Выбрать главу

Услед за ім, ляскаючы далоньмі, загаркавалі i ўзнёслыя Казлоў ды Савельева. Яніна i Васіль злёгку пацалаваліся.

Яніна дагэтуль яшчэ не піла ні гарэлкі, ні віна, дык памачыла толькі вусны, зморшчылася; Васіль пасля хваробы-жаўтухі таксама не ўжываў ніякага спіртнога пітва, але цяпер не мог ад яго адмовіцца.

Ром быў цёплы, адмыслова, не зусім прыемна, пахнуў, дык піўся з неахвотаю. Але Васхль, уздрыгваючы, лічы, пакрываючыся пупырышкамі, нібы ад холаду, апаражніў усё, адчуваючы, як апякло горла, нутро, пайшла па жылах цеплыня i сёння — ці не без прывычкі — тут жа шыбнула ў галаву лёгкім хмелем.

— Частуйцеся, — запрасіла Савельева (яна выпіла сваю долю не зморшчыўшыся) i першая ўзяла колькі суHin, .— Няхай у вашым жыцці, Янька i Васька, будзе шматшмат салодкага, як i гэтыя ягады...

Падзякаваўшы, Васіль укінуў у рот колькі суніц — яны сапраўды былі салодкія, прыемныя, перабілі досыць нясмачны пах рому. Усе астатнія таксама закусвалі суніцамі, усміхаліся, былі задаволеныя i радыя.

...Чапроўская блаславіла ды пацалавала ix яшчэ на ганку, запрасіла ў хату. Цяпер гэтая кабета, апранутая ў святочную чорную, з чырвонымі кветачкамі сукенку, абутая ў туфлі, хоць i плакала, але здалася зусім не строгая, вельмі лагодная, як i яго, Васілёва, маці.

—Кажушкі паехалі на сенакос, сказалі, што папрывецяць вас ужо ўвечар, — сказала яна.— Так што садзіцеся за стол, будзем палуднаваць. Во i мне трэба бегчы туды, да ix, — Калі падала па місцы гарачага, без мяса ды косткі, але добра забеленага смятанаю шчаўя, па лусце хлеба, запынілася каля стала i сказала маркотна: — Выбачайце, дзеці, што не частую як след, не прымаю гасцей... Што вяселле ваша як i не вяселле... Быў бы іншы час — дык усё было б па-другому, інакшаму...

—Нічога, мама, — жвава прамовіла Яніна, садзячыся за стол.— Затое нас добра пачаставалі ў сельсавеце. Нават i выпілі патроху.

—Хто ж вас так прывеціў? — не то ўзрадавалася, не то засмуткавала Чапроўская. Узрадавалася, відаць,

з-за таго, што ix, маладых, уважылі чужыя людзі, засмуткавала, пэўне, з-за таго, што, як сказала, не можа як след адсвяткаваць сама.

—Васюкоў, — адказала Яніна.

—Добры чалавек, — пахваліла яго Чапроўская, — дай бог яму добрае здароўе, доўгае жыце...

Васіль моўчкі сёрбаў шчаўе i ў размову не ўступаў. Па-першае, ён бянтэжыўся перад Чапроўскаю, што ўжо не толькі пасягнуў на яе дачку, але ўжо i яе зяць, па-другое, ён зусім ап'янеў. На яго лобе, здаецца, выступіў густы пот. Ап'яненне гэтае, канечне, было часовае, неўзабаве той глыток рому, што ён выпіў, павінен быў разысціся, страціць сваю моц.

Адчуваючы, што разам з маці трэба ісці на сенакос i Яніне, Васіль неўзабаве падзякаваў Чапроўскай i меўся ісці да сваіх гаспадароў.

—Куды ж ты, сын, пойдзеш ужо? — хаваючы ад яго вочы, прамовіла Чапроўская i завіхнулася прыбраць ca стала.— Ты ж не чужы ўжо нам. Свой... Мне — зяць, Яні — муж...

—Ды, казаў Дошчачка, пасля полудня па сена трэба ехаць, — пранікаючыся павагаю i падзякаю да Чапроўскай, сам дабрэючы, сказаў ён.

—Не прападзе ні Дошчачка, ні яго сена, — разважліва, здаецца, важка ацэньваючы коЖнае слова, адказала Чапроўская, але па-ранейшаму не пазіраючы ім абаім у вочы, — Ідзіце адпачніце... Я вам у гумне на сене наслала...

Васіль ад неспадзяванасці зірнуў на Яніну: тая ў гэтую ж хвіліну густа ўспыхнула чырванню, адвяла ад яго позірк.

—Мы, можа, паможам вам, мама...— збянтэжана нрамовіла яна.

—Справімся i без вас, — здаецца, наўмысна страгавата сказала Чапроўская. Пасля, бачачы, што яны абое засаромеліся, як яшчэ малыя дзеці, хуценька падалася за печ i дадала ўжо адтуль:

—Ну, ідзіце. Я хачу пераапрануцца.

Яны паслухмяна выйшлі з хаты.

6

Хутарок Амшарок паспакайнеў (не ішлі ўночы немцы, не заяўляўся Вяршок з шайкаю) i заадно ажываў, культурнеў.

За некалькі дзён пасля таго, як пабылі Васюкоў i Казлоў з непрыемнымі навінамі, Яніна i Васіль выкапалі досыць прасторную i глыбокую яміну, абклалі жэрдкамі сцены, зрабілі палок, стол, лаўкі з расколаных ды абчасаных сякераю плашак, невялікае акенца, дзверы, разабралі печ на папялішчы i ca старых, але яшчэ моцных цаглін склалі ў зямлянцы печачку з невялікаю плітою. Прымайстраваўшы да двух вянцоў зямлянкі надзейную i цёплую страху, аж залюбаваліся: спрытнае i ўтульнае выйшла жытло! Тут, як здалося ім, можна не толькі зімаваць, але i не баяцца ніякага марозу! Толькі трэба расстарацца для печы дроў i харчу для сябе. Там, увесну, можна будзе ўжо дбаць i пра хату.