За полем паказалася пагонка — дарога з вёскі на хутары ці з хутароў у вёску. За пагонкаю — невялікі поплаў. На ім Васіль i запыніў каня. Поплаў быў зялёна-рудаваты, крышку ўжо выгаралы ад ліпеньскага сонца, з перастаялаю травою. Рыжы адразу ж нагнуўся, ткнуўся да дзяцельніку. Хамут аб'ехаў яму на галаву, агаліўшы вільготную ад поту шыю.
—Вот i прыехалі, як кажа Васюкоў, на бацькаўшчыну...— сказаў Васіль. Па-ранейшаму крышку з наўмыснаю бадзёрасцю.
Яніна нічога не адказала, са смуткам зірнула на апаленыя, ад таго i пасохлыя, руда-чорныя слівы, што стаялі ўздоўж былога плота (цяпер воддаль ад папялішча, паваленага i чорнага, a паблізу згарэлага), на рэшткі выгаралых да сярэдзіны бярвёнаў i падвалін, на разбураную, без коміна, ужо не белую, а абмытую дажджамі, чорна-рудую печ. Далей, за селішчам, у полі мірна, як i заўсёды ўлетку, мігцела-мроілася паветра. Але Васіль толькі зірнуў туды i адразу ж адвёў вочы: здалося, што паветра калышацца не ад шчодрага сонца, а ад гарачага агню...
Пераадолеўшы даўні боль i пакуты, Васіль заварушыўся, ажывіўся. Каб не засмуткавала ды не адчаялася Яніна.
—Баішся нават злазіць з калёс? — спытаў нібы з жартам, хоць гэты жарт, можа, быў не зусім удалы, — Не бойся. Не прападзём. Зачэпімся, як кажа Васюкоў, i на папялішчы, пусцім карэнне...
Ён хацеў узяць Яніну на рукі ды гарэзна ссадзіць, як дзіця, з калёс, але яна не далася, як не давалася заўсёды, калі хацеў удзень, пры святле, прытуліць, — сама рухава саскочыла i — невысокая, худаватая, ад таго i дробная, нібы падлетак, босая — зашлэпала побач з ім да котлішча. Ішлі i абое адчувалі: патыхае нагрэтым ад сонца горкім дымам, пахам, хоць прайшло ж ужо нямала часу, як тут усё гарэла. Лічы, год. Дым ды горасць, відаць, выдыхвала папялішча, як часамі выдыхвае ці выкашлівае атруту хворы чалавек.
Ля пачарнелых камянёў у падмуроўцы былой хаты i хлява гусціліся лебяда, палын, дзікая мята, i камяні ляжалі, нібы чорныя авечкі ў траве, у цяні. На самім селішчы буйныя i дробныя галавешкі, попел былі прыплясканыя ўжо, змытыя ад чорнага бруду, паблізу печы рыжэлася вялікая пляміна — ад размяклай i расцеклай гліны. У былых градах, як убачыў Васіль, лапушылася пустазелле (хоць тое-сёе сярод яго ўчапілася i спажыўное — кусцікі цыбулі, маку, кропу, салаты). Пустазелле ўраслося i ў гародчыку, што некалі быў пры шчытавой, «вясковай», сцяне хаты. Але тут не яно, смелае, укамлелае, кідалася ў вочы, а — кветкі. Цёмна-бурачковыя i светла-ружовыя мальвы.
Кветак было нямала. Яніна ўгледзелася на ix i нібы здзівілася, нібы аж залюбавалася: хіба само па сабе магло сярод дзічыны заявіцца такое дзіўнае хараство?! A ў Васіля ў гэтую ўражлівую хвіліну млосна зайшлося сэрца: мальвы любіла маці. Як ні бурчэў некалі працавіты, дбайны, але крышку мармытлівы бацька, што «засмечваецца зямля», яна кожны год садзіла ў гародчыку кветкі, любіла ў вольную хвіліну прыпыніцца i зірнуць, пацешыцца на ix, не дазваляла нікому ix ламаць. Давала ix толькі каму-небудзь на вяселле. Усе ў вёсцы i на хутары ведалі, што яна любіць кветкі, дык, лічы, з усіх Янковіч дзяўчаты i маладыя кабеты прыходзілі да яе i па насенне, i па букеты. I не толькі па насенне ці букеты. Але i спячы тут торт, вышыць дарожку, звязаць свэтар альбо пашыць сукенку — маці была, як казалі, вялікая майстрыха, «кабета з залатымі рукамі...».
З одуму i журботы Васіля вывеў нечаканы пошчак: на паўмёртвай бярэзіне каля ўцалелай, але абгарэлай шпакоўні засвістаў шпак. Бач, людзей тут няма, а ён жыве! Сядзіць вунь чорны камячок на галінцы i нібы вітае ix сваёю песняю. I гэтае яго вітанне было вялікаю ласкаю ды пяшчотаю. Бо ўсё ж жывая душа ёсць паблізу — не цалкам вымерлае наваколле, не пустыня. Узрушаны, Васіль прайшоў уздоўж былога плота да лугавіны, дзе пасярод была яма з вадою (там яны мачылі каноплі). На лугавіне трава была, лічы, у пояс. Далей, да яміны, Васіль не пайшоў. Не захацеў таптаць траву.
Прыкінуў па-гаспадарску: калі скасіць усё, а пасля яшчэ i атаву, дык, бадай, i хопіць Рыжаму сена на зіму. Сена можна скідаць у стажок, а для Рыжага трэ будзе зрабіць невялікі ўцеплены буданчык.
Вярнуўся. Да студні. Зруб яе быў напалову спалены, разбураны; калі ж Васіль зазірнуў усярэдзіну, дык убачыў: там шмат колля, саломы ды травы, але сярод смецця вабна i зазыўна паблісквае жывое вока.
—Відаць, найперш пачысцім студню, — нібы параіўся з Янінаю, калі i яна падышла сюды, — Будзе вада — будзе i ўсё астатняе. А пасля возьмемся капаць яму для зямлянкі. Так?