Выбрать главу

—Бежанцы, — адказаў Васіль, амаль нічога не бачачы: сляпіла вочы нацэленае на твар ліхтарнае святло.

—Хто страляў? — зноў пачуўся той жа строгі голас.— Каму быў сігнал?

—Я страляў, — прызнаўся Васіль, — Адганяў ад калёс ваўкоў ці аўчарак.

Чалавек, што пытаўся, тут жа загаварыў па-нямецку — прышэльцы заварушыліся, загергеталі. Васіль, крыху ведаючы нямецкую мову, нават тое-сёе зразумеў.

—Чую па гутарцы: тутэйшыя, беларусы, — сказаў перакладчык.— Кажуць: бежанцы.

—Відаць, бежанцы, — прамовіў нехта іншы, здаецца, стары ўжо чалавек, — Не падобна, каб былі ў засадзе ці за сігнальшчыкаў...

—Для ix вайна скончылася ўжо? — здзівіўся хтосьці іншы.— Вярнуліся сюды жыць? На пустэчу?!

—Чалавек, дружа, такі: жывы — пра жывое i думае...— зноў пачуўся старэчы голас.— А тутэйшыя людзі тым больш... Яны жывушчыя i трывушчыя, як жывёла... Зарыецца, як крот, у зямлю, будзе галодны, голы i босы, але выжыве... Пра іхнюю трывушчасць мне яшчэ бацька гаварыў: ён быў тут у тую, першую, вайну, нагледзеўся ўсяго...

Чалавек з ліхтарыкам падышоў бліжэй. Высокі, з аўтаматам у руцэ, у афіцэрскім мундзіры.

—Зброю сюды! — закамандаваў.

Васіль дастаў з-пад падушкі пісталет (калі ткнуў туды, не запомніў), падаў. Той выцягнуў руку, забраў, сунуў пісталет сабе ў кішэню галіфэ.

—Яшчэ маеш што? — запытаў і, калі Васіль адказаў, што цяпер абяззброены, ужо больш паспакайнела: — Тэта — Янковічы? Так?

Пачуўшы адказ, пачапіў аўтамат на плячук, дастаў з афіцэрскай сумкі карту, разаслаў на коўдры, на іхніх нагах і, накіраваўшы на яе святло, тыцнуў брудным пальцам у кружок.

—Тут — Пруды? Лявей — Налібакі? Так?

—Так, — пацвердзіў Васіль.

—Чырвонаармейцаў вось тут, у налібацкім лесе, бачыў? — загарнуўшы карту, запытаў яшчэ.

—Мы тут толькі першую ноч: i ехалі сюды крычатоўскім лесам, у налібацкім лесе не былі.

—A ў крычатоўскім лесе чырвонаармейцаў бачыў?

—Не.

—Калі бачыў, дык гавары. Заманіш у пастку — вернемся i расстраляем.

—Праўду кажу. Далібог.

—А з мілкай, як кажуць у вас, i ў шалашы рай? Га? — нечакана перамяніў гамонку перакладчык, хапнуў Яніну за грудзі.

Яна, у начной белай кашулі, з распушчанымі валасамі, віскнула ад болю i страху, схавалася за Васіля. Няпрошаныя госці ўсцешна зарагаталі.

—Можа, i варта было б, смяльчак, пацешыцца з тваёю мілкаю, пакінуць пра сябе памяць...— ухмыльнуўся высокі. — I наш афіцэр, i салдаты даўно ўжо не мелі ўцехі... Бач, ён тубылец, ужо пра дамашні прытулак дбае! Каму вайна, а каму ўжо i мір, уцеха...

Васіль змаўчаў. Няхай абы-што балбочуць, рагочуць, абы не чапалі.

—Ладна, лічыце, пашанцавала вам. Няма часу...— нібы даючы ім міласціну ці шчасце, прамовіў той, — Але водкуп возьмем: дайце нам паесці, папіць.

—Вада ў студні, але старая, нясмачная, а яды мы не маем самі...— адказаў Васіль, — Кажу ж, з бежанцаў мы, ды ўдзень нас аграбілі. Усё забралі.

—А чым жа харчуецеся? Травою?

—Мы яшчэ...

—Ладна, маўчы. Бачу: маніш, выкручваешся, — абарваў перакладчык і, павярнуўшыся да сваіх, сказаў ім па-нямецку, каб ішлі па каня.

—Пан, ён стары, паранены...— запаліўся, не зважаючы на асцярогу выратаваць Рыжага, Васіль.— Вам з яго толк малы...

—Гэта мы самі ўбачым, — буркнуў той. Нагнуўся, здаецца, адпіхнуў нагою баязлівага Мурзіка, выцягнуў з-пад калёс клунак, развязаў, выкуліў усё долу. Свецячы ліхтаром, выбраў не новыя, але яшчэ моцныя Васілёвы суконныя порткі, кашулю; сёй-той з хаўруснікаў высокага таксама нагнуўся, пачаў нешта выбіраць сабе.

Васіль моўчкі душыў у сабе злосць, бо ведаў: не варта храбрыцца.

Меў ужо горную, прыдбаную за акупацыю, навуку: брыкацца перад людзьмі са зброяю не трэба. Пастраляюць, паб'юць — і, не міргнуўшы вокам, не зашкадаваўшы, пойдуць далей сваёю дарогаю. Ім забіць чалавека — тое ж, што забіць i муху. 3 болем пазіраў толькі, як перабіралі іхнія транты, забіралі лепшае, як двое ці трое пайшлі па каня.

—Ладна, — зноў «міласціва» паўтарыў высокі, набраўшы сабе адзення, — брыкаліся, не хацелі мець Генеральбэцырк Беларутэнію, жыць у Остландзе, знацца з культурнаю нацыяй, дык жывіце далей з бальшавікамі-азіятамі ды з крывадушнымі яўрэямі... Яны зробяць вам тут «рай». Паплачаце, не раз пашкадуеце...

Пасвяціў на студню — туды пабрылі прышэльцы. Выцягнулі бадню вады, паспрабавалі піць, але, не засмакаваўшы, злосна шпурнулі бадню ў калодзеж, залаяліся i палапаталі праз поле на Налібакі — відаць, ідучы ўслед за фронтам, імкнуліся лясамі ды палявымі сцежкамі да Гродна. Павялі з сабою i Рыжага.

—О божачка! — толькі цяпер азвалася, застагнала