Калі я пакляўся, што i ў вочы не бачыў грошай, маці разжалобілася i таксама заплакала разам са мною.
—Божачка, ты аж апух...— забедавала яна.— На шчоках відаць сінія сляды ад пальцаў... Не чалавек ён, а звер! Без душы i сэрца! Не разбярэцца, не пагаворыць толкам — б'е чужое дзіця... Няхай бы яму рукі паадсыхалі...
Матчына спагада зусім размякчыла мяне. Я плакаў, як бабёр.
—Не хадзі болей да ix, сыночак, — прасіла маці.— Адвучышся — адразу шыбуй дадому... Сам крадзе, сам адмысловы злодзей, дык нікому не верыць, думае, што i ўсе заграбушчыя ды завідушчыя...
Ад крыўды, плачу забалела галава. Маці распранула мяне i паклала на ложак, просячы супакоіцца i заснуць. Наплакаўшыся, я пасля трохі i прыснуў.
Прачнуўся ад бацькавага сярдзітага голасу.
—«Ніхто не бачыў!» «Ніхто не бачыў!» — злаваўся ён i гаманіў на маці, — I ты нічога не бачыла. А раз не бачыла — дык надта не заступайся. Бо, можа, i ўзялі ці адзін узяў... Прывучыцца красці — вырасце злодзеем...
Бацька запаліў i павесіў лямпу на дрот, a маці ў гэты час высыпала з гаршка ў вялікую місу звараную бульбу — сям'я збіралася вячэраць.
—Як жа не верыць свайму дзіцяці? — заступалася за мяне маці.-— Ніколі ж у жыцці ні ў кога нічога не ўзяў!
—Але ж грошы, кажа Іван, прапалі. З шафы. А яны абодва лазілі ў шафу — меншыя дзеці гэта добра бачылі...
—Па-першае, столькі грошай дзеці не возьмуць, можа, хто i ca сталых падгледзеў ды ўкраў, а па-другое, не мае права гэтак палохаць i біць чужое дзіця...— усхліпнула маці.— Думае, што наша дзіця вінаватае, дык няхай i скажа пра гэта нам. Самі разбяромся. А ён без суда i совесці рукі распускае, упалохаў хлопца, што i ў сне плакаў ды прасіўся...
Я прыкідваўся, што сплю; бацька замаўчаў; відаць, i яго, строгага, кранулі такія бессардэчныя Вішняўцовы выхадкі; маці падышла да мяне, прыклала вусны да лба, а пасля да скроні.
—Гарачанькі. Гарыць увесь...— уздыхнула, пацалавала мяне ў адну i другую набітыя сёння шчокі.— Зараз адвару з журавінак дам, кампрэс халодны на лоб пакладу...
5
Я назаўтра ў школу не пайшоў.
Гарэў, моцна балела галава. Маці сказала, што гэта ў мяне ад моцнага перапалоху. Вельмі злякаўся — вось i прычапілася хвароба. Часамі мне было так горача, што аж траціў прытомнасць — у вачах не то раіліся пчолы, не то лёталі мухі, бесперастанку стаяў звон-гул у вушах. Я то разумеў, дзе я i што са мною, то раптоўна падаў у забыццё.
Не хадзіў я ў школу з тыдзень. Усе гэтыя дні не то спаў, не то трызніў, сніў нейкія дзіўныя сны. Мала помню, што прывозілі да мяне з Дзераўной урача, што маці па некалькі разоў у суткі давала піць разведзеныя ў вадзе парашкі i таблеткі i што прыводзілі да мяне з далёкага хутара бабу Аршулю, каб яна «выгнала сполахі».
Калі я нарэшце ачуняў, дык адразу ўбачыў каля сябе маці.
— Сыночак, ты i праўда невінаваты, — абцалавала мяне.— Учора была тут твая настаўніца, дык сказала, што Вішняўцы знайшлі грошы. Ix украў іхні сусед, Кузёмка. Хаваў, таіў, а потым падкінуў Вішняўцам... Але людзі ўбачылі, расказалі пра ўсё ўсім...
Хоць быў я невінаваты, але мне, здаецца, адразу ж палягчэла ад гэтай навіны. Усцешыўся, што i маці з бацькам супакоіліся, не будуць думаць абы-чаго пра мяне ды саромецца перад вёскаю. Сапраўды ж, было б не паказацца нікому на вочы, каб я аказаўся злодзеем. Заадно радаваўся, што i з мяне спала абвінавачванне. Ужо ў маладыя свае гады я адчуў: няма на свеце болей пакутлівага ды гораснага, чым хітра прыдуманы паклёп, падазрэнне.
Увечар, калі вярнуўся з работы бацька, маці запатрабавала:
—Падавай, Васіль, на Вішняўца ў суд. Няхай патрасуць, каб не задзіраў нос ды не распускаў рукі. Няхай пакараюць, што дзіця ў пасцель уклаў, душу пакалечыў...
—Абышлося ўсё, дык i добра, — буркнуў бацька, здаецца, саромеючыся, што меў злосць, не верыў мне.
—Дзе ж яно «добра»?! — не адступала маці, — Ён хоць папрасіў выбачэння, што нас абразіў, дзіця набіў?
Бацька ўнурыў галаву i нічога не адказаў. Закурыў i зморшчыў лоб.
—Каб ён быў чалавек, меў душу i сэрца, дык сам прыйшоў бы i перад невінаватым дзіцем на калені стаў бы...— папікала маці бацьку за падатлівасць ды заадно выказвала сваю злосць на Вішняўца.— Але ён не прыйшоў i не прыйдзе, бо мы зашмат патураем яму, усё дароўваем. Іншы перадумаў бы ды чалавекам стаў, а ён толькі свінее...
Маці ў той вечар яшчэ доўга дакарала бацьку, кляла майго крыўдзіцеля. Я сам сабе рашыў: трэба абавязкова пакараць Вішняўца. I я пакараю яго. Сваёю пагардаю.
Сапраўды, я доўга, пакуль жыў у вёсцы, пагарджаў Вішняўцом, хоць, здаецца, гэтым надта яго не бянтэжыў. Спачатку пры сустрэчах ён пасміхаўся, жартаваў, нават пакепліваў з мяне, а пасля, бачачы, што я пазіраю на яго спадылба, абмінаў мяне i абы-што нагаворваў за вочы. Нібы не ён мне, а я яму зрабіў прыкрасць.