Выбрать главу

Зубрэй праскочыў вуліцаю вёску, павярнуў за ёю на пагонку, адчуваючы, як дыхнула ў твар свежасцю, i хутка апынуўся ў маладым, а пасля i ў старым, яшчэ цёплым ад гарачага дня лесе — сваім абходзе. У ім было ўжо цемнавата, толькі стужкаю свяцілася дарога-брукаванка.

Зубрэй стомлена зірнуў на лес i востра адчуў, што той пабяднеў яшчэ на адно вялікае старое дрэва.

1971

I СВАЕ, I ЧУЖЫЯ

1

Рэгіна ішла-ішла, а пасля міжволі зірнула ўверх: на белыя, што гурбы снегу, толькі па краях падсіненыя воблакi заплыло невялікае няяркае сонца i раптоўна ўзвіўся налётны дзьмухавей. Здаецца, прамчаўся, гонячы замець, па доле, ударыўся аб сцяну, падскочыў угору, засвістаў пад страхою, а пасля выскачыў на дах i змёў з яго сухі снег. Ён, сыплючыся з даху, лёгка падаў долу, церусіўся i выснежваў абкладзеную рудою пліткаю сцяну, высокую елку, рослага мужчыну ў чорнай пыжыкавай шапцы i ў чорным паліто. Ён стаяў паблізу дома i пазіраў на сваю руку — на гадзіннік.

Як убачыла, што мужчына ад неўспадзеўкі ўгнуўся, ледзь не ўцягнуў у плечы шыю, Рэгіна развесялілася i ўсміхнулася, хутчэй пакрочыла да яго па рыпкім снезе. Яшчэ нядаўна яна адчувала стомленасць ад доўгай працы, ад непрыемнай спрэчкі са сваім мармытлівым намеснікам, але цяпер адразу ўсё — i стома, i спрэчка — забылася, з'явілася лёгкасць, тая сіла, вера, з якімі не толькі хацелася жыць, працаваць, але i ахватней верылася ў такое блізкае i такое няўлоўнае жаночае шчасце...

Як толькі аціхнуў узвей, Сярожа зняў вушанку, строс з яе белы пух, рукаўкамі змёў снежны пыл з бабровага рыжаватага каўняра, азірнуўся — i, як згледзеў яе, вочы ды вусны яго кранула ўсмешка. Усміхнуўся i, здаецца, вельмі пахарашэў, хоць i так быў прыгожы мужчына.

—Нарэшце я бачу вас... ён наблізіўся, хуценька цмокнуў у шчаку, ахаладзіў яе скронь настылай поўсцю абснежанай вушанкі.— Ну, добры дзень, радасць мая!

—Здароў, Сярожка!— ціха сказала яна, падала руку, з радасцю адчула, як ён моцна сціснуў яе ў сваей гарачай далоні.— Прабач, калі ласка, што запазнілася. У другі раз бяруся хоць на хвіліну, але прыходзіць раней...

—Што ж, i гэта добра, — усцешыўся ён, не выпусціў яе рукі, i яны пайшлі поплеч.— Хоць калі трэба i ўзбунтавацца...— ён нацягнуў яе за руку i прытуліў да сябе.

Рэгіна, прыхіляючыся, наўмысна дзюбнула яму ў шчаку раз-другі носам: я ж жанчына, маўляў, i мяне трэба разумець, a ўзбунтавацца не дазволю...

—На нас жа глядзяць людзі, Сярожа, — потым прашаптала яна.— Ды не ў нашы гады так ужо гарэзнічаць...

—Ну i няхай!— махнуў ён рукою.— Ніякі я яшчэ не стары, я закаханы... А закаханым усё можна... Хто скажа, што гэта не так? Хіба той, хто ніколі не кахаў...

—Ладна таб е, — яна ўзяла яго пад руку, i яны — моўчкі, толькі ўсміхаючыся — паволі пайшлі па расчышчанай сцяжыне.

У прасторным, выкладзеным бела-рудою пліткаю, светлым ад белых сцен i дзённага святла фае Сяргей памог ёй скінуць футра, падаў яго — доўгае, цяжкое — старому гардэробшчыку, распрануўся сам i ўзяў пададзеныя ленаватым гордым старым два нумаркі; Рэгіна за гэтую пару падышла да вузкага, але высокага люстэрка, аблямаванага чырвона-карычневым дрэвам з рознымі ўзорамі, паглядзелася. Спачатку, крышку адышоўшыся, зірнула на ладныя, як прыліплыя да ног, замшавыя высокія боты, а тады падышла ўжо бліжэй, узняла рукі i пачала папраўляць на галаве чорны парык, заадно i любавацца сваім прыгожанькім, як яна лічыла, тварыкам. I ў гэтую хвіліну ў люстэрка ўбачыла Сяргея. Убачыла не ўсяго, a толькі яго вочы, гарэзны позірк, ім ён, ловячы хвіліну, што яна падымала рукі i ўзнімала міжволі сукенку, акідаў яе з ног да галавы і, здаецца, лашчыў яе гэтым позіркам лепш рук ды ўсякіх слоў.

Яна наўмысна пастаяла так яшчэ крышку, каб ён паглядзеў на яе з захапленнем, а пасля «грозна» паківала яму ў люстэрка пальцам: хіба можна так, бессаромнік?! — i павярнулася да яго.

—Каюся...— пацвеліўся ён.— Больш не буду.

—Ну-ну, так я табе i паверыла! — адказала яна i ўбачыла, што ён сёння ў новым чорным касцюме, белым світэры, загнутым пад барадою ў прыгожую складку.

Яны падняліся па шырокай лесвіцы на другі паверх, дзе ў шырокай, як акінуць вокам, залі з высокімі круглымі калонамі, на баках якіх віселі гаршчочкі з кветкамі, было ўжо даволі шмат людзей. Падаліся ў «свой куток», дзе яны, ужо даўно дамовіўшыся са знаёмай афіцыянткай Жэнечкай, сядзяць раз ці два ў тыдзень — калі сустракаюцца.

Як праходзілі па цэнтры залі, дык i сустрэліся з невысокай маладзенькай Жэнечкай. Тая ў гэтую хвіліну несла паднос са стравамі, усміхнуліся ёй, прайшлі крыху i селі ў самым кутку, ля высокага фікуса, за невялічкі столік. На ім стаялі графінчыкі, чаркі — пасуда была для вока, каб трымаць столік для патрэбных людзей.