—Ну i палахлівец ты, як бачу. Кажу ж: нічога нікуды не пішы i нікога не бойся.— Дзеравяка выцягнуў гумавы корак з пляшкі i наліў поўную чарку Зубрэю, палавіну сабе.— Я зладжу з Пятровічам, усё будзе добра i ціха... Бяры, будзь здароў.
Дзеравяка першы падняў чарку, стукнуўся i памалу выцягнуў усё. Зубрэй вагаўся — піць ці не піць. Гаспадар ківаў галавою, каб выпіваў ды хутчэй прыкусваў.
—Бяры во гурочкі, — падсоўваў i гаварыў Дзеравяка.— На кірмашы дарагія яшчэ, не дакупішся, але я, брат, лічы, за дармавіну дастаў. Сын мой на базе... Адходы, так сказаць... Сапсаваліся ці мышкі пагрызлі — ёсць жа процанты порчы... А гэтыя адходы смачныя. Ге-ге-ге...
Зубрэй маўчаў, прыкусваў.
—Дык гаворыш, перажываў крыху, не паспаў гэту ноч? Ге-ге-ге...— Дзеравяка расчырванеўся, бліснуў вачыма, неяк не хочучы, рагатаў.— Ведаю, што службіст ты адмысловы... Але не перажывай. Усё будзе добра, кажу. Прапала адна хвойка — дык прапала... I абход табе будзе, застанецца, i плата ісці не перастане, i ляснічы задаволены будзе... Мала што ў лесе бывае: i ветрам тыя хвойкі выварочвае, i громам б'е... Знойдзеш сведак, складзеш акт — i ўсё... Лесу хопіць, ды ён не твой. А дзяржава па адной хвойцы не абяднее...
—Так можна, дзядзька, калi слухадь вас, i ўвесь стройкі лес уціху выразаць, — сказаў Зубрэй.— Я дык добра знаю, што ўжо яго паменшала...
—Ты менш, дружа, бядуй, бяры да сэрца.— Дзеравяка махнуў рукою.— А матацыклет ты ладны купіў, — i жартоўна прыжмурыў вочы.— Гаворыш вось тут мне пра чэснасць ды беражлівасць, а сам, відаць, грошыкі ў лесе знайшоў...
—Не займаюся я гэтым, дзядзька, — незалюбіў Зубрэй.— Цялушку летась увосень прадаў i за яе купіў...
—Такой бяды, каб i загнаў машыну-другую каму надзейнаму, падзарабіў крыху. Жыць жа трэба... Пятровіч нешта таксама хутка «масквічок» купіў... Прыехаў сюды яшчэ нядаўна з чамаданчыкам, а цяпер ужо не толькі ў сваім легкавіку, але яшчэ i на грузавіку ўсяго свайго дабра не вывезе...— яхіднавата i з хітрыкай прамовіў, але, бачачы, што яго не хочуць падтрымаць у такой гутарцы, сказаў быццам абыякава: — Хаця гэта не наша дзела, усе мы хочам добра жыць, купіць многа чаго i надта не патраціцца...
—Такі хлеб, дзядзька, не надзейны...— перапыніў яго Зубрэй.— Дык пакажыце тую паперку.
—Эйш, цягнёнік, халера! — заківаў галавою Дзеравяка.— Мала тых сто грамаў... Я i сам гэта ведаю. Я, брат, умею з людзьмі жыць, усё разумею...— усміхаючыся, ён адшпіліў гузік з памятага накішэнніка, дастаў i кінуў перад Зубрэем дзесяць рублёў.— Гэта паперка трэба? Гы-гы-гы!
—Я не гандляр чужым дабром, — Зубрэй, як ад агню, адсунуўся ад стала.— Не трэба мне вашых грошай. I нядобра вам, старому чалавеку, лезці ў лес, падманваць ды Пятровіча чарніць...
—Цягнёнік, халера! Гы-гы-гы! — Дзеравяка палажыў на стол яшчэ адну пакамечаную, парваную з боку паперку — пяцёрку.— Дармо, што малады, а дзела ведаеш... Начальства хваліць, але на матацыкле ездзіш, відаць, дома ў панчосе тое-сёе ляжыць... На, бяры, — ён узяў грошы, склаў ix, нюхнуў, жартоўна цмокнуў i працягнуў Зубрэю.
—Не хапуга я, дзядзька.
—Усе мы не хапугі, але ўсё стараемся грэбці пад сябе...— Дзеравяка ўстаў i даваў грошы.— Не бойся: ні адна жывая душа не будзе ведаць... Бяры, ды яшчэ, можа, дамовімся з табою на які пянёк ці на лапіну сенакосу.
—Вось які вы, дзядзька! Укралі самі, яшчэ хочаце...
—Хачу, брат.— Дзеравяка засмяяўся, пастараўся сам палажьщь яму ў кішэню грошы.
Але Зубрэй не даўся, адсунуўся.
Дзеравяка разгублена зірнуў, як не паверыў, што не хочуць браць дармовых грошай, падсунуўся. Зубрэй падхапіўся з-за стала, забраў з вешалкі фуражку i памкнуўся з хаты. Гаспадар, як чулася, подбегам шыбануў за ім.
—Ты што? — нібы здзівіўся, стараючыся забегчы наперад.— Не жартуеш? Бяры... Правы памагу дастаць...
—Правы я i без вас дастану. I акт напішу...— сказаў Зубрэй не азіраючыся.— Што ж гэта будзе, калі ўсе вось так...
—Паслухай...— хапаў за руку Дзеравяка, але Зубрэй паддаў кроку i выйшаў з двара.
—Я ўсё сказаў...
—Можаш пісаць...— злосна, праз зубы працадзіў Дзеравяка. Прыпыніўся ля брамкі.— Але не ўшчунеш ты мяне сваёю папераю: ёсць каму заступіцца... A ў цябе, дурня такога цвердалобага, пажар можа здарыцца ці парубка якая вялікая — пойдзеш з лесу, толькі я слова некаму шапну ці паперу складу... Другога каго, з большай граматай, паставяць... Ці медалёк захацеў палучыць?
Зубрэй маўчаў: пра што было гаварыць? Ён i так шмат патраціў тут часу. Завёў матацыкл i паехаў. Дзеравяка яшчэ нешта крычаў, прыпалохваў, але хутка яго голас перастаў чуваць.