—Ладна, хлопец. Едзь, калі за цябе ручаюцца, — дазволіў вайсковец, адступіў.— Толькі, па-першае, трымай язык за зубамі, маўчы пра нас, як i не бачыў нічога, а па-другое, не лаві варон. Цяпер не самы лепшы час для любові...
Васіль, бянтэжачыся ды, відаць, заліваючыся чырванню, што біты-абабіты, але страціў пільнасць, тузнуў лейцамі каня. Той крануўся, навалок калёсы. Васюкоў закрочыў поруч з імі, абапіраючыся адной рукой на вышмальцаваную драбінку, a ў другой несучы новенькі, відаць, падараваны вайскоўцамі аўтамат.
—Будзеш бачыць на сваім хутары што падазронае — дай вестку ў Ружэвічы, у сельсавет, — прамовіў ён. Гаварыў найперш яму, Васілю. Як мужчына мужчыну.— Толькі абы-каму не гавары ўсё, а мне ці майму памочніку, Казлову. I яшчэ, — сказаў лагодна, нават па-бацькоўску даверліва i павучальна, — праўду кажа гэты капітан: асцерагайся. I паганых людзей, i мін. Мін многа панакідана на полі, у лесе, па дарогах, a людзі, як сам ведаеш, цяпер тут усякія. I свае, i чужыя... Кажуць, i бандзюга Вяршок тут яшчэ блытаецца. I не адзін, а з хаўруснікамі. I сынок пана ляснічага, Крушынскі, акавец заядлы, аднекуль вынырнуў, шкодзіць тылам нашых войск i новай польскай арміі. Так што не спрыяльны яшчэ час, каб жыць адным на хутары. Беражыцеся. А беражонага, як кажуць, i бог сцеражэ...— Усміхнуўся, падаў на развітанне Васілю, а пасля i Яніне руку, — Напалохаў? Загнаў душу ў пяткі? Не хочацца павярнуцца назад, у Ружэвічы? Не?! Ну што ж, калі адчайныя — дык едзьце на сваю бацькаўшчыну, чапляйцеся i на папялішчы. Жывыя — дык i думайце пра жывое. Пускайце карэнне, ажыўляйце вёску i заводзьце новы янкоўскі род! На жаль, я нічым вельмі памагчы вам не магу. Хіба што толькі гэтым...— дастаў з кішэні, падаў пісталет.— Бяры, Васіль, можа, i спатрэбіцца. Хоць лепш было б, каб не спатрэбіўся, каб перастала ўжо ўрэшце ўладарыць зброя...
Аблашчыў позіркам, адстаў і, можа, успамінаючы ў гэтую хвіліну сваю сям'ю, што жыла далека адгэтуль, на Пскоўшчыне, памахаў услед рукою.
2
Рыжы трухаў, трос галавою, адганяючы ад пакалечанага вока аваднёў i мух, што не давалі яму спакою ўсю дарогу, марудна цягнуў калёсы i зусім не зважаў, што вось нарэшце скончыўся крычатоўскі лес, пачалося налібацкае поле i паяснеў ды пабольшаў свет.
Канечне, Рыжы не мог ні заспяшацца, ні радасна зафыркаць, як звычайна радуецца жывёла, набліжаючыся да свайго жытла. Гэтак жа не мог узбудзіцца i сабака, Мурзік. Ён дасюль бег ззаду калёс, раз за разам запыняўся, збочваў, да нечага прынюхваючыся, абмінаў i шыбаваў паперадзе каня. Яны, i сталы Рыжы, i малады ящчэ Мурзік, дагэтуль ніколі не бачылі ні Янковіч, ні хутара Амшарка. Рыжы прыбіўся з-за свету — валок з-за Мінска сюды гармату, а пасля яго, параненага, падаравалі вайскоўцы Васілю, a Мурзік быў гаспадароў, ружэвіцкі, сабака i толькі па сваёй вялікай схільнасці да Васіля-кватаранта прычапіўся суправаджаць яго ў незнаемы шлях.
Цяжка было здагадацца, што адчувала якраз у гэтую хвіліну сцішэлая Яніна: яна была тутэйшая, з недалёкага хутара, з Ляйтарак, але ўсё ж не з Амшарка. Яна, здаецца, ужо супакоілася пасля нечаканых сустрэч з самалётамі i вайскоўцамі ў лесе i, схаваўшы лоб ад спякотнага сонца пад белаю хусткаю, са здзіўленнем i нават з аняменнем пазірала на вялікае, як акінуць вокам, янковіцкае поле. Яна ведала гэтыя ваколіцы i раней, але не бачыла ix якраз такімі. Яны цяпер былі стракатыя, нібы велізарны шматколерны дыван. Што толькі не расло тут! Палавелі жаўтавата-белыя лапікі малога, з дробным калоссем жыта, пшаніцы i ячменю, зелянеліся авёс i бульба, але яшчэ больш гусцеліся абшары пырніку, лебяды, высознага, у рост чалавека, асоту з шэрымі галоўкамі, жоўтых свірэпы i лубіну.
Ён жа, Васіль, адчуваючы пачасцелае сэрцабіццё, пазіраў не так на гэтае адзічэлае без людзей поле, дзе цяпер расло ўсё, што можа расці само па сабе пад сонцам, дажджом i ветрам, а болей кідаў позірк налева, дзе за вярсты дзве ўздоўж гэтага поля стаялі ліпы, бярозы, сады — усё, што засталося ад спаленых у блакаду Янковіч, а таксама i направа, дзе сям-там сярод поля ці перад самым лесам бачыліся астраўкі бяроз, бэзу, садоў — усё, што ацалела ад былых хутарскіх хат. Наваколлі былі знаёмыя, родныя, але нібы ўжо i счужэлыя.
Хутар Амшарок, дзе жыла Васілёва сям'я да блакады, найбліжэйшы да вёскі, у полі. Яны цяпер i ехалі да яго — да старой зялёнай грушы-дзічкі, што ўкамлелася на некалішнім іхнім бульбяным полі, ссохлых, як было ўжо відаць, сліў i вішань i да напалавіну амярцвелай — знізу апаленай, чорнай, зверху зялёнай — бярэзіны, каля якой раней стаяла іхняе гумно. Дарога тут — а па ёй апошні год ніхто не ездзіў — таксама падзічэла: выбоіны, каляіны заплылі ў паводку i ў дажджы пяском, a міжкаляінне, узбочыны зараслі падарожнікам, гусінаю лапкаю i дзьмухаўцом. Тут, бадай, можна было ўжо i касіць.