—Прывітанне!— неўзабаве падышла Жэнечка, забрала са стала графінчыкі, чаркі, занесла непадалёку на шафку, вярнулася адтуль з вазачкаю са складзенымі ў ёй салфеткамі, з дзвюма беленькімі сурвэткамі. Тут жа паслала ix перад імі на стале, паклала доўгае i вузкае, белае, з буйнымі сінімі літарамі — назвай рэстарана — меню.
—Выбірайце па сваім гусце, а я зараз падыду, — сказала яна i адышлася, усміхнулася, як гадаючы: хто ж яны на самай справе? Брат i сястра, муж i жонка, жаніх i нявеста ці патаемныя каханкі?
—Ты імяніннік, дык i выбірай...— усміхнулася Рэгіна.— А я пагляджу, які ў цябе густ...
—З'есці смачна люблю, але гаспадарыць на кухні не.
— Ведаеш, i я не лепшая...—прызналася Рэгіна.—
Вельмі ж неяк крыўдна, што яна, гэтая кухня, забірае ў нас, жанчын, кожны дзень гэтулькі часу, цярпення... Вары, смаж, з'еў — мый пасуду i зноў пачынай тое самае: вары, смаж... Ды гадай: што ж сёння зварыць? Я сплавіла ўсе гэтыя клопаты на маму-пенсіянерку, даручыла ёй хадзіць у магазіны, стаяць у чэргах, а сама з вялікім задавальненнем за гэты час ці кніжку пачытаю, ці ў кіно схаджу. У наш век неяк i боязна многа часу сядзець у хаце, стаяць ля пліты ці мыць бялізну ў ваннай... Лепш ужо болей пасядзець у цырульні, схадзіць у кіно, у тэатр, з'ездзіць куды...
Сяргей не паспеў ёй нічога адказаць: падышла Жэнечка.
—Разумее ш, Жэнечка, ён сёння юбіляр, дык i прынясі што-небудзь лепшае, — з жартам сказала ёй Рэгіна.
—Вшыстке бэндзе ў пажондку! — усміхнулася тая i адышлася.
—Ну, як табе на новай пасадзе? — Сяргей перамяніў гутарку.— Прыемна ці цяжка кіраваць?
—Яшчэ не разабралася...— паціспула яна плячыма, з любасцю пазірала яму ў вузкаватыя блакітныя вочы, у куточках якіх было ўжо крыху сталых маршчын. Ix ёй цяпер чамусьці вельмі хацелася пагладзіць пальцам, а то i пацалаваць — хоць яе на рабоце лічылі строгай жанчынай, але яна была не строгая, парою адчувала вельмі вялікія прылівы чуллівасці i пяшчоты.— Пакуль што няёмка, Сярожа, што начальнік над многімі сталымі людзьмі, маю большую за ўсіх плату. Няёмка, што равесніцы крышку зайздросцяць, а пажылыя недалюбліваюць: як гэта так, што не з ix каторую, a дваццацісямігадовую, не надта яшчэ ўмелую, як яны лічаць, бухгалтарку паставілі галоўбухам такога вялікага выдавецтва. Хоць людзі ёсць людзі: паставілі б на маё месца старэйшую — зайздросцілі б i ёй. Такія яны ўжо, гэтыя зайздроснікі... На мяне нават туды, — яна ўсміхнулася, паказала пальцам угору, — напісалі ананімку. Маўляў, разведзеная, a кіруе калектывам... Праўда, у мяне адтуль толькі далікатна спыталі, чаму я развялася...
—Прывыкнеш, — усміхнуўся ён.— Пройдзе год-другі, дык i думаць не зможаш, як гэта ты магла раней без такой працы... Як я цяпер не ведаю, як гэта мог раней не быць галоўным канструктарам нашага заводзіка...
—Праца мне падабаецца, толькі вось, можа, зашмат усякай пісаніны, — прамовіла Рэгіна.— Кліенты нашы — народ вучоны, са званнямі ды ўзнагародамі. Глядзіш на ix, вырачыўшы вочы, што ні чалавек, дык талент-выкапень! Адзін такі мілы барадаты дзядуля-ўдавец вельмі сімпатызуе мне: як толькі атрымае ганарар, дык цукеркі прыносіць, у рэстаран запрашае...
—Ты глядзі!— Сяргей кіўнуў на яе пальцам.— Не пагляджу, што ён творац, геній, так трасяну ў рэўнасці, што не толькі згубіць свой талент... Я i ў наш касмічны век па-старамоднаму раўнівы... Трымайся лепш мяне — звычайнага служачага са звычайным акладам...
—А я вось думала: а што, каб i пайсці замуж за гэтага дзядулю? «Волга», дача, кватэра-люкс, жонка акадэміка, бібліятэка i яшчэ спецыфічная кніжка з кругленькай сумай... Колькі там яшчэ ён працыльгікае?..
Сяргей як разгубіўся ці праглынуў язык, бо нічога не адказаў. Толькі мармытнуў нешта, варухнуў вуснамі ды сціснуў ix з крыўдаю.
—Не злуйся, раўнівец старамодны, — яна ўсміхнулася, пагладзіла яго па руцэ, што нервова застукала пальцамі па стале, — Я ж ніколі гэтага не зраблю... Адно, што caгpашу ў думках...
Вярнулася Жэнечка. Прынесла маленечкі графінчык каньяку, пляшку мінеральнай вады, па дзве талерачкі са свежымі гуркамі i сухою кілбасою, бутэрброды з чорнай ікрой.
—Булён, эскалоп ды каву пасля, — сказала яна, ставячы ім стравы на стол, — Смачна вам есці i піць!
—Дзякуем, — амаль у адзін голас адказалі яны.
—Ну, мілы, за твае слаўных трыцдаць годзікаў! — калі Жэнечка адышлася i Сяргей наліў у чаркі пітва, ціха сказала Рэгіна, пазіраючы то на рудую пахкую вільгаць у кілішку, то на пачырванелага ад хвалявання Сяргея.— Будзь i ў сорак, i ў пяцьдзесят гэтакі ж здаровы, шчаслівы, май вялікія ўдачы па рабоце i ніколі не забывай ды не пакідай аднаго знаёмага табе чалавехга...