—Не заяўляўся часамі тут, каля вас?
Яніна пахітала галавою: не. Вусны яе плаксіва ўздрыгнулі. I да яго, Васіля, шыбнула цяплынь да галавы: ён адчуў нейкую бяду.
—Вось што, дарагія мае, — Васюкоў паклаў ім рукі на плечы.— Буду з вамі шчыры, як з сябрамі. Памагалі дагэтуль, памажыце i цяпер... Адным словам, як i самі бачыце, тут, на вызваленай зямлі, ідзе набор у Чырвоную Армію. Люд разумее патрэбы вайны, краіны, ідзе з патрыятычным настроем. Але ёсць i такія, што ўхіляюцца ад набору — падмалоджваюцца, прыбаўляюць сабе гады, хаваюцца, уцякаюць з часцей. I вельмі шкода, што сярод гэтых дэзерціраў ёсць добрыя людзі. Паліцаі, зламыснікі пусцілі чутку, што нашы цяпер помсцяць люду Заходняй Беларусі за тое, што ён не сышоў у бежанства, быў у акупацыі, паводзіўся адмыслова, і яшчэ нібы за тое-сёе... Маўляў, бяруць у Чырвоную Армію маладых мужчын i хлопцаў, партызан таксама i, нават не пераапранаючы, адразу ж кідаюць у бой — бярыце самі свае гарады ды вёскі... I, плятуць, цывільны люд, партызаны, нязвыклыя да адкрытых баёў, гінуць тысячамі... Дык вось, Яніна, ваш Янка паверыў гэтай хлусні i ўцёк ca сваёй часці...
Васіль, жахаючыся ад таго, што натварыў швагер, анямеў; Яніна ад новай небяспекі, што заявілася над ёй i раднёю, збялела: небяспека была велізарная.
—Паверце, я таксама вельмі перажываю, — прамовіў Васюкоў, — па-першае, дэзерцірства — злачынства, па законах ваеннага часу караецца строга. Па-другое, у роспачы ці ў страху, разгубленасці Янка прыбіўся да банды Вяршка... A самі ведаеце, хто такі Вяршок. Адпеты бандзюга... Ён змусіць маладога хлопца стаць забойцам...
—О божа! — усклікнула Яніна i закрыла твар рукамі.
—Я не страшу, — сказаў Васюкоў.— Кажу ж, шчыра шкадую, што такое вытварыў Янка. Добры ж хлопец. Працавіты, шчыры, сарамлівы. Ды толькі во такі надумлівы ды... Я вас папрашу: зойдзе ён да вас — змусьце, упрасіце, каб напрамілы бог уцякаў ад Вяршка ды ішоў з пакаяннем у ваенкамат. Праўда, я не даклярую, што яму даруюць, але... Мне здаецца, у яго ёсць адзін маленечкі шанц. Яму трэба не толькі вярнуцца, пакаяцца, але i прывесці Вяршка з хеўраю. Альбо падказаць іхнія хады, схованку. Гэта будзе нялёгка зрабіць, але, паўтараю, я тут бачу нейкі шанц...
Яніна застагнала ад болю i адчаю, халадзеючы не толькі ад страху за Янкава жыццё, але i ад нейкай безвыходнасці.
—Вайна ёсць вайна, — уздыхнуў Васюкоў.— Канечне, гінуць на ёй людзі, але няпраўда, хлусня, што тых, хто быў у акупацыі, пасылаюць наўмысна на смерць. Для Чырвонай Арміі, для краіны кожнае чалавечае жыццё дарагое...
Слухаючы, Васіль цяпер зразумеў, чаму Васюкоў i Казлоў ішлі сюды прыгнуўшыся. Можа, i асцерагаліся Вяршка з шайкаю, можа, i не хацелі, каб ix тут бачылі, а па-трэцяе, можа, там, у лесе, употай запыніліся байцы, гатовыя ў любую хвіліну напасці на шайку. Няма спакою i бяспекі ні ўночы, ні ўдзень. Можа, яны з Янінай сёння які ўжо час пад нейчым пільным i незычлівым назіркам альбо нават i пад прыцэлам? А што будзе пасля таго, калі Васюкоў i Казлоў пойдуць адгэтуль, пакінуць ix безабароннымі? Што будзе ў гэтую ноч? 3 Вяршком не дай бог сустрэцца. Той — сапраўды забойца з забойцаў, карнік, нямала праліў людской крыві разам ca сваімі гаспадарамі-акупантамі. А на яго, Васіля, у яго, пэўна ж, асабліва свярбяць рукі — за тое, што ён адмовіўся ісці служыць у паліцаі i не аддаў яму Яніну. Праўда, у Вяршка па ўсіх вёсках было шмат нявест i «жонак», але, канечне, той зламыснік за няўдачу затаіў не толькі злосць, але i помету...
—Яшчэ раз папрашу, — уздыхнуў Васюкоў, паціснуў ім плечукі.— Убачыце Янку — пагаварыце, памажыце ці на ват i змусьце яго адумацца, зрабіць іншы, высакародны, выбар. А Янка да вас зойдзе. I, можа, нават не адзін.
Васіль i Яніна падакляравалі, што, калі ўбачацца з
Яикам, пагавораць з ім так, як трэба; Васюкоў i маўклівы Казлоў неўзабаве пакінулі хутар.
—Божа, што ён сабе надумаў? — сашчаміўшы калені рукамі, захітала галавою, забедавала Яніна.— I праўда ж, можа зусім марна ды ганебна скласці галаву... Выжыў у вайну, дык прападзе цяпер, пасля вайны. Малады, здаровы. У васемнаццаць гадоў.— Заплакала. 3 вачэй паплылі па загарэлых шчоках буйныя слёзы. Пасля паскардзілася: — Ну чаму ты, божа, такі нелітасцівы? Дзе ні ступі, куды ні павярніся, дык усюды адна бяда ды гора...
—Сам Янка вінаваты, — прамовіў Васіль, разумеючы, што не вельмі суцешвае Яніну, а яшчэ болей дадае ёй пакут.— Не ўцякаў бы — дык i не было б ніякай мітрэнгі. Можа, быў бы i шчаслівы — абмінула б куля, абмінуў бы i асколак...
Яніна маўчала, моўчкі плакала. Канечне, яна, кабета, сястра, вастрэй, балюча адчувала трывогу, пакуту як за брата, так i за маці: Янкаў учынак ніколечкі не ўсцешыць i тую, не прынясе радасці.