Выбрать главу

Васіль прыпыніў каля густалістай бярэзіны каня i задраў галаву, стараючыся пазнаць: чые ў светлым, нават белаватым ад шчодрага сонца небе самалёты? Заўважылі зверху ix тут, на лясной дарозе, ці не? Паласнуць кулямётнаю чаргою ці не пазважаюць на адзінокую фурманку, паляцяць далей — сваім шляхам?

Самалёты, як здалося адгэтуль, з зямлі, былі шэразеленаватыя, з светлымі водбліскамі. Вось накрылі ценем, паказалі свае знакі — чырвоныя зорачкі з белаю акаймоўкаю. Праляцелі над імі, памкнуліся наперад, на захад. Гул, адбіваючыся ад зямлі, хваляваў-калыхаў паветра. Яно, парушанае ды ўстрывожанае, дрыжала, аж спявала-стагнала ад цяжару.

—Бамбавозы, «ПЕ-2», — калі самалёты пагналі гул наперад i аддаліліся, з палёгкаю прамовіў ён.— Відаць, паляцелі на Ліду. На аэрадром.

Яніна, пачуўшы, чые самалёты, адсланіла твар, апусціла рукі на калені, але ўсё яшчэ з трывогаю тулілася да яго плечука i маўчала; рэха суцішвалася i ўкладвалася, лес спакайнеў, хоць здавалася, наваколле ўсё яшчэ звініць i гудзе — ён, гул, стаяў у вушах. I калі неўзабаве зноў крануліся, паехалі далей, дык даўгавата не было чуваць, што шапаціць сухі пясок пад коламі, рыпяць на выбоінах калёсы i пазвоньваюць на ix каструлі ды міскі ад нечаканых штуршкоў.

—А што, калі, як той-сёй кажа, вайна вернецца? — нечакана выразна сярод гэтай аглухласці ды ўтрапеласці запытала Яніна.

—Ты — што?! — усміхнуўся ён. Як чалавек, што добра ўсё ведаў i добра ва ўсім разбіраўся. Нібы стары дзед, — Цеперся ўжо сіла пераламала сілу... Чырвоная Армія прарвала нямецкую абарону, «Фатэрлянд», узяла Гродна. На днях, кажуць, выганяць немцаў i з Брэста. Вайна пакоціцца па Польшчы. Да самой Германіі. А на яе ўжо, сама ж чула, болей месяца ідуць англійскія ды амерыканскія арміі...

—Усякае яшчэ можа быць...— прамовіла яна, — Брэст яшчэ ж пад немцамі. А Брэст той не так ужо i далека ад нас...

—Не. Вайна будзе ўжо там. Сама ж бачыш, як ляцяць гэтыя самалёты! Удзень! Нізка! Нічога не баяцца!

—Вачыма бачу, вушамі чую, але на сэрцы няма спакою...— шчыра прызналася яна.— Усё яшчэ страх у душы сядзіць...

Усе гэтыя дні маўчала пра сваю трывогу ды адну для абаіх небяспеку, а вось цяпер, у дарозе, не вытрывала, абзыўнулася. Відаць, тры гады, прапакутаваныя ў акупацыі, паклалі ў яе душы глыбокі след, напоўнілі надоўга кроў трывогаю ды страхам. Праўда, яна ўсё ж не паслухала маці, згадзілася ехаць у гэтую, сапраўды даволі яшчэ небяспечную дарогу з ім, маладым, толькі на год старэйшым мужам. Прасіў, настойваў — яна i падрадзілася пакінуць абжытую, але не зусім мілую кватэру ў Ружэвічах, вярнуцца на папялішча ў свае родныя, спаленыя ў блакаду Янковічы.

Ды які мог быць у яе, кабеты, спакой, калі яшчз паблізу ішлі баі (уночы, у цішыні, нават чуваць, як бухае за Налібацкаю пушчаю, калоціцца, стогне ад бомбавых выбухаў зямля, ды відаць, як там палымнее неба), калі яшчэ няма тут ладу, яснасці. Удзень ляціць, едзе, ідзе на захад адна сіла, a ўночы — яшчэ i іншая. Уночы пруць, даганяючы фронт, ацалелыя нямецкія часці, паліцэйскія, усякія цёмныя людзі, а таксама разбойнічаюць рабаўнікі. I цяпер — без вайны — усё яшчэ можна скласці галаву. Нават ненаўмысна i выпадкова. Асцеражнейшыя людзі цяпер вельмі пільныя. Лічы, далей свайго ганка не вытыркаюцца на чужыя вочы. Але ні Васіль, ні Яніна не паасцерагаліся, узгарэліся кінуцца, як у вір, у новы дзень.

—Выжылі ў вайну, дык выжывем i цяпер, — усміхнуўся ён, каб зноў падбадзёрыць Яніну.— Цяпер грэх загінуць. Ды збіраючыся доўга i шчасліва жыць...

—Упарты ж ты...— нязлосна, мякка папікнула яна.

—A хіба кепска, калі мужчына ўпарты ці настойлівы? — пагарэзаваў. Яна не ўтрывала, таксама ўсміхнулася, бо зразумела яго намёк, але пастаралася быць строгаю. Ды не паспела ні кіўнуць пальцам, ні штосьці сказаць болей: ён затуліў яе вусны сваімі.

Яніна не ўпарцілася, i на нейкую хвіліну абое заціхлі ў доўгім пацалунку, не зважаючы, што іхні конь запыніўся, — відаць, адчуў апушчаныя лейцы i ca смакам ткнуўся да прыдарожнага дзікага сіняга лубіну: яго, лубіну, абапал дарогі было шмат.

—Ах, как хорошо-то! — нечакана сцёбнуў па ix блізкі мужчынскі голас.