Выбрать главу

«Які б ні быў час, дзядзька Іван, але чалавек павінен заўсёды быць чалавекам», — хацеў сказаць я, але змаўчаў.

Я, прызнаюся шчыра, не забыў пра той былы, сапраўды даўні ўжо выпадак, але i не ўспамінаў яго каму-небудзь: па-першае, ці варта доўга выношваць крыўду i помсту, а па-другое, у жыцці маім за гэты час было яшчэ нямала ўсякіх — значных i дробных, прыемных i гаркотных — выпадкаў. Хіба ўсё ўтрымаеш у памяці?! Хіба на ўсё зважаць?! Але сёння, як пачуў званок, адчыніў дзверы i ўбачыў на пляцоўцы нечаканага знаёмага госця, дык адразу i ўспомніў той час, маладога дзёрзкага Вішняўца, тое прыкрае здарэнне.

Запрасіў у кватэру, слухаў яго крыўду, папрокі, частаваў, але не напамінаў былога. Ды i лічыў: Вішнявец пра ўсё ўжо забыў. Калі ўжо тое было! Ды ці варта за яго папікаць цяпер старога ўжо чалавека?! Лепш паглядзець, кім ён стаў на старасці. Маладыя грахі ды памылкі навучылі яго чаму-небудзь карыснаму ці нічога не змянілі ў чалавеку?

Я i цяпер, усміхаючыся, пазіраў на Вішняўца — невысокага, камлістага, у белым капелюшы i ў светлым касцюме, з кішэнькі пінжака якога вытыркаліся два хвосцікі самапісак, з гаспадарчай пакоўнай сумкаю ля ног.

Нейкую хвіліну мы абодва маўчалі, мусіць, кожны па-свойму ўспамінаючы той няблізкі час, тое здарэнне, сваё некаляшняе i цяперашняе жыццё.

—Я, Васільевіч, прызнаюся: я забыў тое... зноў нібы гарэзна, нібы крышку з няёмкасцю ўсміхнуўся Вішнявец.— Кажу, колькі вады ўжо сплыло, чаго толькі не было... Але як параілі знаёмыя пад'ехаць да цябе папрасіць помачы, дык адразу ўспомніў... Як у памяці нешта адчынілася... Думаў: ты цяпер важны чалавек, не захочаш нават гаварыць са мною, пенсіянерам. Каб я яшчэ на базе, як раней, два гады таму, рабіў, дык, можа, паразумеліся б, а так... З-за крыўды, з-за цяперашняй сваёй важнасці можаш нават не дапусціць мяне да дзвярэй... Аж ты просты, бачу, чалавек. Можа, i занадта просты. Во іншы на тваім месцы... Ого, не так бы паводзіўся, не тое меў бы...— Усклікнуў у захапленні.— О, якія ёсць пыхліўцы ды грабуны! I я табе, Васільевіч, скажу, што i трэба марку сваю высока трымаць. Тады болей паважаюць, а то i баяцца... З простага пасміхоўваюцца, а то i папіхаюць яго ўсюды...

Я моўчкі слухаў. Вішнявец гаварыў-гаварыў пра сваіх знаёмых падначаленых i кіраўнікоў, хваліў ці ганіў ix, а пасля, убачыўшы, што падыходзіць патрэбны трамвай, заспяшаўся ехаць дадому, у свой гарадок.

—Дык, Васільевіч, заступіся, не дай у крыўду заслужанага чалавека, — зноў, як i ў кватэры, пачаў прасіць. — Цыкні зверху на нашага Сідаровіча, іншым падсып перцу. Памажы дабіцца мне праўды i справядлівасці.

Я падакляраваў узяць ад газеты камандзіроўку i пад'ехаць разабрацца ca скаргаю Вішняўца. Ён аж рассыпаўся, як кажуць, ад падзякі ды паехаў сваёю дарогаю.

Неўзабаве я i з'ездзіў туды, як i абяцаў. Мясцовыя кіраўнікі выслухалі мяне, з болем паскардзілся, што Вішнявец замучыў ix ужо сваімі просьбамі ды скаргамі. Ён па льгоце атрымаў у горадзе вялікую кватэру, легкавік, а цяпер хоча атрымаць яшчэ адну машыну i яшчэ адну кватэру — для сына. Для Міхася, з якім я некалі разам хадзіў у школу. Мне не толькі расказалі пра ўсё гэта, але i дакументамі пацвердзілі, што той Міхась, заводскі інжынер, можа жыць i з бацькамі, бо плошчы хапае.

Калі я, маючы на руках копіі Вішняўцовых лістоў, адказаў з раённых устаноў, зайшоў да Вішняўца ды паказаў усё гэта, дадаў ад сябе, што ён скардзіцца без дай прычыны, дык ён мігам змяніў сваю ласку на гнеў, пачаў нагаворваць i на мясцовых людзей, i на мяне самае што ні ёсць паганае. Мяне яшчэ папікнуў, што я не хачу памагчы яму за тую сваю даўнюю, «нікчэмную», як сказаў, крыўду. Уз'юшыў супраць мяне i свайго сына, бо той не сказаў мне ніводнага прыемнага слова, толькі кпіў з мяне ды таксама нагаворваў на сваіх людзей.

З прыкрасцю я зразумеў, што Вішнявец i на старасці не толькі не змяніўся, не палагоднеў ды не падабрэў, але яшчэ болей закасцянеў ад зла. Недарэмна ж, мусіць, людзі кажуць: калі нарадзілася цялятка з лысінкай, дык з ёю i памрэ.

2

Той даўні выпадак, пра які не адзін раз напамінаў Вішнявец, здарыўся, калі я пайшоў у першы клас.

Што такое пайсці дзіцяці ў школу, усе ведаюць. Гэта — i вялікая падзея, i немалая перамена ў жыцці, i новыя хваляванні ды трывогі, i велізарная радасць ды доўгая, без канца i краю, дарога ў навуку, да пазнання. Тым больш усё гэта было ашаламляльнае i важнае для мяне: я нарадзіўся i гадаваўся на хутары, дзе было ўсяго некалькі аддаленых адна ад адной хат, не мелася яшчэ электрычнага святла, дык для мяне дарога ў вёску, да людзей, навучанне ў школе, дзе было электрычнае святло, радыё, а таксама была досыць вялікая бібліятэка тоўстых i тоненькіх, з малюнкамі кніг, стала, можна сказаць, дарогаю ў вялікі свет. Канечне, свет той быў не такі ўжо вялікі, але для мяне, тагачаснага, быў, паўтару, не малы.