Выбрать главу

—Растлумачце, Іван Станіслававіч, ясней, падрабязней, у чым мая віна ці віна маіх вучняў, — папрасіла Клаўдзія Ільінічна, чырванеючы на шчоках. Ад разгубленасці аж выстунілі на ix вялікія пляміны.

—Што тут тлумачыць! — спапяліў нас позіркам Вішнявец.— Во ім, гэтым малойчыкам, трэба даваць адказ.

Тут жа вылез з-за стала, хапіў Міхася за вуха.

—Дзе грошы?

Міхась зморшчыўся, нібы раскусіў дробку перцу, залыпаў вейкамі. I ад болю, i ад нечаканага бацькавага запытання.

—Чуеш? Дзе грошы, што ляжалі ў новай шафе між прасцірадламі? — не зважаючы на сынавы моршчыкі, дапытваў Вішнявец.— Адзін узяў ці ўдвух укралі?

—Татачка, баліць...— заенчыў Міхась, пачаў прасіцца: — Пусці. Я не браў ніякіх грошай. Татачка...

—Перастаньце! — нечакана павысіла голас Клаўдзія Ільінічна, аж ён у яе сарваўся, — Што за дамастроеўскія метады?! Гэта зусім не педагагічна!

—У мяне свае метады...— пырснуў слінай Вішнявец i ўдарыў адзін-другі раз Міхася па шчацэ.— Гавары, падшывалец, дзе грошы?

Міхась, енчучы, пачаў клясціся, што нічога не ведае. Тады Вішнявец схапіў мяне за вуха.

—Можа, ты, госць наш даражэнькі, скажаш, дзе нашы грошы, уся выручка за бычка? — прыблізіў гарачы потны твар, дыхнуў гарэлкаю. Настаўніца мітусілася, крычала штосьці, але раззлаваны Вішнявец не слухаў яе, здаецца, з усёй сілы круціў-вырываў мне вуха.— Можа, успомніш, чаго ўчора з нашым бэйбусам лазіў у шафу?

—Мы ніткі шукалі...— адказаў я, плачучы ад крыўды i болю. Караў мяне часам i бацька, але яго кара не была такая цяжкая i крыўдная, як гэтая. Цярпець кару за сваю віну не так ужо i пакутліва, а вось пакутаваць за незаслужанае, за недарэчнае вельмі цяжка.

—Ніткі шукалі, a знайшлі грошы? — здзекаваўся з мяне Вішнявец, усё яшчэ круцячы вуха. Яно гарэла, нібы ад агню, — Дзе ix дзелі? Ну, гавары, а то...

—Мы не бралі...— з плачам выціснуў я.

—I ён не браў, i ты не браў? Я ўкраў? Сам у сябе? На вас, анёлкаў, нагаворваю? — Вішнявец разлютаваўся, а пасля нечакана i мяне, чужога, агрэў па адной i другой шчацэ. У галаве маёй аж зазвінела, шчокі запяклі.

Ад цяжкай крыўды i ад горкага болю я нічога больш не чуў, толькі скрозь слёзы бачыў, як Клаўдзія Ільінічна раптоўна аж змянілася ад перапалоху на твары, штурхнула Вішняўца ў грудзі, паказала гнеўна рукою, каб выйшаў прэч. Той ад нечаканасці хіснуўся, бухнуўся спіною ў сцяну. Калі выпрастаўся, закрычаў ужо на настаўніцу, а пасля, патросшы кулаком, выскачыў з настаўніцкай.

Мы з Міхасём, стоячы пасярод пакоя, плакалі наўзрыд.

—Хлопчыкі міленькія мае, — прытуліла нас абодвух да сябе Клаўдзія Ільінічна i таксама заплакала.— Што ж гэта такое? На што ж такая жорсткасць? Што ж гэта за ліха? Скажыце, скажыце, родненькія, мне шчыра: вы бралі ці не бралі тыя грошы? Не бойцеся, кажыце толькі праўду.

Мы не маглі нічога адказаць толкам, хоць i спрабавалі, перабіваючы адзін аднаго ды глытаючы горкія слёзы, расказаць, што не рабілі ніякага крадзяжу.

—Супакойцеся, хлопчыкі. Супакойцеся, міленькія, — прасіла Клаўдзія Ільінічна i ў настаўніцкай, i пазней у класе, але мы не маглі суцішыць ні плачу, ні ўздрыгвання.— Я веру: вы невінаватыя. Выйшла нейкая прыкрая памылка альбо недарэчнасць. Грошы знойдуцца, ад вас будзе адведзена ўсякая ганьба...

4

Яшчэ з гародчыка мяне ўбачыла маці.

Яна разам з малодшаю маёю сястрою выбірала там бульбу — як я згледзеў, на сотках было разагнана колькі баразён, што падсохлі ўжо ад нізкага, няяркага, але яшчэ не цалкам астылага вераснёўскага сонца ды на цеплаватым ветрыку.

Каб іншы раз, дык я абавязкова адразу ж падаўся б да маці, расказаў бы, што ўведаў у школе новае ці якія сёння атрымаў адзнакі. Але цяпер я пакрочыў адразу ў хату. Маці, разагнуўшыся ды трымаючы ў руках бульбу, толькі праводзіла мяне позіркам.

Данута (з ёю, аднакласніцай, мы ішлі разам дадому), відаць, пра ўсё расказала маці, бо тая, тады яшчэ маладая, рухавая, не нашмат, мусіць, старэйшая за нашу настаўніцу, хутка ўбегла ў хату i адразу пляснула рукамі.

—Сыночак мой! — ускрыкнула, — Ды ты ж аж змяніўся на твары!

Я дагэтуль уздрыгваў i ўсхліпваў, а цяпер зноў разжалобіўся i не вытрываў — заліўся горкімі слязьмі. Маці, прытуліўшы мяне да сябе, як у настаўніцкай Клаўдзія Ільінічна, гладзіла мяне па галаве, прасіла супакоіцца i толкам усё ёй расказаць. Я, глытаючы слёзы, збольшага пераказаў сваё гора.

—Можа, ты, сыночак, усё ж узяў тыя грошы? — напужалася маці, — Можа, растрацілі ўжо на нешта ці схавалі дзе? Гавары, прызнавайся — дадзім нейкую раду. Грэх вялікі — маніць, быць злодзеем. Гэта ўжо пляма на ўсю сям'ю, на ўвесь род.