—Не браў я, чалавек, ніякай хвойкі, як ты мог падумаць на мяне? — спакойна, упэўнена, голасам старэйшага сказаў Дзеравяка, падняў з зямлі цвік i ўсадзіў яго ў паз сцяны.— Раз прыйшоў, Косцік, сюды з такімі думкамі, то благія людзі пастараліся нагаварыць на мяне.
—Каб жа так, дзядзька. Паперка вось цвердзіць, што гэта вы... Відаць, вытраслі, калі даставалі запалкі...
Дзеравяка хацеў узяць квітанцыю, але Зубрэй не даў, схаваў у кішэню.
—Такую паперку мог i я напісаць на любога. Ты толькі вер усім. Ды паперкам усякім.
—Не простая гэта паперка, дзядзька, а ваша квітанцыя. Ваша вёска запісана, прозвішча. Так што я прыйшоў з доказам...
Дзеравяка, канечне, адчуваў, што яму не варта ўпірацца, маніць. Нейкую хвіліну ён нібы зычліва пазіраў, а пасля быццам па-прыяцельску зарагатаў:
—Следчы, гы-гы-гы! Вынюхаў, каб на цябе ваўкі!.. Вось табе i простая паперчына, каб ты згарэла!
—Адмаўляцца не будзеце, што ўзялі, ці з міліцыянерам i дэпутатам прыйсці? — спытаў Зубрэй сур'ёзна, не маючы ніякай ахвоты смяяцца.
—Я, браток... — усміхнуўся Дзеравяка і, відаць, гадаў, што ж далей будзе, але зусім не саромеўся, што дасюль так маніў, адпіраўся.
—Пазаўчора ўночы ўкралі, машынаю з сенакосу пад'ехалі...
—Усё выследзіў... Вось ляснік! Следчы, далібог!— нібы хваліў, але, мусіць, у душы кіпеў кіпнем.
—Хвойка гэта, дзядзька, адмысловая, навідавоку была... — зморшчыўся Зубрэй, зірнуў на дрывотню i на дварышча, спадзеючыся ўбачыць дрэва, але нічога не ўбачыў: яно, відаць, было добра схавана хітрым парубшчыкам.— Будзем, дзядзька, складаць акт, паеду толькі па міліцыянера...
—Не спяшайся...— Дзеравяка нечакана заступіў дарогу.— Не гарачыся, Косцік... Канстанцін Пятровіч. Зойдзем спярша ў хату, пасядзім, пагаворым. Мы ж людзі, згаворымся неяк...
—Не, дзядзька. Ды пра што тут гаварыць: парубка ёсць парубка...— Зубрэй узяўся за брамку, хацеў адчыніць яе.
—От чаго ты лезеш на ражон! Не кіпі? — сказаў Дзеравяка.— Зойдзем у хату, я табе паперку з лясніцтва на дзерава пакажу, каб супакоілася твая душа. Сам Пятровіч, а не хто іншы падпісваў.
Зубрэй разгубіўся, з недаверам зірнуў Дзеравяку ў вочы.
—Калі вы мелі дакументы, дык чаго цішком ды ўночы лезлі, кралі?
—Ды каб людзям вочы не мазоліць, — адказаў Дзеравяка, пацягнуў за рукаво ад брамкі.— Хадзі пакажу паперку.
Павёў за локаць, адчыніў у сенцах дзверы i прапусціў паперадзе сябе.
—Мы тут разуваемся, ходзім у хаце ў тапачках, але ты ідзі ў ботах, табе можна, — гаварыў Дзяравяка i падштурхоўваў яго ў спіну, нібы стараўся хутчэй запхнуць у хату. Сам скінуў сандалі, абуў тапачкі i ў ix падаўся ўжо ў хату.
Там было чыста, утульна: свежая белая столь, вымаляваная ў блакітны колер печ, на падлозе ляжаў новы чысты ходнік, стол быў засланы новаю цыратаю. Зубрэй аж сумеўся, што зайшоў у запыленых ботах.
З другой, лепшай, палавіны хаты выйшла невысокая пажылая гаспадыня, пільна, бадай з насцярожанасщо зірнула на Зубрэя, на свайго мужа і, разгубіўшыся, стала.
—Можа, павячэраем спярша? — спытаў Дзеравяка, выключыў радыё, зацягнуў на вокнах фіранкі.— Нашча i язык не так ходзіць...
—Не, дзядзька, другім разам не адмовіўся б, але сёння не магу, — сказаў Зубрэй.— Паказвайце паперы.
—А ты садзіся i сёння, не адмаўляйся.— Дзеравяка зняў з яго галавы фуражку, павесіў яе на вешалку, запрасіў садзіцца на столаку.
Сам сеў на лаву, палажыў рукі на край стала.
—Я табе, чалавек, зараз усё раскажу, каб не думаў многа ды не баяўся нічога... Уздумаў я сабе яшчэ асобны паднавесік скідаць, а дошак няма. Я — да Пятровіча, a Пятровіч — даўні мой друг, з тых яшчэ ваенных, часоў... Паслухаў ён мяне i кажа: вазьмі ў аднаго ды ў другога лесніка па хвоі. У тваім абходзе, як ехалі з ім да мяне, сам мне тую таўстулю паказаў. Ну, я доўга не думаючы — i за яе... Таўсценная, братачка ж, была, смалістая, вось памучыліся, рэжучы! Сам ведаю: не надта добра выйшла, трэба было спачатку перагаварыць з табою, але спяшаўся ды i цябе напаткаць не мог...
—Дык Пятровіч ведае?— спытаў Зубрэй, крыху супакойваючыся.
—Кажу ж табе, — пацвердзіў Дзеравяка, пасля павярнуўся да жонкі: — Дастань, баба, тую, пачатую...
—Не буду я, дзядзька, — Зубрэй не хацеў звязвацца з гэтым Дзеравякам.
—Не памрэш, калі кроплю возьмеш. А мне сорам: быў добры чалавек у хаце, а я яго па-людску не прыняў.
—Але ж быў я сёння ў лясніцтве, нешта ўсе маўчалі, — сказаў Зубрэй.— Hi перасцераглі, ні спыталі...
—Забыліся, можа. Сам ведаеш, колькі ў ix дзялоў.— Дзеравяка падняўся, прынёс з кухні чаркі, хлеб, следам за ім жонка падала нарэзанае сала, агуркі.
—Можа, яно i так, як вы гаворыце, але мае дзела далажыць, а начальства хай разбірае, — сказаў Зубрэй.— А па-другое, паперку ўсё ж дайце мне, а то слова вашага нідзе не пакажаш у апраўданне i ў справаздачу не прышпіліш...