Выбрать главу

—Васілёк, ты хочаш, каб у нас было дзіцятка? — ціха запытала яна.

—Хачу.

—I я вельмі-вельмі хачу, — узнёсла прамовіла.— Здаецца, аж бачу ўжо яго: маленькае, мілае, харошанькае... Малюсенькі носік, малюсенькія вочкі... А каго ты хочаш: дачку ці сына?

—Сына.

—Няхай першы будзе сын. Калі вырасце, ён стане гэтакі, як i ты: высокі, дужы, са светлымі валасамі, паглядны. А пасля яго будзе дачка. Можа, i надобная на мяне. А можа, i на цябе. Ты ж наглядны, дык няхай i яна будзе такая ж. Кажуць: калі дачка падобная на бацьку, дык шчаслівая. Я падобная на тату, дык i маю шчасце. Я даўно ўжо, яшчэ да вайны, хацела, каб якраз ты ўзяў мяне замуж, быў мой...

—A ў вёсцы ці ў вас, на хутары, калі былі танцы, дык уцякала ад мяне альбо сярдзітая была...

—Дурненькі мой, — пагладзіла далонню па яго грудзіне.— I не ўцякала, i не была сярдзітая. Я не хацела, каб ты i на другіх дзяўчат пазіраў, усміхаўся ім ці танцаваў з імі... I ў Ружэвічах не хацела, каб ты на каго зыркаў... Баялася, наварожвала, каб ты не прыстаў у прымы да гаспадаровай дачкі. Яна ж, як кошачка на смятану, на цябе пазірала, як сыч надзімалася, калі ты ca мною танцаваў альбо мяне дадому падводзіў... I я дабілася свайго. Узяў мяне — я i шчаслівая. Не бяда, што цяпер цяжка, гаротна, няўтульна. Век так не будзе. Паспрыяе бог — i людзі нашы вернуцца з чужыны, i веска адбудуецца, i жыць будзем добра. Абы мы любілі, шанавалі адно аднаго. Дасць бог — i вайны больш ніколі не будзе. Бо ўжо ўвесь свет убачыў, колькі пакут, гора, страт прыносіць вайна. Людзі захочуць жыць у спакоі, у згодзе ды ў дастатку...

Яна шаптала — то расказвала, то пыталася пра нешта, што яе непакоіла, — а ён адказваў адным-двума словамі ці маўчаў. Таму абое нават i не заўважылі, як да ix падкраўся, змарыў сон.

Спалі яны ў першую ноч на сваёй бацькаўшчыне, напрацаваўшыся, на свежым паветры, соладка, але, мусіць, нядоўга: пабудзіў сабака. Ён улёгся нанач пад калясьмі, ляжаў ціха, але вось чагосьці заліўся брэхам.

Васіль падхапіўся. Не ўбачыў, a толькі пачуў у цемені-гушчэчы: Мурзік стаяў паблізу калёс i гаўкаў на пакрытае чарнатою поле.

—Што тут? — падхапіўшыся, ca спалохам запытала Яніна.

—Нічога не відаць, — адказаў ён.~ Можа, цяўкае на зайца альбо на вожыка. Ці на якую аўчарку, што адбілася ад свайго гаспадара.

—Ваўкі! — усклікнула Яніна i ca страхам прытулілася да яго.

Васіль таксама згледзеў: бліснулі непадалёку, відаць, ужо на пагонцы, агеньчыкі. Можа, i нейчыя іншыя — дзе тут разбярэшся ўночы ды спрасоння.

—Не бойся, — хутка апомніўшыся, супакоіў Васіль i дастаў з-пад падушкі падораны Васюковым пісталет.— Маем чым абараніцца.

—Кажуць, не надта цяпер ваўкі ды аўчаркі баяцца чалавека ці стрэлаў, — бліжэй тулячыся, ціха сказала яна.

Агеньчыкаў на пагонцы скупілася шмат. Ваўкі, здаецца. Можа, беглі па іхніх учарашніх слядах, вымкнуліся на пагонку — вынюхаць, хто тут заявіўся жывы, ці пачакаць новай важаковай каманды, што рабіць: нападаць ці не? Мурзік, адчуўшы страх, сцяўся, баязліва шуснуў пад калёсы; Рыжы на поплаве, здаецца, падхапіўся, таксама падаўся сюды, шукаючы ў ix, людзей, абароны.

—На нас ідуць...— задрыжэла Яніна.

Васіль падняў руку i стрэліў — туды, на пагонку, панёсся пагрозны агонь. Залажыла ў вушах ад гучнага стрэлу. Агеньчыкі замітусіліся, а пасля раптоўна зніклі ваўкі, здаецца, пашыбавалі па пагонцы ў вёску. Мурзік выскачыў з-пад калёс i ўжо смела загаўкаў услед пераможным брэхам.

—О божа! — уздыхнула Яніна.— Як б'ецца сэрца. Здаецца, выскачыць з грудзей... Не, я тут уночы адна ніколі не застануся...— i неўзабаве зноў насцярожылася, тузнула яго за руку.— Чуеш: тупат?!

Сапраўды, па дарозе ад крычатоўскага лесу хтосьці бег. I якраз сюды. Можа, яшчэ ваўкі перлі перад сабою ласіны статак. Але, кажуць жа, цяпер ласёў вельмі мала: выбілі за вайну людзі, нямала парвалі ваўкі ды аўчаркі.

Здаецца, тупат быў ужо на пагонцы. Бліснула адтуль святло. Доўгім яркім промнем. З ліхтарыка. Значыць, беглі сюды людзі. Здаецца, яны ўжо згледзелі іхнія калёсы, Рыжага, запаволіліся i закрочылі марудней, высвечваючы папялішча. Падыходзіла, здаецца, не меней дзесяці чалавек. Мурзік зноў шуснуў над калёсы. Ён быў хітры i навучаны за вайну сабака, не на кожнага чалавека брахаў.

—Хто такія? — за крокі два да ix запытаў пярэдні нечаканы госць. Загаварыў па-руску.