Ён пачаў накрысе дзічэць. Можа, i зусім здзічэў бы, вырас у дужага вялікага лася, заваяваў бы пакрысе сабе добрае для харчу, сну, гулянак, сям'і месца, меў бы сярод ласёў славу, калі б не людзі.
Губаты не мог яшчэ зусім ад ix адвыкнуць. Аднойчы, як пачуў неспадзявана дадёкія людскія галасы, ён, усхваляваны, радасны, нават адурнелы ад шчасця, пабег да ix на злом галавы праз стары лес. Знайшоў, убачыўшы некалькі жанчын у гумовых ботах, з клункамі i граблямі. Чакаючы смачнага хлеба i аж пускаючы слінкі, кінуўся да ix, падбрыкваючы ад радасці нагамі, але яны, пачуўшы яго тупат, азірнуліся, нарабілі дзікага піску i сыпанулі хто куды. I як ён ні стараўся дагнаць якую кабету, прылашчыцца, усе ад яго ўцякалі, нема крычалі, азіраючыся (твары ix аж пасінелі ад страху), а пасля, асмеліўшыся, сабраліся разам, схаваліся за тоўстую хвою, злосна махалі на яго граблямі, кідалі галлё, зямлю...
...Гэтых двух маладжавых мужчын — высокага, чарнявага, гарбаносага на шырокім загарэлым твары i маларослага, рыжаватага, дробненькага па твары, у гумовых высотах ботах i фуфайках, — якія ішлі не па блізкай, тупкай пасля дажджу дарозе, a ціха, зладзеявата азіраючыся, падаліся лесам, Губаты ўбачыў першы.
Ён стаяў у яшчэ макраватым, парным алешніку i скуб лісце. Як лавіў ротам галінку i цягнуў да сябе, заплюшчваўся: дрэва траслося i абкідвала густымі кроплямі, ад якіх у яго была ўжо вільготная спіна. Убачыўшы мужчын, якія неслі ў апушчаных руках стрэльбы, паскі ад якіх амаль цягнуліся па зямлі, чапляліся за кусцікі, ён ужо не думаў выбягаць насустрач, але i не збіраўся ўцякаць. Паразважаў: няхай ідуць сабе на здароўе, куды ім трэба.
—Гавораць, што недзе во тут, у гэтым алехавым гайку, ходзіць той падлетак, ідзе да людзей...
—Страшнавата неяк, халера...— дрыготкім голасам прамовіў маларослы.— Закон жа ест строгі!..
—Бо ідзеш так у першы раз...— хіхікнуў высокі, змахваючы вольнаю рукою з твару мокрае павуцінне i паднімаючы вышэй стрэльбу.— Але паўплятаеш на поўную губу раз-другі дармавога смачнага мяса — i варанага, i паранага, i катлетак, i шметак, — то асмелішся, яшчэ панясешся ў лес... Стой! — Ён раптам стаў, як укамянеў, схапіў за плячо спадарожніка.— Дальбуг, вунь ён стаіць...
—Дзе? — пытаўся той, плюшчыў маленькія вочкі.
—Па кубельцу, брат, будзя...— прашаптаў высокі, ціха здымаючы з плечука сумку i апускаючы яе долу, падымаючы стрэльбу.— Так што не лгалі людзі, бачылі-такі...
Губаты ўсё стаяў i пазіраў, здзіўляючыся, што самі нарэшце ідуць да яго людзі, углядаюцца; ён пачуў пагрозлівы порахавы пах ca ствалоў, але не збаяўся, помніў, што яшчэ чуйней пахла i леснікова стрэльба, якая ніколі не зрабіла яму нічога благога.
—Э-э, стралок!— грэбліва прашаптаў высокі мужчына меншаму. — Ды ў цябе рукі калоцяцца i губы дрыжаць, як у зайца... То я пальну... Калі не ўкладу, то ты тады бі...— i паволі, стараючыся не шумець, не рабіць лішніх рухаў, сціснуў поўныя вусны, што яны пасінелі, прыціснуў прыклад да плечука, прыплюшчыў левае вока, паварочваючыся сам i ведучы ў яго бок ствалом.
Губаты дажаваў лісце, губляючы долу зялёную сліну, хацеў падацца адгэтуль i толькі сабраўся адводзіць галаву, як на міг пачуў, што нешта моцна ляснула, а пасля асляпіла, зваліла з ног, i больш ужо ён нічога пе мог уцяміць: яго ахутала глухая цемната...
1976
ЗОЛКАЯ РАСА
1
...Калі ўгарэліся тоўстыя сухастоістыя, пакладзеныя адзін на адзін вываратні, звуголілася i спапялілася дробнае галлё, Здзіслаў паблізу сябе надзяўбаў рыдлёвачкай зямлі i ўскінуў яе на жар. Той адразу прытух, прычарнеў, а сыры пясок, грэючыся ды высыхаючы, пачаў шарэць, сыпацца праз вуглі на дол.
Гэтае невялікае, але яркае вогнішча палала на тупкім грудку-паляне ў густым, ад таго i зацішным стараватым хвоініку. Палымяныя языкі, іскры імкнуліся ўвысь, дзе адразу за цёплым i мільгатлівым паветрам усё ніжэй ды чарней згушчалася кастрычніцкая цемень, ухалоднівалася сыраватае неба. Калі вада, што выпарвалася з сыраватага камля, лілася на нямоцны яшчэ агонь, тушыла яго, дык цемра абрыньвалася ледзь не да зямлі, a калі агонь большаў, цёмная навісь адступала — i асветленая паляна мігам прастарнела.
Вакол вогнішча — на кучках назанашанага наноч сушняку — сядзелі Здзіслаў, яго жонка Валя, i паблізу яе стаяў ён, Мішук.
Муж i жонка Акаловічы паспускалі галовы, пазіралі моўчкі на шапатлівы агонь i, здаецца, ні пра што не думалі, хіба толькі з нейкім дзівам глядзелі на свае макраватыя штаны ды чаравікі. З ix цяпер — ад угрэву — цяплілася пара; Мішук зажмурваўся ад гарачыні, дыму, што выядаў вочы, нагінаў галаву над агнём i стараўся ўбачыць, ці не выкіпела вада ў падвешаным на сырой жардзіне кацялку — у ім варыліся грыбы. I агонь, i пара, i дым пяклі ў шчокі ды ў лоб, але ён усё ж пабоўтаў лыжкай у кацялку i адчуў, што там яшчэ рэдка, яшчэ не будуць падгараць дробна пакрышаныя сыраежкі.