Выбрать главу

Яніна.— Ну i ночка! Гэта ж маглі і забіць, i павесці з сабою... I паздзекавацца...

Васіль не адказаў. ГІераадольваў сам i страх, i шкадобу па Рыжым, бо меў на каня вялікія надзеі. Які ж ён цяпер, без каня, гаспадар? Як стане на ногі? Што — на сабе будзе араць, вазіць з лесу дровы?

Больш у гэтую ноч i раніцу яны не спалі, праляжалі да світання, не заплюшчваючы вачэй.

4

Па апоўдні, як капалі яміну i раз за разам выкідвалі на бакі жоўты пясок, Васіль i Яніна, нібы i не азіраючыся, амаль разам заўважылі: з крычатоўскага лесу, прыгінаючыся, выйшлі два чалавекі — сярод жыта i асоту замільгалі іхнія галовы. A прыкмецілі таму, можа, што цяпер, напалоханыя ўночы, былі падобныя на птушак ці звяркоў: рабілі сваё, але ні на хвіліну не забывалі, не выпускалі з поля зроку наваколле.

На пагонку вымкнуліся знаёмыя людзі. Васюкоў i Казлоў. Нізка прыгінаючыся, ішлі якраз сюды, да папялішча.

Васіль i Яніна вылезлі з ямы, але па ўзмаху рукі Васюкова адразу ж прыселі паблізу горкі выкінутага пяску i прынесеных сёння Васілём, акораных ужо жэрдак — на кроквы i латы для будучай зямлянкі. Тут жа, ля жэрдак, павітаўшыся, селі Васюкоў i Казлоў, абодва з аўтаматамі, у афіцэрскіх хромавых ботах i галіфэ, у сялянскіх жупанах.

—Пераначавалі? — усміхнуўся Васюкоў, зняў брылёўку i хустачкаю выцер пот з высокага, напалову загарэлага, напалову белаватага лоба.

—Як бачыце, — адказаў Васіль.

—Ды бачу: жывыя, — прамовіў Васюкоў.— Малайцы! Варушыцеся! Студню пачысцілі ўжо, яміну на зямлянку скора выкапаеце... А дзе ж Рыжы? Схавалі?

—Рыжага ўжо няма, — запанурыўся Васіль.— Забралі ўночы немцы. Нагнаў чорт ix неспадзявана.

Васюкоў нічога не сказаў на гэта, пахітаў толькі галавою.

Вярнуўся з поля Мурзік, не забрахаў на гасцей, лёг паблізу на зямлю: усе былі яму знаёмыя. Па начных приходах у Ружэвічы.

—Магу адным вас суцешыць. Па-першае, хутка схлыне гэтая навала, ачысціцца наша зямля ад акупантаў, а па-другое, як перадалі нам сёння па рацыі, i ў гэтую ноч наш заслон нямала паланіў немцаў па важнай стратэгічнай да розе каля Несцеравіч i Налібак, — сказаў Васюкоў.— Так што, можа, папаліся i «вашыя». Цяпер будуць адбудоўваць гарады i вёскі, што разбурылі...— Зірнуў у Янініны вочы. I пільна.— А апроч немцаў, заходзіў хто да вас? Ga знаёмых?

—Не, — амаль у адзін голас адказалі Васіль i Яніна.

Васюкоў хацеў яшчэ нешта запытаць, але ўбачыў у

Янініных вачах устрывожаную насцярожанасць, дык змаўчаў, перавёў позірк на Васіля.

—Маю для вас, маладажоны, прыемную неспадзяванку, — усміхнуўся.— Прынёс першы ваш сумесны новы, савецкі, дакумент, — дастаў з ніжняй кішэні жупана самадзялковую кніжачку. Здаецца, з выразаным аднекуль i наклееным гербам, з надпісамі на вокладцы на дзвюх мовах: «Свидетельство о браке», «Пасведчанне аб шлюбе». Падаў.— Віншую! Праўда, пакуль што i самаробны наш, сельсавецкі, дакумент, i прыходзіцца ўручаць зусім празаічна... Але, думаю, гэта не бяда. Наладзіць мірную работу раён — абмяняем на новы, сапраўдны, дакумент i ўручым урачыста... Галоўнае іншае: вы першая новая сям'я на вызваленай зямлі нашага сельсавета! Хоць i з рызыкаю, але чэпка стаіцё на зямлі! Малайцы! Як i ўсе беларусы, вы шматпакутныя, але жыццялюбныя, руплівыя, цягавітыя!

Новы, адзін на дваіх, дакумент узяў Васіль. Цеплынёю аблілося сэрца: паверылася, што нават i з гэтым самаробным дакументам павінна пачацца ў ix зусім новае жыццё. Не толькі, як кажуць, законнае, але сапраўднае, спакойнае, радаснае, якое яны бачылі ў марах i летась, i сёлета, калі, хочучы пажаніцца, з нецярпеннем чакалі канца доўгай вайны i пачатку мірных дзён.

—На добры толк, дык i не шкодзіла б замачыць такую важную падзею...— усміхнуўся Васюкоў, бачачы, што i сваёю ўвагай, i гэтым дакументам усцешыў маладажонаў.

—Трэба было б, але няма гарэлкі, -— збянтэжыўся Васіль.

—Нічога, — лагодна прамовіў госць.— Замочым пазней, нікуды гэта не збяжыць. Абы былі мы, а гарэлка, гулянкі будуць.— I зноў пільна зірнуў на Яніну, што тая аж збянтэжылася. I Васіль адчуў: нешта Васюкоў нядаўна не дагаварыў, штосьці яго вельмі непакоіць, ды толькі ён, здаецца, стрымліваецца ўсё гаварыць пры Яніне. Нібы ў доказ гэтага Васюкоў неўзабаве i прамовіў: — Маю да вас, маладыя людзі, яшчэ адну размову. Не дужа приемную, але вельмі сур'ёзную, адказную...

Зноў учэпіста зірнуў на Яніну, занытаў:

—Скажы, маладзічка, дзе твой брат?

Тая знерухомела, залыпала вейкамі, насцярожана зірнула на Васюкова. Янку яшчэ на тым тыдні з івянецкага прызыўнога пункта ўзялі на фронт. Яны, Яніна, яе маці, Васіль, усе разам адвозілі таго ў Івянец, развіталіся, жадалі яму добра ваяваць, застацца жывым i вяртацца дадому.