, i не супраць, каб быў, але каб блукаў недзе падалёку, у горшых мясцінах...
Губаты мусіў уцячы з багатага на лісце i траву глухога кутка, вярнуцца ў стары, а ля яго i малады сасновы лес, куды яго прывёў ляснік, думаючы, што трэба ўсё яшчэ шукаць i сабе лепшага прытулку. Нервова патаптаўся, здзіўляючыся i абураючыся, што яго тут так непрыхільна сустрэлі, а пасля зашыўся ў густую папараць i лёг, спрабуючы заснуць. Але не мог. Спачатку здавалася, што вельмі мулка ляжаць, ён шмат круціўся, поўзаў, выбіраючы мякчэйшае месца, пасля стала холадна, стыла ад зямлі, што ў яго збеглася, пакрылася буйнымі зярняткамі скура. А з густою, як ад накрытага на лес вялізнага гаршка, цемнатою прыйшоў страх — сполах ад адзіноты, ад савінага прарэзлівага крыку, — i ён засумаваў па цёплым хляве, па маленькай загарадцы, якіх яшчэ ўчора патаемна недалюбліваў, а цяпер так помніў, шкадаваў, хацеў зноў трапіць туды.
Яму не цярпелася ўскочыць i пабегчы туды, да людзей, i калі гэтая думка, ад якой аж зашумела ў галаве i нечым гарачым аблілося сэрца, ледзь не падняла на ногі, нечакана прыйшла другая, цвярозая, халодная, ад якой адліла кроў ад галавы i сэрца: падумалася, што можна не знайсці туды дарогі i — самае важнае — там ён зусім непатрэбны...
5
Прывыкаючы да лесу, кожнага мігу шукаючы ў ім сабе сябра, але ўсё яшчэ пастаянна ратуючыся бегам ад таго бурага i другіх вялікіх аднакрэвічаў, толькі маладой смеласцю ўрываючы ў іхніх кутках крыху лісця i травы, Губаты пачаў жыць у пушчы.