Выбрать главу

У школе я хораша сышоўся ca сваім суседам па парце, Міхасём Вішняўцом. Быў ён крышку ніжэйшы за мяне, як казалі, «гонкага, але худога», але камлісты, дужы i вельмі прыгожы, нібы дзяўчынка. Яшчэ ён быў разумны, кемны, умеў ужо добра чытаць — не толькі «Буквар», але i кнігі ды газеты, — а таксама спрытна пісаць ды лічыць, здаецца, бясконца. Я яшчэ столькі ўсяго не ўмеў, мог толькі чытаць i пісаць друкаванымі літарамі, лічыў з запінкаю, не мог вызначыць, які дзесятак ідзе ўслед за якім.

Пасябраваўшы з Міхасём, я пачаў заходзіць да яго дадому — ці раніцай, ці пасля вучобы. Хата Вішняўцоў мяне таксама ўразіла: у нас, на хутары, хата, хлеў, гумно — усё было над адной страхою, жыллё наша было з аднаго пакоя, з адным, ад вёскі, ад поля, акном, з гліняным долам. У Вішняўцоў высокі светлы дом стаяў ля вуліцы, за плотам i гародчыкам, a астатнія прыбудовы былі воддаль. Дом быў з трох пакояў, з мноствам вокнаў, з дашчанаю падлогаю. Вішнявец-бацька быў у той час нашым брыгадзірам, жыў заможна.

Мы з Міхасём ці забаўляліся ў двары альбо на блізкім поплаве, ці каталіся на яго дзіцячым веласіпедзе, ці былі ў хаце i гулялі ў «школу», у «настаўніка» i «вучня». Міхасёва маці, цётка Франя, сустракала мяне ветліва, частавала смачнымі грушамі ды яблыкамі альбо разам з Міхасём садзіла за стол, а гаспадара я мала калі бачыў у хаце: ён, лічы, не стыкаўся дома. Сядзе на свайго жарэбчыка, стукне яму нагамі пад бакі — толькі яго i бачылі.

3

Тады, у першым класе, я з зачараваннем адносіўся да нашай настаўніцы — маладзенькай Клаўдзіі Ільінічны. Яна — у белых туфлях, блакітным касцюме, з выкладзеным наверх вялікім каўняром белай блузкі — была вельмі наглядная, а па-другое, ветлівая, хораша тлумачыла, чытала, а таксама спявала. Бачыць, чуць яе была для мяне кожны дзень найвялікшая радасць. Маці мая часамі аж «скардзілася»: пайшоў ты, сынок, казала, у школу, дык зусім змяніўся — мяне перастаў любіць, a палюбіў сваю настаўніцу, чужую жанчыну.

Помню, тады Клаўдзія Ільінічна чытала нам ca сваёй кніжкі казку, хораша гаварыла чужымі, «мядзведжым», «лісіным» ды «воўчым», галасамі, што мы ўсе не зводзілі з яе зачараваных позіркаў, затойвалі дыханне i слухалі, перанёсшыся думкамі з гэтага рэальнага свету ў нейкі іншы, казачны.

Нечакана рззка адчыніліся класныя дзверы, i мы дружна павярнулі на рып галовы: хто там нам замінае? За парогам стаяў Міхасёў бацька — невысокі, камлісты, у хромавых запыленых ботах, у сінім галіфэ i зялёным кіцелі, не зашпіленым зверху на два ці тры гузікі, у зялёнай фуражцы, на абручыку якой замест зорачкі была відаць свежая зялёная плямачка. Такое адзенне для нашых мужчын тады было звыклае — яны яго куплялі на таўкучцы ў Ракаве.

—Ідзі сюды, — запатрабаваў у анямелай цішьші Вішнявец-бацька, кіўнуўшы пальцам на свайго сына.— I ты, друг хутаранскі, — кіўнуў i мне, — выйдзі.

—Што такое, Іван Станіслававіч? — здзівілася Клаўдзія Ільінічна, прытульваючы кнігу да грудзей.— У нас жа ўрок...

—Нічога, урок можна i перарваць, — непачціва адказаў ёй Вішнявец.— Мне трэба разабрацца во з гэтымі героямі...

—Выйдзем, хлопчыкі, — ціха прамовіла настаўніца, — А вы, дзеткі, пасядзіце ціха. Хутка я вярнуся, дачытаю казку.

Мы падняліся i пайшлі пад здзіўленыя позіркі аднакласнікаў на калідор. Услед за намі падалася i Клаўдзія Ільінічна, нібы маці за дзецьмі.

Вішнявец, чакаючы нас, дастаў з кішэні пачак цыгарэт «Казбек» (Міхась збіраў пустыя пачкі i абменьваў на ix жаданыя сабе рэчы), закурыў, зачыніў за намі дзверы i кіўнуў, каб мы ішлі за ім у настаўніцкую. Там ён, як дырэктар, сеў за стол, зняў фуражку i хустачкаю выцер з ілба буйны пот.

—Іван Станіслававіч, я нічога не разумею...— i разгублена, i незадаволена абурылася Клаўдзія Ільінічна. Не села, стаяла побач з намі. Як старэйшая вучаніца.— Што здарылася?

—Спачатку, паважаная навучыцелька, дазвольце ў вас запытаць: чаму вы кепска вучыце давераных вам вучняў? — павысіў голас Вішнявец, нібы на сваю жонку ці дачку, — Чаму выхоўваеце не чэсных людзей, а спрытных зладзеяў?

Клаўдзія Ільінічна хуценька зірнула нам абодвум у вочы: што вы ўтварылі, дзеці? Мы паапускалі галовы, хоць i не адчувалі ніякай віны. Вішняўцоў рэзкі тон гаворкі, спалоханы i разгублены настаўнічышын позірк збянтэжылі нас. Мусіць, не толькі для дзіцяці, але i для сталага чалавека абвінавачванне ў невядомым граху страшней за абвінавачванне ў вядомым учынку.