Яніна i Васіль рэзка адхінуліся адно ад аднаго, зыркнулі на дарогу: што за людзі заявіліся тут нечакана?
З-за павароткі, з-за густых арэхавых кустоў адзін за адным выходзілі вайскоўцы. У ботах, у зялёных доўгіх плашч-палатках, але без пілотак. Усе загарэлыя, русявыя. Конь падняў галаву i нібы ўзрадаваўся падарожным. Пасля сам крануўся ім насустрач. Пад'ехаўшы бліжэй, Васіль заўважыў за густым арахоўем вытыркнуты цёмназялёны капот вайсковага грузавіка.
«Здаецца, чырвонаармейскі, — пільна ўзіраючыся, падумаў ён.— А можа, i не чырвонаармейскі. Цяпер шмат хто ў такой форме ходзіць, ездзіць на такіх машынах ці, наадварот, чырвонаармейцы, бывае, катаюцца на нямецкіх легкавіках ці матацыклах».
Першы вайсковец запыніў за вобраць рахманага каня, пасля, трымаючы правую руку пад плашч-палаткаю, падышоў, чэпка зірнуў на звязаныя ванзэлкі на калёсах, на ix, людзей. Сам ён быў маладжавы, з гладка выгаленымі шчокамі ды шырокім раздвоеным падбародкам.
—Хто такія? — запытаў. Рэзка, строга. Пазіраючы ўжо толькі яму, Васілю, у вочы.
—Бежанцы...— адказаў ён, адчуваючы, як ад хвалявання сціскае горла. Здаецца, i прывык ужо за вайну да сустрэч з незнаёмымі людзьмі, але ўсё роўна, бывае, новая сустрэча разгубіць, змусіць мацней, чым звычайна, забіцца сэрца. Можа, i ад таго, што кожны раз пры такой сустрэчы не ведаеш, што з табою будзе — ускочыш, як заяц, у пятлю ці выскачыш цэлы.
—Куды i чаго едзеце? — зноў гэтак жа строга запытаў вайсковец. Гаварыў ён па-руску.
—Вяртаемся ў сваю вёску.
—Куды? — не зводзячы пільнага позірку, дапытваў вайсковец. Іншыя вайскоўцы, падышоўшы, абступілі калёсы з усіх бакоў. Кожны трымаў правую руку пад плашчпалаткаю. Адзін з ix, самы малады, кірпаносы, з маладым захапленнем зірнуў на Яніну. Здаецца, аж здзівіўся, што ёсць такія прыгожыя кабеты.
—У Янковічы, — адказаў Васіль, — На хутар Амшарок. Яны за гэтым, крычатоўскім лесам.— Гаварыў, а сам пакутаваў ад загадкі: хто на самай справе яны, гэтыя вайскоўцы? што ім трэба? што яны зробяць з імі?
—Чаму не ў арміі?— пачулася новае строгае пытанне.— Дэзерцір?
—Мяне камісавалі, — патлумачыў Васіль.— Па хваробе...
Вайсковец дапытліва акінуў яго ўсяго позіркам.
—У мяне язва, — зноў растлумачыў, — a ўвесну была яшчэ i цяжкая жаўтуха...
—Ёсць дакументы? — ужо лагодней запытаў той.
Васіль дастаў з унутранай кішэні пінжака такія-сякія свае паперы, дзе было пасведчанне i пра яго камісацыю, i падаў чалавеку. Той пагартаў, паглядзеў, а пасля, не вяртаючы папер, азірнуўся, махнуў рукою — на міг яго плашч расхінуўся, i пад ім паказалася афіцэрская партупея з падвешаным кінжалам i з палявою сумкаю на баку. З-за арэшніку тут жа выйшаў невысокі паўцывільны — у ботах, у афіцэрскім галіфэ i сялянскім суконным фрэнчы, з новенькім аўтаматам у руцэ. Прыгледзеўшыся, Васіль адчуў палёгку: гэты чалавек быў добра знаёмы. Васюкоў, былы камандзір партызанскага атрада, былы (даваенны) i цяперашні старшыня Ружэвіцкага сельсавета. Казалі, усіх тутэйшых партызан перад ліпеньскім парадам у вызваленым Мінску сабралі ў Івянцы — каго пакінулі тут для гарнізоннай службы, хто паехаў на парад, а адтуль — на фронт, у тыл ці застаўся ў Мінску альбо ў іншых гарадах i вёсках на партыйнай i гаспадарчай рабоце.
—Ведаеце гэтых галубкоў?— паўазіраючыся i ў той жа час не спускаючы з ix позірку, запьггаў вайсковец у Васюкова.— Не дэзерцір?
—Ведаю, таварыш капітан, — усміхнуўся той, — Не дэзерцір. Мясцовыя. Свае. Ён, — кіўнуў на Васіля, — памагаў нам. Зброю ў гаспадаровай кузні правіў, звесткі важныя даваў. Камісаваны...— I, падаючы Васілю руку, загаварыў да яго ca здзіўленнем: — Вяртаешся ўжо дадому?
Васіль кіўнуў галавою.
—Смелы! — хітнуў галавою i Васюкоў.— Адзін! У такі час! На папялішча!
Вайсковец аддаў Васілю яго паперы.
—Учора ці сёння, можа, бачыў непадалёку вайсковых людзей з рацыяй? — ужо заклапочана запытаў у яго Васюкоў.
Васіль крутнуў галавою: не. Толькі цяпер разгледзеўся: вайскоўцы, а гэты капітан найбольш, не такія ўжо i строгія. Яны вельмі стомленыя: прыпухлыя, чырванаватыя ва ўсіх вочы, запалыя шчокі, лічы, цёмныя твары.
—Ты, хлопец, не бойся...— зноў абзыўнуўся каштан.— Ведаеш — гавары. Чым скарэй вылавім дыверсантаў, здраднікаў ды іншую пошасць — тым лягчэй, спакайней будзе i тылам нашай арміі, i вам, мясцовым. Ды трэба шчыра памагаць нашай, Савецкай уладзе, што пачынае цяпер аднаўляцца i тут...
—Ды ён, таварыш капітан, кажу, свядомы. Наш, — заступіўся за яго Васюкоў, таксама цяпер нясвежы, нават змардаваны.— Мы яму верым. Калі гаворыць, што не бачыў, дык i не бачыў. Я за яго ручаюся. Трэба дазволіць яму вярнуцца ў сваю вёску.