— A хіба, мілы, нам цяпер блага? — як здзівілася яна, зірнула яму ў вочы, пацалавала ix у куточкі.— Ці мы абманваем каго, прыносім некаму пакуты? Не, не абманваем. Мы вольныя людзі... Але не гулякі-адзіночкі, не эгаісты ды пустазелле нейкае... У нас жа ёсць дзеці: у цябе сын, у мяне дачка. Мы любім ix i зробім усё, каб яны былі шчаслівыя.
—Але тваёй дачцэ я не бацька, а ты майму сыну не маці... Жывём паасобку, сваімі клопатамі. Толькі вось сустракаемся...
—Я разумею цябе, мілы...— сказала цяпер Рэгіна, пагладзіла яго па дужым плячы.— I я дзеля нашага будучага, дзеля цябе магу радзіць сына ці дачку...
—Але ўсё роўна не станеш маёй жонкай, не будзем жыць пад адной страхой? — самотна ўсміхнуўся ён.
—Так лепш, мілы, — адказала яна.— Станем мы жыць пад адной страхой, як ты кажаш, дык хутка надакучым адно аднаму, пачнём бачыць адно ў адным кепскае, спачатку моўчкі пакутаваць ад гэтага, а пасля i папікаць... А так мы кожны раз будзем сустракацца, як у першы раз, развітвацца — як назаўсёды... Ці як надоўга... А нашы дзеці, наша работа, нашы мары пра сустрэчу, пра нешта светлае ў нашым жыцці дадуць нам паўнату, радасць... Нашай платы нам хапае, мне гатуе, мые мама, ты схадзі ў кафэ, бялізну здавай мыць...
—Усё гэта так, — уздыхнуў ён.— Але нечага няма ў гэтым... Пакутліва, што жывеш, як дзік-бадзяга...
—Мяне чакай, жыві гэтай сустрэчай...
—A хіба я цябе не чакаю? Яшчэ як...
Яны з хвіліну памаўчалі.
—Ты пакрыўдзіўся, мілы? — спытала пасля Рэгіна.
—Не, — адказаў ён.— Але ўсё ж хто прыходзіў?
—Прынеслі сынаву тэлеграму з віншаваннем. Ляжыць ля тэлефона.
Сяргей з хвіліну зноў памаўчаў, ляжаў, гладзіў яе па шыі.
—Ідзі зірні, — ціха сказала яна, разумеючы, што ў яго цяпер на душы.
Сяргей як з падзякаю пацалаваў яе ў шчаку, устаў, накінуў на сябе кашулю i пайшоў у калідор. А яна, застаўшыся тут, чула, як ён крочыў, узяў тэлеграму i заціх. Пашкадавала, што, можа, недзе чытае i ў яго падрыгваюць рукі, а пасля падумала, што не лягчэй i ёй: i яна вось мусіла дзеля любімага чалавека ўцячы ад любімай дачкі. Яна засумавала па сваёй светлавалосай дачушцы-красуні, падумала, што вось гэтак, знябыўшыся, сумуе дома без Сяргея, імкнецца да яго...
1977
НАСТАЎНІКІ
Трыпціх
Светлай памяці настаўніка Камлюка М. К.
Логвін выйшаў з хаты i падаўся ў вёску.
Кастрычніцкае неба, нізкае, шэрае, сыпалася дробнаю імжою; вакол стаяла ранішняя мяккая, свежая ціш, толькі далека, за поштаю, глуха зарыпеў, як просячы спакою, стары калодзежны журавель, дзынкнула аб вочап вядро, i чуваць было, як лілася ў яго вада.
Пасля начнога дажджу стрэхі i сцены вішнёўскіх хат былі мокрыя, цёмныя, толькі дзе-нідзе, пад самымі карнізамі, святлеліся шэрыя сухія палосы. На вуліцы, што вяла ў суседнюю вёску, Міланькі, у шматлікіх выбоінах блішчэлі невялікія лужыны.
Логвін спакойна зірнуў на знаёмыя вішнёўскія хаты, на блізкі высокі, з жалезнай, пафарбаванай у сіні колер агароджай помнік, на недабудаваную двухпавярховую кантору i ўбачыў: за ноч ля яе пабольшала горка белай цэглы, прывезлі дошкі, аконныя рамы i дзверы. Цяпер i гэта ўсё мокрае, a ў карытцах, дзе рабочыя размешваюць пясок i цэмент, сабралася поўна шэрай вады.
Насустрач яму гнаў статак кароў ахінуты новым брызентавым плашчом Кастусь, тутэйшы пажылы пастух, крычаў на ўсю вуліцу: «Выганяй!» — ляскаў доўгаю пугаю i трубіў у бярозавы ражок. Логвін павітаўся з пастухом, з жанчынамі, якія выпускалі з двароў жывёлу, сышоў з гразкай вуліцы i пайшоў далей агародамі. Але i тудою ісці было не лепей, бо араная мяккая зямля размокла, была слізкая i вязкая.
Логвін павярнуў на вуліцу. Як пралазіў праз вядомую дзірку ў плоце, сутыкнуўся з гаспадыняй двара. Насця, невысокая худая кабеціна, ca здзіўленнем зірнула на яго, але змаўчала, адвярнулася: учора на бацькоўскім сходзе ў школе Логвін сароміў яе перад людзьмі, што яна не глядзіць за сваімі дзецьмі-вучнямі — яны слаба, на двойкі i тройкі, вучацца, часта ўцякаюць з урокаў i праседжваюць у «зялёнай школе», недагледжаныя. Насця спачатку сядзела i маўчала, нібы чапалі не яе. Пасля прыскочыла да стала, апраўдвалася, аж слязу пусціла, што ёй, удаве, цяжка, за работаю няма калі глядзець за малымі, яна не вінавата, што дзеці не горнуцца да кніжкі: няма каму ix прыструніць, памагчы ім. Гэта іншым кабетам, у каго ёсць гаспадары, хто не ходзіць на работу, а топчацца пры доме, хапае часу дзяцей глядзець. Калі ж тыя, «іншыя», накінуліся на яе, што яна напраўду мала зважае на вучобу дзяцей, дык Насця раззлавалася, закрычала з папрокам: «Калі школьнікі слаба вучацца, не слухаюцца, дык як тады вучаць настаўнікі, за што грошы палучаюць?»